Да прыезду ў Беларусь Марадона сустракаўся з Папам і ўдзельнічаў у дабрачыннасці

«Я капітан каманды Францішка», — жартаваў Дыега.

Акрамя «цёмнага» боку жыцця знакамітага футбаліста Дыега Арманда Марадоны, які падпісаў кантракт на 3 гады з ФК «Дынама-Брэст» і стаў старшынём беларускага клуба, пра легенду сусветнага футбола вядома і шмат добрага. У апошнія гады ён удзельнічаў у дабрачынных праектах і некалькі разоў сустракаўся з Папам Рымскім Францішкам. Упершыню — у 2014 годзе.

Да сустрэчы з Францішкам футбаліст крытыкаваў Каталіцкі Касцёл, патрабуючы яго рэформаў, абвінавачваў у падмане. А пасля гутаркі з Францішкам Марадона прызнаўся, што Святы Айцец дапамог змяніць яго погляд на Касцёл. На наступных сустрэчах Дыега і Папа зусiм па-сяброўску абдымаліся.

Марадона удзельнічае ў праекце міжрэлігійных футбольных «Матчаў за мір», якія праходзяць у Рыме па ініцыятыве Папы Францішка і сусветных зорак футбола. Падчас першай сустрэчы ў 2014 годзе, напярэдадні матчу, Дыега ўручыў Францішку футболку зборнай Аргенціны з 10-м нумарам і імем «Францыска».

А пасля матча яны сустрэліся паўторна. Марадона размаўляў з Пантыфікам каля 15 хвілін, потым прадставіў Папу людзей, што яго суправаджалі. Святы Айцец пакінуў аўтографы на спартыўных майках гасцей і падараваў кожнаму з іх па Ружанцу.

Легендарны спартовец пачаў прымаць актыўны ўдзел у ініцыятывах і праектах міжнароднай адукацыйнай сеткі «Scholas Occurentes», заснаванай Хорхе Марыё Берголіа (цяперашняга Папы) яшчэ падчас яго служэння ў Буэнас-Айрэсе.

— Я вельмі ўдзячны Пантыфіку за любоў, павагу і клопат пра дзяцей. Мы казалі пра шматлікія рэчы, аб неабходнасці аб’яднання футбалістаў для сумеснай дзейнасці на карысць дзяцей, якія галадаюць у многіх частках свету, — сказаў спартовец пасля чарговай аўдыенцыі і дадаў, што з’яўляецца паплечнікам Святога Айца ў гэтай справе. — Я капітан каманды Францішка.

katolik.life

 

для друку для друку