Дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы” запрашае на свой дзень нараджэння ў Паставы

Дарагія сябры! У 2019 годзе “Адкрытым сэрцам” споўнілася 10 гадоў. Фонд быў зарэгістраваны рашэннем Магілёўскага аблвыканкама 4 жніўня 2009 года, але з самага пачатку наша работа актыўна праводзілася на Віцебшчыне, дзе ў нас шмат дабравольцаў.

Таму ў гэтым годзе мы вырашылі запрасіць усіх нашых супрацоўнікаў і валанцёраў на святкаванне Дня нараджэння фонду на Віцебшчыну, у Паставы, дзе 30 лістапада і 1 снежня будзе арганізавана ўнікальнае свята для абаронцаў жыцця. Прыехаць можна ўсёй сям’ёй. Для дзяцей рознага ўзросту будзе арганізавана асобная праграма – няня для самых маленькіх (1-4 гады) і аніматары для старэйшых дзяцей. Для гасцей здалёк  будзе арганізаваны трансфер з Мінска і назад на мікрааўтобусах. Можна прыехаць на адзін дзень ці застацца начаваць з суботы на нядзелю на базе аграсядзібы пад Паставамі.

Праграма:

30 лістапада, субота:

12.00 – ружанец у абарону жыцця і сям’і (парафія св. Антонія);
12.30 – св. Імша ў інтэнцыі сем’яў нашых супрацоўнікаў, валанцёраў і дабрадзеяў;
14.00 – абед;
15.00 – інтэграцыйная праграма, сведчанні (дзеці – асобная праграма);
16.30 – пераезд у 5-ы гарадок (за 3 км ад парафіі);
17.00 – падрыхтоўка і ўрачысты баль, фуршэт у ДК 5-га гарадка (дзеці – асобная праграма);

Тых, хто не ўмее танцаваць і прыедзе без мужа ці жонкі, таксама запрашаем на баль, бо ў паланэзе можна ўдзельнічаць абсалютна ўсім. 

Праграма балю:

16.30 – заезд;
17.00 – урачыстае адкрыццё і першае аддзяленне;
18.40 – фуршэт;
19.30 – другое аддзяленне;
21.00 – завяршэнне балю; ад’езд да месца начлегу ў аграсядзібе, вячэрняя малітва і размова.

У праграме танцы (вальсы, контрдансы і полькі), гульні і песні. Праграма абяцае быць цікавай як для навічкоў, так і для пар з вопытам.

Баль «Азірніся ў мінулае», Глыбокае, 2018 год

Дрэс-код: кавалеры – касцюм, белая кашуля, гальштук-бабачка; дамы – доўгая вячэрняя сукенка (пастэльныя адценні), абутак без абцасаў.

1 снежня, нядзеля:

8.00 – сняданак;
9.00 – інтэграцыйная праграма, размова. Дзеці – асобная праграма (у залежнасці ад надвор’я);
11.00 – сумесная малітва;
12.00 – св. Імша (на месцы або ў парафіі);
14.00 – абед пры парафіі і ад’езд.

Рэкамендуецца ахвяра ад удзельніка – 20 руб. Для тых, хто будзе ўдзельнічаць у балі + 10 руб. з чалавека. Мы не абмяжоўваем вашу шчодрасць, але традыцыйна не ставім грошы перашкодай для ўнікальнай магчымасці сабрацца разам і паразмаўляць.

Запіс да 18 лістапада. Пытанні і запіс па тэлефоне або вайберы +37529 899-74-98, або на пошту prolife.belarus@gmail.com

для друку для друку