Ці можна адмаўляцца ад ужывання лекаў?

“Пахвалёны Езус Хрыстус! Дапамажыце калі ласка, знайсці адказ на пытанне: ці можа чалавек, калі хварэе, адмовіцца ад ужывання лекаў, бо лічыць, што лекі могуць прыносіць шкоду, а спадзявацца толькі на веру, якая вылечыць?”

З павагай, Павел

– Шаноўны Павел! Каб пастарацца больш поўна адказаць Вам, мы павінны зразумець, кім з’яўляецца чалавек. А адказ на гэтае пытанне і на пытанне, якое Вы задалі, мы паспрабуем знайсці ў Святым Пісанні і Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (далей па тэксце ККК).

У нумары 44 ККК азначае: “Чалавек па сваёй прыродзе і па пакліканні – істота рэлігійная. Прыйшоўшы ад Бога і ідучы да Бога, чалавек жыве цалкам па-чалавечы толькі тады, калі ён свабодна жыве сваёй сувяззю з Богам. Чалавек створаны, каб жыць у адносінах з Богам, у Якім ён знаходзіць сваё шчасце. “Калі я прыпаду да Цябе ўсёй маёй істотай, знікне мой боль і смутак, і сапраўдным будзе жыццё маё, цалкам напоўненае Табой” (св. Аўгусцін, Споведзь, 10, 28, 39).

У кароткім Катэхізісе, у разважаннях пра чалавека мы знаходзім наступныя адказы на пытанні:

  1. Хто такі чалавек? Чалавек – гэта Божае стварэнне, якое мае цела і несмяротную душу.
  2. Да каго падобная душа чалавека? Душа чалавека падобная да Пана Бога, бо яна – дух, яна мае розум, вольную волю і ніколі не памірае.
  3. Навошта Пан Бог стварыў чалавека? Пан Бог стварыў чалавека, каб чалавек любіў Пана Бога, выконваў Яго волю, а пасля смерці быў з Ім у небе.
  4. Чаму першыя людзі былі шчаслівымі? Першыя людзі былі вельмі шчаслівымі, бо былі любімымі Божымі дзецьмі. Яны сябравалі з Богам, не хварэлі і не павінны былі памерці.

З усяго сказанага мы можам зрабіць вывад, што чалавек – гэта стварэнне Бога, якое мае цела і душу. Душа падобная да Пана Бога і ніколі не памірае. Бог стварыў чалавека, каб ён любіў Бога, выконваў Яго волю. Першыя людзі не хварэлі і не паміралі.

Але праз грэх першага чалавека ў свет прыходзіць смерць і хвароба. “Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх – смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, таму што ўсе зграшылі” (Рым 5, 12).

Праз першую непаслухмянасць Адам і Ева адразу страцілі ласку першароднай святасці. Яны пачынаюць баяцца Бога. Гармонія, у якой яны прабывалі, знішчаная, улада духоўных уласцівасцяў душы над целам разбітая. Пасля першароднага граху сапраўднае “нашэсце” грахоў перапаўняе свет (ККК 399-401).

Мы можам убачыць, што ўжо з часоў Старога Запавету хваробы “спадарожнічалі” чалавеку. Святое Пісанне ўзгадвае розныя хваробы. Напрыклад, сярод праклёнаў, якімі Пан пагражае Ізраэлю, калі той адступіць ад Яго запаведзяў, узгадваюцца: бясплоддзе, сухоты, гарачка, запаленне, праказа, кароста, вар’яцтва, слепата і шмат іншых хвароб (Дрг 28, 27-30).

Але таксама са шматлікіх урыўкаў з Бібліі мы даведваемся, што думае Бог наконт стаўлення да здароўя чалавека. Святое Пісанне асуджае шкодныя празмернасці, напрыклад, п’янства і пераяданне (Прып 23, 20). Закон, які Бог даў выбранаму народу, уключаў у сябе меры па барацьбе, а часам і прафілактыцы некаторых захворванняў. У Закон таксама ўваходзілі адмысловыя пастановы, якія прадухілялі няшчасныя выпадкі і траўмы (Дрг 22, 8). З гэтага бачна, што Біблія заахвочвае нас клапаціцца пра сябе і берагчы сваё здароўе.

Таксама трэба зазначыць, што ўжо ў біблейскія часы існавалі лекары (Сір 38, 1-14; Клс 4, 14; 1 Цім 5, 23). Езус таксама прызнаваў, што “не здаровым патрэбны лекар, а хворым” (Мц 9, 12).

Але ў той самы момант Біблія не ўсхваляе старанні людзей палепшыць сваё здароўе любым коштам. Напрыклад, яна не заахвочвае карыстацца распаўсюджаным сёння аздараўленнем верай, альбо адмаўленнем ад медыцынскай дапамогі па рэлігійных матывах. Трэба памятаць, што аздараўленне толькі верай не можа супрацьпастаўляцца прафесійнай медыцыне. Святое Пісанне кажа вельмі ясна: “Дай месца лекару, бо і яго стварыў Пан, і няхай не аддаляецца ад цябе, бо ён патрэбны” (Сір 38, 12-13).

Больш за тое, не суадносіцца са Святым Пісаннем і лячэнне, звязанае з чарадзействам. Святы апостал Павел кажа, што той, хто займацца чарадзействам, не атрымае ў спадчыну Валадарства Божага (Гал 5, 19-21). Заўсёды ў выпадку хваробы варта пазбягаць таго, што асуджае Святое Пісанне і навука Касцёла, і трэба своечасова звяртацца па належную медыцынскую дапамогу.

У Новым Запавеце тэма “хваробы і аздараўлення” таксама займае сваё важнае месца. Шмат разоў Езус ўчыніў цуды аздараўлення: вылячэнне цешчы Пятра, слугі сотніка, сляпога ад нараджэння, аздараўленне дзесяці пракажоных і яшчэ многія іншыя цуды. Цікавы факт: з 37 цудаў, узгаданых у Евангелллі, 25 – гэта выпадкі, звязаныя з аздараўленнем. Шмат аздараўленняў Езус здзяйсняе ў шабат – суботу (дзень, калі габрэям забаранялася ўсякая дзейнасць), чым выклікае, з аднаго боку, гнеў і асуджэнне вучоных у законе і фарысеяў, а з іншага – радасць народа, які радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным (Лк 13, 17).

Суботнія аздараўленні, якія ўчыніў Збаўца, вельмі важныя для нашага разважання, бо яны адкрываюць перспектыву Валадарства Божага. Езус, прапаведуючы па суботах у сінагогах, абвяшчае, што наблізілася Валадарства Нябеснае, трэба пакаяцца і прымірыцца з Богам. Цуды аздараўлення, якія робіць Езус, з’яўляюцца пацвярджэннем Ягоных слоў.

Цуды, учыненыя Езусам, паказваюць, што на зямлі ўжо дзейнічае Божая моц, якая канчаткова пераможа ўсякую хваробу. Гэтыя цуды прадказваюць тую дасканаласць, якую набудзе чалавецтва ў Валадарстве Божым, калі, згодна са словамі святога апостала Яна, будзе новае неба і новая зямля, і Бог будзе жыць з людзьмі. І Ён “вытрыць кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні хваробы ўжо не будзе, бо ранейшае мінула” (Ап 21, 4).

З прыходам у свет Езуса Хрыста значэнне хваробы разглядаецца не ў тым, што яна павінна знікнуць з аблічча зямлі, а ў тым, што Божая моц, якая яе ў рэшце рэшт пераможа, ужо дзейнічае на зямлі. Бо хвароба хоць і мае нейкі сэнс, усё ж застаецца злом. У эсхаталагічных сведчаннях яе не будзе, бо: “лісце дрэва (жыцця) служыць для лячэння народаў” (Ап 22, 2).

Бог ад чалавека жадае паслухмянасці. А як мы можам выказваць паслухмянасць Богу? Перадусім праз выкананне запаведзяў, якія Бог даў свайму народу. Адна з іх, а дакладней, пятая запаведзь кажа: “Не забівай!” Здаецца, што гэтая запаведзь мае агульнага з адмаўленнем ужывання лекаў альбо з адмовай ад лячэння?

Слова “забойства” азначае не толькі, што адзін чалавек якой-небудзь зброяй альбо чымсьці іншым забівае іншага чалавека. Мы ведаем, што забойствам з’яўляецца парада зрабіць аборт, эўтаназія, самагубства, наўмыснае атручванне цяжка і невылечнахворых для палягчэння іх цялесных пакут, пакіданне без дапамогі параненага, п’янства, наркаманія, лячэнне ў экстрасэнсаў і бабак, адмова ад даступнага лячэння.

Адмовіцца ад ужывання лекаў – гэта якраз і з’яўляецца адмовай ад даступнага лячэння. Толькі дасканалыя, святыя людзі маглі цалкам пакладацца на Божую волю, чакаючы выздараўлення непасрэдна ад Бога, бо да гэтага яны заўсёды выконвалі Яго святую волю. Мы ж людзі недасканалыя і грэшныя і часам нясём крыж хваробы за свае грахі, таму больш правільна будзе звяртацца з малітвай да створаных Богам у супрацоўніцтве з чалавекам (урачамі, фармацэўтамі, навукоўцамі) сродкаў аздараўлення (лекі і медычная дапамога).

Некаторыя адмаўляюцца ад лячэння і лекаў праз легкадумства, спадзеючыся на тое, што “можа, само пройдзе”. Такім людзям хацелася б прыгадаць, што здароўе – гэта Божы дар, які дапамагае нам годна служыць Богу і бліжнім.

Іншыя людзі адмаўляюцца ад лячэння, жадаючы хутчэй памерці. Гэта таксама грэх самагубства. Бог даў нам жыццё, даў нам крыж, і мы павінны несці яго да таго часу, пакуль Ён Сам не пакліча нас да Сябе. Таму грашаць тыя, хто свядома адмаўляецца ад лячэння, выбіраючы шлях павольнага самагубства.

Пасля такога разважання, спадзяюся, Вы, шаноўны Павел, а таксама і іншыя чытачы знайшлі адказ на зададзенае пытанне.

Памятайма, што рэлігійнае жыццё – гэта злучэнне зямнога і нябеснага існавання чалавека. Бо чалавек, апрача несмяротнай душы, мае таксама і цела. І медыцына ў гэтым кантэксце ўспрымаецца як добрая дзейнасць на карысць здароўю чалавека, яго целу і яго душы. І яна ў прынцыпе не павінна і не можа супярэчыць рэлігійным перакананням.

З павагай і малітвай, кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда

для друку для друку