Многія ведаюць, што Каталіцкі Касцёл актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю ў парафіях, а таксама з’яўляецца заснавальнікам дабрачынных арганізацый. Аднак дапамагаць людзям у патрэбе можна проста па ўласнай ініцыятыве. Сёння ў рубрыцы “Інтэрв’ю” госць “Каталіцкага Весніка” – Ірына Шворань, валанцёр дабрачыннага руху ў Наваполацку.
– Ірына, распавядзіце, калі ласка, пра сябе.
– Я сама з Глыбокага (Віцебская вобласць) і з’яўляюся каталічкай. Цяпер атрымліваю вышэйшую адукацыю ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Буду юрыстам.
– Як Вы вырашылі, што павінны займацца валанцёрствам?
– Я даўно адчувала, што хачу прысвяціць свой час тым, хто ў патрэбе. Аднойчы на аўтобусным прыпынку ўбачыла аб’яву: патрабуюцца добраахвотнікі для дапамогі хворым людзям. І тэлефон. Я патэлефанавала. Мне адказала жанчына-псіхолаг і прапанавала сустрэчу. Так і пачалася мая прыгода ў валанцёрскім руху.
– Што канкрэтна Вы робіце, каб дапамагчы людзям?
– У мяне ёсць два падапечныя, якіх я сістэматычна наведваю. Гэта самотная бабуля і хворы на анкалогію хлопчык. У бабулі неабходна прыбраць дома, схадзіць у краму па прадукты і проста пагаварыць, прысвяціць ёй свой час. Яна шчаслівая, што можа камусьці расказаць пра сваё жыццё, пабыць з кімсьці разам. А хлопчыку я стараюся быць сяброўкай. Мы разам глядзім мультфільмы, складаем пазлы і проста размаўляем.
– Колькі чалавек налічвае Ваш рух, і ці мае ён нейкую афіцыйную назву?
– Назвы ніякай няма. Мы проста дапамагаем людзям. Усяго нас 9 чалавек. У асноўным гэта студэнты. Але, на жаль, няма сярод нас хлопцаў. Адны дзяўчаты. Аднойчы мы неяк прапаноўвалі нашым сябрам паўдзельнічаць, тым больш што бываюць у нас сумесныя акцыі, аднак марна. Адзін хлопец сказаў, што пакуль не гатовы, маўляў, людская бяда будзе для яго нечым кшталту стрэсу. І адмовіўся.
– А што гэта за сумесныя акцыі, якія Вы праводзіце?
– Мы збіраем грошы, купляем падарункі дзецям і едзем у інтэрнат у Ветрына, што ў Полацкім раёне. Там праводзім адмысловае забаўляльнае мерапрыемства з гульнямі і песнямі. Дзеці вельмі шчаслівыя. Але найбольшае шчасце, пэўна, у нас, калі яны абдымаюць, запрашаюць прыйсці яшчэ. Дзіцячая ўсмешка, іх шчырасць і нявінныя вочы – гэта самая вялікая падзяка, якую мы толькі можам атрымаць.
– А што самае цяжкае ў валанцёрскім руху?
– Для мяне асабіста вельмі складана эмацыянальна перажываць сустрэчу з дзеткамі. Ці гэта акцыя ў інтэрнаце, ці адрасная дапамога. Я шчыра прызнаюся: бывае, не магу стрымаць слёз. “А калі ты яшчэ да мяне прыйдзеш?” – пытаецца дзяўчынка ў інтэрнаце. “А ў мяне праз тыдзень дзень нараджэння, ты прыйдзеш да мяне?” – пытаецца хлопчык. Гэта так шчымліва. І я разумею, што абмежаваная ў сваіх магчымасцях. Вучоба, не хапае часу. І гэта складана.
Мой удзел у валанцёрскім руху проста не разумелі. Задавалі пытанні: “А навошта гэта табе? А што ты за гэта атрымаеш?”
– Ірына, Вы ходзіце ў касцёл з дзяцінства. Вашыя бацькі таксама вернікі. Як Вы думаеце, наколькі рэлігія спрыяе таму, каб чалавек станавіўся больш чалавечным і дапамагаў сваім бліжнім?
– Ідэалы хрысціянства, несумненна, гавораць нам пра любоў да Бога і да іншага чалавека. Аднак я лічу, што дапамога адно аднаму – гэта заданне кожнага. Тут не мае значэння, вернік ты ці не. Салідарнасць і ўзаемадапамога – гэта агульначалавечыя каштоўнасці.
– Што б Вы хацелі пажадаць сваім аднагодкам сёння?
– Мне хочацца, каб людзі пачалі заўважаць сябе. Каб сталі больш добрымі і вучыліся рабіць дабро бескарысна. Быў выпадак, калі мой удзел у валанцёрскім руху проста не разумелі. Задавалі пытанні: “А навошта гэта табе? А што ты за гэта атрымаеш? Табе ж за гэта нічога не заплоцяць”. Хацелася б, каб людзі зразумелі, што не ўсё вымяраецца грашыма. Ёсць бясцэнныя рэчы ў свеце, такія, як любоў, сяброўства і бескарысная дапамога.
***
Калі мы развітваліся з Ірынай пасля інтэрв’ю, на вуліцы дзьмуў пранізлівы марозны вецер. Мне падумалася, што сучаснаму свету пагражае зіма і халадэча, калі ён не ўспомніць пра запавет любові. І дзякуй Богу, што сярод нас ёсць гарачыя, добрыя сэрцы, якія ўмеюць любіць і растопліваюць лёд, праганяючы сцюжу і абыякаваць з жыцця людзей.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота
