Цікавы летні адпачынак для парафіяльных душпастырскіх груп арганізавалі ў Шчучыне

На мінулым тыдні для асобных парафіяльных душпастырскіх груп са Шчучына былі арганізаваны першыя турыстычныя паездкі і летні адпачынак.

Літургічная служба алтара на працягу двух дзён мела магчымасць адпачыць на беразе ракі. Нават кароткачасовы дождж не змог адмяніць, і тым больш напалохаць, хлопцаў ад запланаваных святаў, гульняў і цікавых заданняў. Падсумаваннем інтэграцыйнага спаткання для міністраў сталі размовы пры вогнішчы.

У сваю чаргу парафіяльны моладзевы хор «Calasanz» меў магчымасць наведаць шмат цікавых месцаў па маршруце Ліда-Навагрудак. Удзельнікі экскурсіі змаглі пабываць на шклозаводзе «Нёман» у горадзе Бярозаўка, дзе ўдзельнікі маглі ўбачыць як вырабляюцца розныя цікавыя прадметы са шкла; успомніць гісторыю Адама Міцкевіча і наведаць дом-музей, у якім знакаміты польскі паэт правёў сваё дзяцінства; пачуць аповед пра мучаніцтва сясцёр-назарэтанак з Навагрудка і патрапіць на тое месца, дзе яны былі жорстка забітыя; убачыць найстарэйшую святыню ў вёсцы Уселюб, а таксама разваліны палаца Радзівілаў у вёсцы Жырмуны і адзін з апошніх помнікаў традыцыйнага будаўніцтва ў Беларусі – Любчанскі замак.

Удзельнікі экскурсіі ўбачылі яшчэ шмат іншых сучасных і гістарычных аб’ектаў.

Спадзяёмся, што гэта толькі пачатак цікавых прапаноў і планаў для парафіяльных груп са Шчучына на перыяд летняга адпачынку.

А. Віталь Слука SP, тэкст і фота

для друку для друку