Ці карае Бог дзяцей за грахі бацькоў?

«Хвала Хрысту! Ці карае Бог дзяцей за грахі бацькоў?»
Святлана

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

Хвала навекі! Дзякую за актуальнае пытанне. Вельмі часта ўзнікае гэтае пытанне ў вернікаў, таму тут паспрабуем знайсці на яго адказ.

У Старым Запавеце ёсць словы, якія некаторыя, магчыма, трактуюць маніпуляцыйна і «вераць», што Біблія быццам навучае пра кару за «грэх пакаленняў». Такая трактоўка з пункту глеждання сучаснай біблійнай тэалогіі з’яўляецца памылковай. Чаму?

Гаворка тут ідзе пра словы з Кнігі Зыходу: «Не пакланяйся ім і не ўшаноўвай іх. Бо Я Пан Бог твой, Бог зайздросны, Які карае дзяцей за беззаконне бацькоў да трэцяга і чацвёртага пакаленняў тых, хто ненавідзіць Мяне» (Зых 20, 5).

Гэтыя словы павучаюць нас не пра пакаранне за грэх, а пра наступствы граху. Наступствы людскіх грахоў могуць быць адчувальнамі ў наступных пакаленнях. Бог сказаў ізраільцянам, што іхнія дзеці адчуюць наступствы паводзінаў уласных бацькоў як вынік іхняй непаслухмянасці і нянавісці да Бога. Дзеці, выхаваныя ў такім асяроддзі, натуральным чынам будуць браць дрэнны прыклад з бацькоў (як галоўнага аўтарытэту) і будуць чыніць падобнае ідалапаклонства, таму што пачнуць кіравацца ужо “пратаптáным” бацькамі шляхам непаслухмянасці.

Вынікам непаслухмянага пакалення была вельмі глыбокая разбэшчанасць (распуста) у іхніх сэрцах, што ажно павінна было мінуць некалькі пакаленняў, каб яны змаглі адвярнуцца ад гэтага.

Бог не робіць нас адказнымі за грахі нашых бацькоў, хоць часам мы церпім праз наступствы, што прыходзяць у выніку іхніх грахоў, як і напісана пра гэта ў Кнізе Зыходу 20, 5.

У Старым Запавеце у кнізе прарока Эзэхіэля чытаем: „Душа, якая грашыць, памрэ; сын не панясе віны бацькі, і бацька не панясе віны сына; праўда справядлівага пры ім і застаецца, і беззаконнасць беззаконнага пры ім застаецца” (Эз 18, 20).

Гэтыя словы выразна кажуць, што пакаранне за грахі панясе толькі тая асоба, якая зграшыла. У VII ст. да Хрыста праўда пра вечную ўзнагароду не была яшчэ вядомая ізраільцянам. У штодзённым жыцці яны заўсёды кіраваліся правілам справядлівасці, якое за кожнае зло патрабавала пакарання. Калі вінаваты паміраў без пакарання, лічылася, што за неадпакутаваныя ім грахі панясуць віну родныя. Гэтае нібыта правіла выклікала супраціў Эзэхіэля, які не пагадзіўся з распаўсюджаным меркаваннем пра калектыўную адказнасць за грахі продкаў. Ён навучаў, што Бог не з’яўляецца Богам помсты, Які бяздушна падлічвае чалавечыя правіны і заслугі. Для Яго важным з’яўляецца кожны чалавек, і да кожнага Ён ставіцца індывідуальна. Прарок у наступных вершах кажа ўжо пра магчымасць адпакутаваць за правіны, тым больш, што Бог прабачае кожнаму, хто намагаецца выправіць учыненыя правіны і крыўды.

Пра асабістую адказнасць чалавека за ўчынены грэх можам прачытаць у Кнізе Другазаконня: „Хай не будуць забіваныя бацькі за сыноў і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх” (Дрг 24, 16).

У Евангеллі паводле Яна чытаем: “Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: “Раббі, хто зграшыў: ён ці бацькí ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?” Езус адказаў: “Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя” (Ян 9, 1-3).

Пытанне вучняў пра сэнс цярпення сляпога ад нараджэння дапускае меркаванне пра спрадвечную сувязь цярпення з грахом. Хто зграшыў: “ён ці бацькí ягоныя?”. Несумненна, шмат цярпення і зла ў свеце – наступствы людскіх грахоў, але існуе таксама і “незаслужанае цярпенне”.

«Хто зграшыў?» – не з’яўляецца адпаведным пытаннем. Справа віны ў цярпенні другасная. Важным з’яўляецца тое, што праз цярпенне “выяўляюцца справы Божыя”. Адпаведнае пытанне павінна гучаць: «Які сэнс мае маё цярпенне? Што Бог хоча мне праз яго сказаць? На што трэба звярнуць увагу?»

Адказам Бога на пытанне пра сэнс цярпення з’яўляюцца мука і смерць Езуса, Сына Божага. Бог не скасаваў пакуты на зямлі, але прыняў іх на сябе. Такім чынам Пан Езус выразна адмяжоўвае сувязь хваробы чалавека з грахом ягоных бацькоў, з г. зв. «грахом пакаленняў».

Як сказаў адзін французскі паэт, драматург, эсэіст, славуты рэлігійны пісьменнік XX ст. Поль Клодэль, «Бог не прыйшоў, каб вытлумачыць цярпенне, але прыйшоў, каб напоўніць сваёй прысутнасцю».

Зло і цярпенне – гэта драма не толькі для чалавека, але і для Бога. Цярпенне канчаткова можа перамагчы толькі Любоў! Толькі Любоў надае сэнс усяму і дазваляе перажыць найцяжэйшае.

Драмай для чалавека не з’ўяляецца тое, што ён пакутуе, але тое, што гэтае цярпенне змарнаванае, непатрэбнае, адкінутае. Калі не хапае любові як сэнсу цярпення, тады яно з’яўляецца немагчымым, каб прыняць на сябе.

«Грэх пакаленняў» супярэчыць праўдзе пра Божую Міласэрнасць і Ягоную Любоў, якая прабачае. Нават калі люд Старога Запавету бачыў у розных няшчасцях Божае пакаранне, то для Люду Новага Запавету такое пераканенне – чужое. Кожны чалавек асабіста нясе адказнасць перад Богам выключна за свае грахі.

У гісторыі збаўлення было толькі адно выключэнне, калі адзін Чалавек узяў на сябе грахі ўсяго свету і заплаціў за іх цану, каб грэшнікі былі цалкам апраўданыя і асвечаныя перад Божым абліччам. Гэтым чалавекам быў Езус Хрыстус.

“Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай” (2 Кар 5, 21).

Памятайма, што Словы Святога Пісання заўсёды тлумачацца ў кантэксце ўсёй гісторыі збаўлення, згодна з Традыцыяй Касцёла.

Спадзяюся, што адказаў на Вашае пытанне. Беражы Вас Бог!

для друку для друку