Ці можа некаталік спавядацца ў каталіцкага святара?

“Хвала Хрысту! Паважаная рэдакцыя! Маю такое пытанне: ці можа некаталік спавядацца ў каталіцкага святара? Вялікі дзякуй.”

Святлана

 – Хвала Хрысту, шаноўная Святлана! Дзякуй Вам за цікавае пытанне.

Трэба з жалем прызнаць, што з кожным разам усё  больш католікаў у свеце ставіцца з падазрэннем да сакраманту святой споведзі і ўвогуле занядбоўвае сваё рэлігійнае жыццё. Але ў той самы час знаходзяцца іншыя асобы, якія прымаюць каталіцкую веру. З радасцю можна сцвердзіць, што лічба католікаў у свеце за апошні год павялічылася амаль на 10 %.

Апрача шматлікіх ласкаў, якія атрымліваюць вернікі падчас споведзі, вернікаў некаталіцкага веравызнання вельмі часта цікавіць факт атрымання псіхалагічнай палёгкі, калі яны распавядуць пра свае грахі каму-небудзь іншаму, і суцяшэння, калі чуюць словы малітвы адпушчэння грахоў.

Але ці можа некатолік стаць у чаргу да каталіцкага святара, каб атрымаць сакрамант паяднання, бо менавіта так, іншымі словамі, мы называем сакрамант святой споведзі? На гэтае пытанне нам дапаможа адказаць Кодэкс Кананічнага Права, які вельмі ясна кажа пра сакраманты ў Каталіцкім Касцёле.

Каб атрымаць правамоцна сакрамант святой споведзі ў каталіцкага святара, трэба знаходзіцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, гэта значыць, быць католікам: “Служыцелі-католікі правамоцна ўдзяляюць сакраманты толькі католікам-вернікам, якія таксама правамоцна прымаюць іх толькі ад служыцеляў-католікаў” (кан. 844 §1).

У некаторых выпадках, напрыклад, праваслаўны вернік можа папрасіць аб сакраманце споведзі каталіцкага святара, бо ў Праваслаўнай Царкве існуюць тыя ж самыя сакраманты, і Каталіцкі Касцёл прызнае іх дзейснымі.

Кодэкс Кананічнага Права вызначае некаторыя выключэнні для ахрышчаных некатолікаў: “Калі існуе небяспека смерці або калі, на думку дыяцэзіяльнага Біскупа або Біскупскай Канферэнцыі, існуе іншая сур’ёзная неабходнасць, служыцелі-католікі  могуць правамоцна ўдзяляць тыя ж сакраманты (споведзь, намашчэнне хворых, Эўхарыстыя) хрысціянам, якія не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам (некатолікам), якія не маюць магчымасці прыняць гэтыя сакраманты ад служыцеля ўласнай супольнасці і просяць аб іх удзяленні спантанна, пры ўмове, што ставяцца да гэтых сакрамантаў з каталіцкай верай і да гэтага добра падрыхтаваныя” (кан. 844 §4).

У асноўным каталіцкі святар можа ўдзяліць адпушчэнне грахоў некатоліку ў рэдкіх выпадках, напрыклад, у небяспецы смерці.

Хрысціяне-некатолікі, безумоўна, маюць права пры неабходнасці шукаць духоўную дапамогу таксама і ў каталіцкіх святароў. Каб атрымаць яе, думаю, дастаткова падысці да святара і дамовіцца з ім пра сустрэчу.

Той, хто практыкуе сваю веру, добра ведае, што споведзь з’яўляецца выключным сакрамантам, які вызваляе чалавека ад граху і адчыняе яму новы шлях.

Але, каб прыняць дар гэтага сакраманту ад каталіцкага святара, трэба належаць да Каталіцкага Касцёла.

З малітвай, кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда

для друку для друку