Дарожныя знакі нашага жыцця

У мінулы раз мы размаўлялі пра наборы эмоцый, якія мае кожны чалавек: “пазітыўныя” эмоцыі нам прыемна адчуваць, “негатыўныя” цяжка перажываюцца, “нейтральнае” здзіўленне можа “пераскокваць” з адной групы да іншай у залежнасці ад сітуацыі.

Кожная эмоцыя мае сваё важнае і незаменнае значэнне для чалавека. Кожная эмоцыя – гэта сваеасаблівы знак, які рэгулюе наш рух на дарозе жыцця, дапамагае зрабіць гэтую дарогу зразумелай і бяспечнай, каб эфектыўна ўзаемадзейнічаць з астатнімі ўдзельнікамі “дарожнага руху”.

Ну што, рушым!

Радасць – цудоўная, прыгожая эмоцыя. Радасці мы жадаем у віншаваннях, радасці чакаем ад сустрэчаў, сяброў, святаў. Радасць можа пакідаць пасля сябе доўгі прысмак прыемных успамінаў. Калі звярнуцца да метафары дарожнага знаку, то радасць сігналізуе нам пра тое, што зараз мы ў добрым месцы, маем спрыяльныя ўмовы. Стан радасці натхняе на працу, праекты, творчасць, адпачынак, кантакты.

Цікавасць – эмоцыя энергічная. Цікавасць – рухавік, які штурхае да новага: падысці, паглядзець, дакрануцца, пакаштаваць, паспрабаваць. Гэтая эмоцыя становіцца пачаткам прафесійнага росту, авалодання новым інструментам, базай для вялікіх адкрыццяў, штуршком для новых знаёмстваў і трывалага сяброўства.

Здзіўленне прызначана прыцягнуць увагу да чагосьці новага ці нечаканага. Эмоцыя, якая дапамагае пазнаваць гэты свет ці засяродзіцца на важным, не прамінуць штосьці вартае ўвагі.

Страх – натуральная рэакцыя чалавека на небяспеку. Небяспеку рэальную ці ўяўную. Небяспеку фізічную, сацыяльную ці экзістэнцыяльную. А прасцей кажучы, мы баімся болю, хваробы ці смерці. Баімся быць нелюбімымі, адкінутымі, непрынятымі нашым атачэннем. Баімся знікнуць і не пакінуць следу пасля сябе, быць забытымі, пражыць жыццё і не знайсці свайго месца ў ім, не зразумець свайго паклікання. Адчуванне страху – знак небяспекі, знак, які пабуджае пазбягаць рэальнай ці ўяўнай пагрозы. Часам страх можа выратаваць ці палегчыць жыццё, а часам можа стаць непераадольнай перашкодай на нашым шляху.

Агіда – эмоцыя, якая першапачаткова абараняе нас ад сапсаванага і небяспечнага. Нам агідна, каб не з’есці і не атруціцца, каб не дакрануцца і не захварэць. Ад агіднага выгляду і паху хочацца зморшчыцца і адхінуцца, што часам можа выратаваць нам жыццё, а часам абараніць ад непрыемных кантактаў.

Гнеў – няпростая эмоцыя, сацыяльна непрымальная. За гнеў саромяць. Злавацца і злаваць страшна. Бескантрольная злосць можа нанесці сур’ёзную фізічную шкоду ці балючую псіхалагічную траўму. Але ж гэта эмоцыя мае даволі канкрэтную і важную функцыю. Гнеў ярка сігналізуе пра парушэнне нашых межаў. Гнеў сігналізуе, што хтосьці ці штосьці робіць наш рух некамфортным, нязручным ці немагчымым, што хтосьці заняў нашу дарогу. Гнеў – важны механізм адбудовы здаровых адносінаў, без маніпуляцый і падману, гнеў пабуджае да праяснення сітуацыі і мусіць весці да перамоваў. Карыстацца гэтай эмоцыяй няпроста і страшна, але калі навучыцца, гнеў можа стаць добрым памагатым, быць не разбуральнай, а творчай энергіяй.

Сорам – эмоцыя вельмі непрыемная, часта прыпыняе добрыя парывы, не дае рэалізоўваць свой патэнцыял, свае дары. Сорам – эмоцыя сацыяльная, гэта азначае, што саромімся мы іншых людзей і баімся рэакцыі іншых людзей на сябе. Але ж разам з тым менавіта гэтая эмоцыя дапамагае нам рэгуляваць адносіны з нашым атачэннем. Дзякуючы сораму мы можам адчуваць, што рабіць, каб быць прынятымі, каб мець магчымасць набліжацца да людзей і будаваць важныя адносіны.

Сум (ідзе гаворка пра “печаль”, “грусть” у перакладзе на рускую мову, а не пра “скуку”). Эмоцыя, якая падкрэслівае значнасць чалавека, па якім мы сумуем, важнасць падзеі, глабальнасць згубы. Калі мы адчуваем сум, мусім разумець: у нашым жыцці адбываецца штосьці вартае нашага часу і ўвагі.

Такім чынам, каб падвесці вынікі, праедзем па нашай дарозе, паглядзім яшчэ раз на знакі, якія сустракаюцца на шляху. Радасць паказвае на спрыяльныя умовы, цікавасць рухае да новага, здзіўленне і сум звяртаюць увагу на важнае. Страх і агіда абараняюць ад небяспечнага, гнеў прыпыняе парушэнне межаў, сорам рэгулюе адносіны.

Як бачым, няма ніводнай непатрэбнай, непрадуманай эмоцыі, кожная дапамагае рухацца наперад – да сваёй мэты.

У наступных нумарах запрашаю разгледзець разам са мной найбольш складаныя эмоцыі падрабязней і разабрацца з тымі пытаннямі, якія будуць узнікаць.

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку