Cтала даступна віртуальнае наведванне роднага дома св. Яна Паўла II у Вадавіцах

З 8 мая 2020 года з’явілася магчымасць здзейсніць віртуальнае наведванне роднага дома святога Яна Паўла II у Вадавіцах.

Экспазіцыя дома знаходзіцца ў польскім горадзе Вадавіцы, дзе 18 мая 1920 года нарадзіўся Караль Вайтыла.

— Музей, у сувязі з надыходзячым 100-годдзем з дня нараджэння св. Ян Павел II зрабіў усю выставу даступнай у Інтэрнэце. Шмат людзей планавалі наведаць Вадавіцы. Таму мы б хацелі даць магчымасць, хоць бы віртуальна, наведаць гэта адмысловае для ўсіх палякаў месца, — адзначыла Магдалена Маслёна, спецыяліст музея ў Вадавіцах.

Магдалена Маслёна распавядае, што музейная экспазіцыя — гэта сучасная мультымедыйная выстава, якая дазваляе наведвальнікам здзейсніць падарожжа па жыцці чалавека, які змяніў аблічча сучаснага свету.

— Сэрцам музея з’яўляецца кватэра, у якой жыла сям’я Вайтылаў з 1919 па 1938 гг. Там можна ўбачыць, у прыватнасці, дэкаратыўныя сурвэткі, вышытыя Эміліяй Вайтыла, яе срэбную торбачку і залаты медальён, арыгінальны посуд і фотаздымкі з сямейнага альбома.

Праходзячы па 16 залах музея, наведвальнікі знаёмяцца з Вадавіцамі ў міжваенную пару, з лёсам мясцовых яўрэяў, з Кальварыяй Зэбжыдоўскай і вялікай любоўю Яна Паўла ІІ да гор.

— Разам з Каралем Вайтыла мы перажываем смерць маці і ад’езд брата, а таксама паездку ў Кракаў на вучобу, вайну, цяжкую фізічную працу і адказ на заклік да святарства. Мы сустракаем Караля Вайтылу — святара, потым біскупа і кардынала, каб, нарэшце, прыняць удзел у падзеях 16 кастрычніка 1978 г.

У музейнай зале, якая прысвечана замаху на жыццё Яна Паўла II 13 мая 1981 года, можна ўбачыць адзін з самых важных экспанатаў — арыгінальны пісталет Браўнінг, з якога Алі Агджа страляў у Папу на плошчы Святога Пятра, — дадае спадарыня Магдалена.

Прадстаўнік музея адзначае, што праз памятныя ўспаміны і ўспаміны пра пілігрымкі на Радзіму наведвальнікі ўваходзяць у пасланне вучэння св. Яна Паўла, сімвалам якога сталі словы «Не бойцеся! Адчыніце насцеж дзверы Хрысту!».

Экскурсія заканчваецца своеасаблівым тэстамэнтам Яна Паўла II, мэтай якога з’яўляецца нагадаць наведвальнікам, што хоць Папа фізічна адышоў, але яго вучэнне ўсё яшчэ жывое.

Музей у родным доме Яна Паўла II быў створаны ў 1984 годзе. У 2010 годзе пачалася яго рэканструкцыя. Зноў быў адкрыты вясной 2014 года. Штогод яго наведваюць 250 тыс. чалавек з усяго свету.

Анлайн экскурсія па родным доме св. Яна Паўла II тут>>

misyjne.pl
пераклад Catholicnews.by

для друку для друку