Цэнтр “Светач” у Бягомлі адзначыў другую гадавіну сваёй працы

“Светач” быў створаны ў 2016 годзе як Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў.

Гэта першы Цэнтр у краіне, які створаны пры непасрэднай падтрымцы Рыма-Каталіцкага Касцёла, працуе ён пры парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі.

Урачыстасці з гэтай нагоды адбыліся ў суботу 7 ліпеня. У іх прынялі удзел кіраўнікі і супрацоўнікі Цэнтра, рэабілітанты, што зараз тут знаходзяцца, а таксама тыя, хто раней прайшоў праз гэты Цэнтр. Яны прыехалі ў Бягомль на гэту сустрэчу як родныя людзі.

Распачаліся яны Імшой у капліцы Хрыста Валадара Сусвету. Богаслужэнне па просьбе пробашча парафіі айца Тадэвуша Кавальскага ўзначаліў ксёндз Мікалай Ціхановіч, дэкан Глыбоцкі, які быў запрошаны на святкаванне ў якасці ганаровага госця.

 

У сваім вітальным слове святар заклікаў упусціць у свае сэрцы Бога, прыняць Яго, як гэта ў свой час зрабіла Марыя. І тады з малых спраў зробяцца вялікія рэчы.

Гэту тэму святар прадоўжыў і ў сваім казанні, якое было прысвечанае Божаму Слову, што чыталася на Імшы, пра старое і новае ў жыцці.

Нам трэба мяняць свой светапогляд, — адзначыў ксёндз Мікалай, нельга ўвесь час жыць толькі старым, трэба прыняць тое новае, што дае нам жыццё. Асабліва гэта тычыцца людзей залежных, якія павінны змяніць свае адносіны да старога і адкрываць сябе на тое новае, што дае ім жыццё без алкаголю або наркотыкаў.

Наша цела – гэта храм Духа Святога, таму ўпускаючы Бога ў сваю душу, мы тым самым дазваляем Яму мяняць нас да лепшага. І важна зразумець, што гэту працу мы павінны зрабіць самі, зрабіць яе разам з Хрыстом, іншыя людзі гэту працу за нас не зробяць, яны могуць толькі дапамагчы нам на гэтым нялёгкім, але важным шляху.

Гэту ж тэму святар развіў і на духоўнай канферэнцыі, якая адбылася ў Цэнтры адразу пасля Імшы. А распачалася канферэнцыя выкананнем гімну Цэнтра ў выкананні яго кіраўніка Уладзіміра Шчэпіна.

Спадар Уладзімір знайшоў некалькі цёплых словаў для кожнага ўдзельніка сустрэчы. Ён адзначыў, што за два гады праз Цэнтр прайшло больш за 35 чалавек, і амаль палова з іх працягвае весці цвярозы лад жыцця. Гэта вельмі добры паказчык.

Пасля духоўнай канферэнцыі адбыліся заняткі з псіхолагамі, а пасля ўсіх чакалі шашлыкі на свежым паветры, якія, аказваецца, можна спажываць і без моцных напояў.

Як кажуць кіраўнікі і арганізатары гэтага Цэнтра Таццяна і Уладзімір Шчэпіны, кожны, хто звяртаецца па іх за дапамогай, яе атрымлівае. Яны не дзеляць людзей па ўзросце, полу, веравызнанню і нацыянальнасці. “Мы самі ў свой час прайшлі праз гэту праблему, ведаем яе знутры, таму хочацца падзяліцца сваім вопытам з іншымі людзьмі, — адзначае Уладзімір Шчэпін, — бо дапамагаючы іншым, мы таксама ўмацоўваемся ў сваім жаданні і надалей жыць цвяроза”.

Выхад з тупіка заўсёды ёсць, тут усё залежыць ад жадання чалавека. Застаецца толькі парадавацца за людзей, якія яго знайшлі, і пажадаць Цэнтру поспехаў у яго такой патрэбнай працы.

Зміцер Лупач, тэкст

Леанід Юрык, фота

для друку для друку