Cвяткаванне нядзелі: заўвагі ад святара

Адным з пытанняў, якое найбольш турбуе пробашча браслаўскай парафіі ў душпастырскай працы з’яўляецца святкаванне вернікамі нядзелі. Дакладней неналежнае святкаванне, асабліва калі даводзіцца бачыць у гэты дзень сваіх парафіянаў за працай у агародзе ці разумець, што далёка не ўсе прыходзяць на нядзельную св. Імшу і належна ў ёй удзельнічаюць. Таму ксёндз Станіслаў Мжыглуд яшчэ раз вырашыў звярнуцца да вернікаў і нагадаць пра абавязак святкавання нядзелі.

− Ксёндз Станіслаў, у чым прычына вашага неспакою? Што парафіяне робяць не так?

− Мяне хвалюе, што не ўсе вернікі ўдзельнічаюць у нядзельнай святой Імшы. Гэта першае і вельмі важнае. Таму што кожны католік павінен разумець, што нядзельная святая Імша ці Літургія ва ўрачыстасць – гата найважнейшае, што мы павінны рабіць на хвалу Пана Бога. І гэта паказальнік таго, жывём мы верай ці не. Нядзельная Эўхарыстыя – цэнтр нашага хрысціянскага жыцця. Але, напэўна, не ўсе гэта разумеюць, таму кажуць, што няма часу ці што ёсць іншыя важныя справы. Але няма нічога больш важнага, чым Эўхарыстыя ў нядзелю.

− А што азначае само паняцце «святкаванне» нядзелі?

− Першае, што мы павінны зрабіць у нядзелю – сустрэцца з Богам. Так было ад пачатку хрысціянства. Па-другое, важна ў нядзелю прысвяціць час адпачынку. Гэта значыць, не займацца справамі, якімі заняты ўвесь наш тыдзень.

Адпачынак – гэта таксама наш абавязак. Тут узнікае шмат пытанняў: ці можна лічыць адпачынкам збор грыбоў, рыбалку, вязанне ці працу ў палісадніку. Для таго, каб вызначыць, з’яўляецца грахом той ці іншы занятак у нядзелю, варта адказаць сабе на пытанні: ці гэтую працу я не магу зрабіць у іншы дзень? Ці для мяне гэта сапраўды адпачынак? Ці такім чынам я не станаўлюся дрэнным прыкладам для іншых? Ну і памятаць не толькі пра свой адпачынак, але і іншых: калі я назбіраю шмат грыбоў, то хто потым іх павінен чысціць у нядзелю? Калі іду на рыбалку, то ці застаецца потым час на малітву, на сваіх дзяцей і жонку? Але можна пасля Імшы разам з дзецьмі схадзіць і ў лес, і на рыбалку. Асноўны прынцып – мець час у нядзелю на Бога, сям’ю і адпачынак.

Калі ў вас узнікаюць сумненні па пытанню святкавання нядзелі ці любых іншых, то заўсёды можаце звярнуцца да мяне ці іншых святароў.

− Якім заняткам, на вашу думку, варта прысвяціць нядзелю?

− Акрамя ўдзелу ў св. Імшы і адпачынку, канешне, варта прысвяціць час іншаму чалавеку, асабліва сваім дзецям ці бацькам, родным, сябрам. Калі ў іншы дзень бацькам не ўдаецца шмат быць з дзецьмі, то неабходна ў нядзелю больш быць разам: ці то за простай размовай, ці на супольным адпачынку. Можна чытаць духоўную літаратуру, адведваць родных, можна катацца на ровары ці глядзець фільм – калі гэта для вас адпачынак.

− А як быць з абавязковай працай у нядзелю?

− Ёсць касцёльная запаведзь, якая кажа пра абавязак кожнага католіка ўдзельнічаць у святой Імшы ў нядзелю. Выключэннем акурат з’яўляюцца выпадкі абавязковай працы: урачы, пажарныя, міліцыя. Гэта твой абавязак, так служыш другому чалавеку. У такім выпадку можна наведаць Імшу ў суботу вечарам (тое ж самае датычыць выпадкаў, калі ў нядзелю кудысьці ад’язджаем, напрыклад). Але такое дэжурства выпадае не на кожную нядзелю, і такіх прафесій сапраўды нешмат. Разам з тым праца ў краме ў нядзелю не азначае, што можна не быць на Імшы. Гэтае пытанне закранае ўжо і працадаўцаў: каб кожнаму чалавеку давалі належныя дні адпачынку, для хрысціянаў асаблівы дзень – нядзеля. Практыкаваць сваю веру – гэта права кожнага чалавека.

− А як быць школьнікам, студэнтам з падрыхтоўкай да заняткаў у нядзелю?

− Усё залежыць ад падыходу чалавека да сваёй веры, да Бога. Калі ведаем загаддзя, што павінны нешта зрабіць на панядзелак, то можна падрыхтавацца да гэтага загаддзя, не ў нядзелю. Каб у святы дзень адпачыць. Варта вучыцца так планіраваць свае дні, каб у нядзелю памінімум выконваць нейкія працы.

Зразумела, што пэўныя працы прыйдзецца выконваць у нядзелю: гатаваць ежу, даглядаць дзяцей, але прыбіраць дом у нядзелю не трэба. Справа ў тым, каб мы вучыліся планіраваць свае заняткі на будні, а ў нядзелю ўмелі адпачываць па-хрысціянску.

Размаўляла Святлана Жылевіч, waladarka.by

для друку для друку