- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Дамініканін з Польшчы ідзе пешшу ў Святую Зямлю

[1]Айцец Адам Шустак ОР — вядомы польскі дамініканін, які вядзе свой блог Langusta na Palmie на канале Youtube [2] са штодзённымі разважаннямі да Божага слова. Як кажа святар сам пра сябе [3]: “Тры гады з’яўляюся пілігрымуючым казнадзеем. У практыцы азначае, што хоць і належу да кляштару дамініканаў у Лодзі, але маім домам з’яўляецца кожнае месца, дзе знаходжуся, а гэта ў сярэднім кожныя тры дні іншы, чарговы і часта новы кавалачак свету. Дэвізам майго жыцця з’яўляецца дамініканскае выказванне – Абвяшчаць Евангелле ўсім, усюды і рознымі спосабамі”.

У канцы красавіка 2019 года, пасля Вялікадня, а. Адам Шустак ОР вырушыў у пешую пілігрымку ў Святую Зямлю. “Тры з паловай месяцы маю, каб дайсці да Ерузалема”, — казаў святар. Шматлікія яго слухачы пісалі і пыталіся, якой дарогай пойдзе, каб далучыцца, прайсці хоць нейкую частку шляху разам. Але дамініканін патлумачыў, што “гэта мая пакута, якую павінен выканаць. Я знікаю. Проста. Не будзе ніякіх відэа ў гэты час. Толькі я і Пан Бог”. Святар пастанавіў, “што пойдзе з Кракава ад гробу св. Яцэка, першага дамініканіна, да Гробу Пана Езуса”, але дакладна не паведаміў калі выходзіць і якой дарогай пойдзе. “Каб, барані Божа, ніхто да мяне не далучыўся. Зразумейце гэта з павагай”, — звярнуўся а. Адам.

18 чэрвеня на старонцы Langusta na Palmie [4]ў Фэйсбуку з’явіўся адзіны запіс ад а. Адама: “Нейкім цудам дайшоў да Рыма. На поўнай петардзе заляцеў у Ватыкан і кажу ім там, што павінен убачыць Францішка. Сустрэўся за некалькі хвілін перад сняданнем, кардынал Конрад мяне падтрымаў і кажа Францішку, што тут ёсць звар’яцелы дамініканін, які павінен яго ўбачыць. Папа ўсміхнуўся і сказаў (сапраўдная гісторыя, не прыдумаў): калі звар’яцелы, то напэўна з Польшчы!” Святы Айцец блаславіў пілігрыма і пакорна папрасіў занесці грахі Папы Рымскага да Божага Гробу. “Не маю выйсця, трэба крочыць далей. Заплакаў як дзіця. Палова за мной, палова перада мной”, — напісаў а. Адам і развітаўся да сустрэчы ў жніўні.

Падрыхтавала Марына Сінкевіч