Дапоўнена праграма візіту Папы ў краіны Балтыі

У сталіцы Літвы Папа памоліцца ля помніку ахвярам віленскага гета, у скверы на вуліцы Руднінку. Ён зробіць тут кароткі прыпынак перад наведваннем сталічнага Музея акупацыі і барацьбы за свабоду.

Малітва ля помніку ахвярам гета – якая адбудзецца вечарам 23 верасня – не была прадугледжана афіцыйнай праграмай падарожжа Папы ў краіны Балтыі, апублікаванай Залай Друку Апостальскай Сталіцы некалькі месяцаў таму.

У астатнім праграма візіту застаецца без зменаў. Папа Францішак прыбудзе ў Вільнюс 22 верасня ў першай палове дня. Пасля цырымоніі прывітання, ён адправіцца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком Літоўскай Рэспублікі, а затым звернецца да прадстаўнікоў органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

У другой паволе дня Папа наведае санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, пасля чаго сустрэнецца з літоўскай моладдзю на плошчы перад віленскім катэдральным касцёлам. Вечарам Пантыфік завітае таксама ў катэдру.

На наступны дзень, 23 верасня, Святы Айцец адправіцца ў Каўнас, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу і правядзе малітву “Анёл Панскі”. У мясцовым катэдральным касцёле Папа Францішак сустрэнецца з літоўскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі.

Вярнуўшыся ў Вільню Папа адведае Музей акупацыі і барацьбы за свабоду і памоліцца за ахвяр усіх войнаў. Перад гэтым ён ушануе памяць ахвяр гета перад адмысловым помнікам.

24 верасня Святы Айцец вылеціць у Латвію. Каля паловы дзявятай раніцы самалёт з Пантыфікам прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Рыгі.

Пасля цырымоніі прывітання Папа Францішак адправіцца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з латышскім лідарам і іншымі прадстаўнікамі палітычнай улады, з членамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса.

Затым запланавана цырымонія ўскладання вянкоў да Помніка Свабоды – манумента ў памяць аб загінулых змагарах за незалежнасць Латвіі.

Далейшая праграма прадугледжвае экуменічную сустрэчу Папы Францішка ў рыжскім Домскім кафедральным саборы, а пасля яе – візіт Святога Айца ў сабор св. Якуба.

Пасля абеду Папа Францішак на верталёце накіруецца ў санктуарый Маці Божай Аглонскай. Там ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой прамовіць казанне да вернікаў. Пасля св. Імшы Папа вернецца ў Рыгу, а адтуль на самалёце – у Вільню.

25 верасня каля 10.00 Папа Францішак прыбудзе ў Талін. Пасля традыцыйнага прывітання ён правядзе сустрэчу з Прэзідэнтам Эстоніі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса ў Прэзідэнцкім палацы.

Акрамя таго, праграма візіту Папы ў Эстонію прадугледжвае экуменічную сустрэчу з моладдзю ў лютэранскай царкве св. Карла, сустрэчу з супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у катэдральным касцёле святых Пятра і Паўла.

Затым Папа Францішак узначаліць св. Імшу на плошчы Свабоды Таліна, пасля якой развітаецца з эстонскімі вернікамі і накіруецца ў аэрапорт, адкуль каля сёмай гадзіны вечара вылеціць у Рым. У 21.20 самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце “Ciampino”.

Візіт у балтыйскія краіны стане для Папы Францішка ўжо 23-м падарожжам за межы Італіі.

Паводле Беларускай рэдакцыі Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі