- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ці можа святар адпраўляць Імшу за жывых і памерлых адначасова?

[1]“Паважаная рэдакцыя! У мяне да вас такое пытанне. Я ахвяравала інтэнцыю святой Імшы аб здароўі для сына. Перад самай Імшой прыйшлі іншыя людзі і ахвяравалі інтэнцыю за памерлых. Я была здзіўленая і пасля Імшы запыталася ў пробашча, ці так можна рабіць? На што атрымала адказ: “Так маліцца можна”. Прашу вас, растлумачце, калі ласка, падрабязней. Выходзіць, што я магу ахвяраваць адну інтэнцыю за “здравие и за упокой”? Мне гэта не зразумела. Вельмі прашу, растлумачце. І ці была Імша сапраўднай?»

Ваша пастаянная чытачка

  – Дзякуй за пытанне, шаноўная спадарыня! У вашым пытанні, на самай справе, знаходзіцца іх некалькі, таму паспрабую адказаць і растлумачыць сітуацыю.

Пачнём з апошняга пытання – пра сапраўднасць святой Імшы.

Кодэкс Кананічнага Права ў 900 каноне акрэслівае: “Служыцелем, які можа цэлебраваць у асобе Хрыста сакрамант Эўхарыстыі, з’яўляецца толькі святар, пасвечаны сапраўдна. Годна цэлебруе Эўхарыстыю святар, якому гэта не забараняе кананічнае права…”. Адсюль вынікае, што святая Імша была сапраўднай, бо святара, які яе цэлебраваў, вы добра ведаеце. Больш за тое, ён з’яўляецца пробашчам вашай парафіі (калі я добра зразумеў).

Пойдзем далей. Канон 901 сцвярджае, што “святар, можа цэлебраваць святую Імшу за ўсіх – як за жывых, так і за памерлых”. Гэта вельмі добра паказвае нам сам абрад Святой Імшы. У Першай Эўхарыстычнай Малітве (Рымскім каноне) спачатку ідзе ўспамін жывых вернікаў, а пазней, пасля перамянення дароў, успамінаюцца памерлыя. Дарэчы, пералічваць імёны жывых і памерлых вернікаў падчас святой Імшы якраз і можна толькі ў Рымскім каноне. Калі казаць пра іншыя Эўхарыстычныя малітвы, якія дазваляецца выбіраць святару самастойна, то і яны збудаваныя таксама па гэтым прыкладзе: ідзе успамін жывых вернікаў, а пазней – памерлых, аднак не пералічваючы іх імёнаў, калі гаворыцца не пра пахавальныя Імшы альбо пра Імшы за памерлых.

Іншым канонам, што нам дапамагае атрымаць адказ, з’яўляецца канон 945. Першы параграф узгаданага канона пастанаўляе: “Згодна з агульназацверджанай Касцёлам практыкай кожны святар, які цэлебруе або канцэлебруе Імшу, прымае ахвяраванне для цэлебрацыі Імшы ў канкрэтнай інтэнцыі”. Параграф другі гэтага ж самага канона настойліва рэкамендуе святарам таксама цэлебраваць Імшу ў інтэнцыях вернікаў, асабліва бедных, нават не атрымліваючы ахвяраванняў.

Тут можна таксама прыгадаць і вернікам, што ў большасці краін свету, таксама і ў Беларусі, адзіным даходам, які атрымлівае святар, якраз і з’яўляюцца імшальныя стыпендыі (ахвяраванні, што даюцца для цэлебрацыі Імшы ў канкрэтных інтэнцыях). Канон 946 акрэслівае: “Вернікі, якія прыносяць ахвяраванні, каб Імша была цэлебравана ў іх інтэнцыях, садзейнічаюць дабрабыту Касцёла і праз гэтыя ахвяраванні ўдзельнічаюць у яго клопаце аб утрыманні святароў і спраў [якія выконвае Касцёл]”.

Канон 948 Кодэкса Кананічнага Права сцвярджае: “Належыць асобна цэлебраваць святыя Імшы ў інтэнцыях тых, за каго было складзена і прынята асобнае ахвяраванне, нават невялікае”. Да гэтага канону неабходна далучыць таксама і прадпісанні Дэкрэту Mos iugiter Кангрэгацыі па справах Духавенства ад 2 лютага 1991 году, зацверджанага Папам Янам Паўлам ІІ. Згодна з артыкулам 1 § 2, парушаюць норму канона 948 і адпавядаюць за гэта ў сумленні “святары, якія, сабраўшы ахвяры на цэлебрацыі святых Імшаў у вызначаных інтэнцыях, не атрымаўшы папярэдняй згоды ахвярадаўцаў, злучаюць іх у адно ахвяраванне і цэлебруюць за іх адну святую Імшу, у так званай складковай інтэнцыі”.

У артыкуле 2 §1 і §2 узгаданы вышэй Дэкрэт робіць выключэнне, кажучы: “Калі ахвярадаўцы загадзя паінфармаваныя і адназначна свабодна згаджаюцца, каб іх ахвяраванні былі злучаныя з іншымі ў адно ахвяраванне, можна за іх цэлебраваць адну святую Імшу ў складковай інтэнцыі. У такім выпадку трэба аб’явіць публічна, дзе і калі будзе цэлебравана [складковая] святая Імша, аднак яна не павінна цэлебравацца часцей чым два разы на тыдзень”.

Такім чынам, можна адказаць, што святая Імша аб здароўі для вашага сына была сапраўднай.

Іншы момант, калі святар хацеў спалучыць дзве інтэнцыі ў адну і адправіць адну Імшу, то ён спачатку павінен быў атрымаць вашу згоду і згоду жанчыны, якая ахвяравала інтэнцыю за памерлых. Калі ж гэта была складковая Імша, то святар, які яе цэлебраваў, таксама павінен быў паведаміць вам пра гэта, як прадпісвае артыкул 2 Дэкрэту Mos iugiter, а калі ён гэтага не зрабіў, то парушыў канон 948 Кодэкса Кананічнага Права.

З павагай, кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда