Дабрачынную акцыю «Калядны падарунак» правёў «Карытас» у Гродне

Традыцыйна перад Божым Нараджэннем супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі праводзяць калядныя акцыі, накіраваныя на збор дабрачынных ахвяр для хворых і для дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі.

16 валанцёраў і супрацоўнікаў “Карытас” прынялі ўдзел у акцыі “Калядны падарунак”, якая адбылася 15-16 снежня ў гіпермаркеце “АЛМІ” па пр. Касманаўтаў у Гродне.

Валанцёры тлумачылі пакупнікам магазіна, які ўклад, па жаданні, можна ўнесці для падтрымкі дзяцей і самотных людзей.

Удзельнікам акцыі прыемна было ўсведамляць, што шмат добрых сэрцаў адклікалася на іх зварот аб дапамозе. Сямейныя пары, дзеці, людзі сталага ўзросту, юнакі і дзяўчаты клалі ў кошык прадукты харчавання, слодычы, напоі, навагоднія падарункі, цацкі. Адна жанчына, якая пажадала застацца невядомай, прынесла сумку дзіцячых заплечнікаў. Іншыя людзі кідалі ў скарбонку грошы.

Стомленыя, але вельмі задаволеныя сваёй працай, валанцёры выказвалі свае думкі наконт акцыі: “Ёсць у нас добрыя і неабыякавыя людзі, якія гатовыя падзяліцца часцінкай свайго цяпла!”

Падчас акцыі падыходзілі людзі, якія вельмі сціпла прасілі аб дапамозе сабе, сваім дзецям. Так прадстаўнікі дабрачыннага таварыства даведаліся пра дзіцячы садок для дзяцей з аўтызмам і збіраюцца адправіцца з падарункамі туды, дзе іх ужо чакаюць.

Супрацоўнікі і валанцёры “Карытас” удзячныя кіраўніцтву гіпермаркета “АЛМІ” за прадстаўленую магчымасць правядзення акцыі і ўсім жыхарам Гродна, якія прынялі ў ёй удзел.

Наталля Вішнеўская, grodnensis.by

для друку для друку