Да якой канфесіі належаць дзеці са змешаных сужэнстваў?

«Хвала Хрысту! Патлумачце, калі ласка, калі чалавек быў хрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, яго бацька таксама праваслаўны, але маці – рыма-каталічка, згодна з каталіцкім вучэннем да якой канфесіі ён належыць? І ці праўда, што праваслаўны бацька можа вызначаць прыналежнасць сына да Грэка-каталіцкай Царквы?»

Зміцер

На пытанне адказвае кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

– Паважаны Зміцер! Для таго, каб адказаць на першае пытанне дакладна, неабходна ведаць узрост, у якім чалавек быў ахрышчаны: ці перад дасягненнем 14-гадовага ўзросту, ці пасля. Але разгледзем абедзве сітуацыі.

  1. Чалавек быў ахрышчаны перад дасягненнем 14-гадовага ўзросту. У гэтай сітуацыі трэба звярнуцца да кан. 111, § 2 Кодэкса кананічнага права, які гаворыць, што ў сітуацыі, калі толькі адзін з бацькоў дзіцяці з’яўляецца католікам, то дзіця належыць да таго Касцёла, да якога належыць каталіцкі бок. У апісанай Вамі сітуацыі адзін з бацькоў (маці) з’яўляецца католікам лацінскага абраду, а бацька праваслаўны. У такой сітуацыі дзіця будзе з’яўляцца таксама католікам лацінскага абраду.

Варта таксама адзначыць, што пры ўдзяленні сакраманту хросту прыналежнасць дзіцяці да таго ці іншага Касцёла вызначае не распарадчык (у Вашай сітуацыі гэта быў праваслаўны святар), а канфесійная і абрадавая прыналежнасць бацькоў.

Падобная норма знаходзіцца таксама ў Кодэксе канонаў Усходніх Касцёлаў, якім кіруецца Грэка-каталіцкі Касцёл. Канон 29, § 1 гаворыць, што дзіця належыць да Касцёла таго абраду, да якога належыць яго бацька католік. У выпадку, калі толькі маці з’яўляецца каталічкай або калі бацькі згодна пра гэта просяць, то дзіця належыць да Касцёла таго абраду, да якога належыць маці дзіцяці. Мы бачым, што таксама згодна з Кодэксам канонаў Усходніх Касцёлаў чалавек таксама належыць да Касцёла лацінскага абраду.

  1. Чалавек быў ахрышчаны пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту. У гэтай сітуацыі канфесійная і абрадавая прыналежнасць бацькоў не мае значэння. Згодна з кан. 111, § 3 ККП і кан. 30 ККУК чалавек належыць да таго Касцёла, у якім ён сам выбраў сабе хрост.

Адказваючы на другое пытанне, трэба зазначыць, што праваслаўны бацька можа вызначаць прыналежнасць сына да Грэка-каталіцкай Царквы толькі ў адным выпадку – калі бацька перад дасягненнем сынам 14-гадовага ўзросту перайшоў у поўную лучнасць з Каталіцкім Касцёлам (гаворачы простай мовай – стаў католікам). Але і ў такой сітуацыі паводле кан. 112,  § 1, 3 пасля дасягнення сынам 14-гадовага ўзросту сын можа вярнуцца ў Касцёл лацінскага абраду.

для друку для друку