Ці пойдзеш за Мной на вяршыню? Дэканальны Крыжовы шлях адбыўся ў Паставах

12 красавіка ў Паставах адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах горада. Традыцыя Крыжовага шляху па горадзе ў нашай парафіі існавала даўно.

Не адзін раз пастаўскія вернікі давалі сведчанне сваёй веры, робячы стацыі на вуліцах, ідучы з крыжамі ў руках і прамаўляючы словы малітваў: за парафію, за моладзь, за кансэкраваных асобаў, за братоў праваслаўных і за няверуючых, за залежных, за сем’і, за хворых.

Разважанні стацый заўсёды краналі, узрушвалі, таму што пісаліся “па – жывому”, ішлі з праблем штодзённага жыцця.

Гэты Крыжовы шлях быў асаблівым. Па – першае, ён злучыў дзве парафіі: пачынаўся каля касцёла святога Антонія, а закончыўся ў новастворанай парафіі, ля капліцы Езуса Міласэрнага. Па – другое, быў не парафіяльным, а дэканальным: са святарамі і сёстрамі законнымі прыехалі прадстаўнікі ўсіх іншых парафій пастаўскага дэканату.

Гэта вельмі кранула, дало адчуванне еднасці. Па – трэцяе, цікавай была форма разважанняў. Гэта быў дыялог Хрыста і чалавека. Хрыстос, ідучы сваім крыжовым шляхам, заклікаў людзей да супрацоўніцтва, да веры і вернасці Яму. Словы чалавека чыталі прадстаўнікі парафій, а словы Езуса – ксёндз Эдвард, вікарый парафіі святога Антонія ў Паставах. І апошняе: на гэты раз мы ішлі з запаленымі знічамі — святлом Хрыста, — якія паставілі ля падножжа крыжа ў парафіі Езуса Міласэрнага.

Распачалася гэта падзея святой Імшой у касцёле святога Антонія. Перад ёй і пасля яе – прыемныя сустрэчы з парафіянамі з Лынтупаў, Камаяў, Варапаева, Дунілавіч, Лучая… Першымі ўзялі цяжкі крыж сем’і. Пасля па чарзе яго неслі прадстаўнікі розных мікрараёнаў горада і іншых парафій. Каля кожнай стацыі мяняліся па папярэдняй дамоўленасці тыя, хто нёс крыж. Але былі і такія, хто прыйшоў на Крыжовую дарогу, убачыў гэтае шэсце — і вырашыў: я таксама павінен яго несці! Падыходзілі да крыжа і, як Сымоны Кірэнэйцы, прапаноўвалі дапамогу.

У гэтым Крыжовым шляху, нягледзячы на халоднае надвор’е і стомленасць пасля працоўнага тыдня, удзельнічала больш за тысячу чалавек. Прыйшлі на яго людзі розных узростаў, пачынаючы з самых маленькіх, якіх бацькі везлі ў калясках, і заканчваючы людзьмі сталага ўзросту. Ва ўсіх было вялікае жаданне: быць разам з Езусам на Яго Крыжовым шляху, быць для Яго Сымонам Кірынэйцам або адважнай Веранікай. У Крыжовым шляху таксама духоўна ўдзельнічалі хворыя, пажылыя: яны адпраўлялі крыжовыя дарогі дома, сабраўшыся групамі і чытаючы тыя ж самыя разважанні.

На заканчэнне Крыжовага шляху ксёндз-пробашч Вадзім Прасяной падзякаваў усім святарам, парафіянам, гасцям. Таксама выказаў удзячнасць супрацоўнікам ДАІ, якія ахоўвалі ўдзельнікаў Крыжовага шляху ад небяспекі, медыкам “хуткай дапамогі”, якія суправаджалі шэсце.

Людзі разыходзіліся, раз’язджаліся ўзрушаныя развагамі, напоўненыя адчуваннем еднасці, моцы. І адначасова адчуваннем пакоры, гатоўнасцю прыняць Божую волю, пытаннямі, якія на гэтай Крыжовай дарозе паставіў Хрыстос:

— Я хачу табе аддаць дар Маёй любові. А ці ўсё прыняць захочаш, чаго Я пажадаю?
— Ці ўсё аддасі, што Я захачу ўзяць?
— Ці пойдзеш за Мной на вяршыню?
— Ідзі на вяршыню, чалавек!

Суцяшалі, грэлі, падбадзёрвалі і давалі ўсім вялікую надзею Ягоныя словы: “Я даю табе веру, надзею, любоў, якія падмануць не могуць. Гэта спраўдзілася. Заўсёды ёсць Хтосьці, Хто чакае, Хто глядзіць на дарогу, мае адкрытыя абдымкі, гатовыя цябе прытуліць”.

Аліна Латыш

для друку для друку