«Дапамажы Богу адчыніць дзверы свайго сэрца»: парафіяльнае свята Божай Міласэрнасці адзначылі ў Пагошчы (+відэа)

У другую Велікодную нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначае Свята Божай Міласэрнасці, якое ў 2000 годзе ўстанавіў св. Папа Ян Павел II. Адзін з касцёлаў у Віцебскай дыяцэзіі, які носіць такі тытул, ёсць у аг. Пагошча, што ў 15 км ад Браслава. 23 красавіка мясцовыя вернікі адзначылі парафіяльнае свята. На ўрачыстую святую Імшу прыехаў кс. Вячаслаў Пялінак з Ідолты, які цэлебраваў Эўхарыстыю і прамовіў гамілію.

Парафія Божай Міласэрнасці ў Пагошчы маладая, ўзнікла толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, а сам храм паўстаў напачатку гэтага стагоддзя. І каб іншыя людзі, якія праязджаюць міма, ведалі, што гэта за святыня, перад касцёлам быў усталяваны вялікі камень з шыльдай. Як адзначыў пробашч парафіі кс. Славамір Самковіч: “Гэта ідэя была саміх парафіянаў. Шмат хто праязджае па гэтай дарозе, але не ўсе ведаюць што гэта за храм. Таму з’явілася такая думка, каб увекавечыць назву і дату, калі касцёл быў кансэкраваны”.

Нягледзячы на тое, што на нядзелю быў прызначаны мясцовы “суботнік”, парафіяне сабраліся ў святыні, каб узносіць свае малітвы  і праслаўляць Божую Міласэрнасць.

У сваім слове да вернікаў кс. Вячаслаў звярнуў увагу на замкнёнасць дзвярэй нашых сэрцаў і замкнутасць сучаснага чалавека: “Мы становімся вельмі эгаістычнымі і замкнутымі. Старэйшыя людзі адразу знаёміліся, калі сядалі разам на лаўцы, сярэдняе пакаленне можа і суткі праехаць у цягніку нават не загаварыўшы, а моладзь ўвогуле закрывае вушы, каб і не чуць, што да іх звяртаюцца і “жыве” ў тэлефонах. Гэта наша замкнёнасць, мы зачыненыя ў сабе, зачыненыя на свет, на іншага чалавека. Гэта ёсць грэх эгаізму. Няма ў нас сілы на адкрытасць, усмешку, слова, добры жэст. Таму зачыненыя дзверы нашых сэрцаў трэба памагчы Богу адчыніць. Бог міласэрны і Ён увойдзе. Але, чым хутчэй ты адкрыеш і ўпусціш туды гэтага свежага паветра, тым хутчэй знікне страх з твайго сэрца”.

“А калі сёння, адчуўшы што Бог міласэрны, ты зможаш адчыніць хоць маленькі засоў на сваіх дзвярах, значыць ты зразумеў сённяшняе Евангелле і адкрытае Сэрца Збаўцы”, — падсумаваў святар.

“Божая Міласэрнасць – яна бязмежная. Гэта даведалася на сваім прыкладзе: дачка мая выйшла замуж і доўга не было дзяцей, — падзялілася ўласным досведам парафіянка Галіна Пуйша. — Мы сталі больш і мацней маліцца – і цяпер ёсць ўнучка. Вялікая Божая Міласэрнасць! У яе трэба верыць і спадзявацца”.

У гэты дзень надвор’е было вельмі зменлівым: то сонейка выглядала з-за хмар, то неба “чарнела” і ішоў снег. Калі ж распачалася св. Імша, а 14 гадзіне, а пасля якой адбылася працэсія з Езусам Эўхарыстычным вакол святыні, нябёсы праяснелі і лагоднае сонейка лашчыла твары вернікаў. Бог міласэрны і праяўляе Сваю Міласэрнасць нават у самых простых знаках.

Закончылася парафіяльная ўрачыстасць гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем” і  бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Кс. Славамір падзяліўся з “Каталіцкім Веснікам” планамі на будучыню па добраўпарадкаванню тэрыторыі і рамонце святыні, але, як адзначыў святар, “матэрыяльнае – не самае галоўнае, першапачаткова трэба сабраць людзей у адну парафіяльную сям’ю з традыцыямі – гэта важна”.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку