Ці бываюць хрысціянскія дэпрэсіі?

«Ці бываюць хрысціянскія дэпрэсіі? Ці гэта духоўны крызіс? Дзякуй!»
Вераніка

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, ВДС імя св. Тамаша Аквінскага (г. Пінск):

Шаноўная Вераніка! Дзякуй за пытанне, якое, магчыма, задаюць у глыбіні сваёй душы шматлікія вернікі. Спадзяюся, што хоць часткова змагу дапамагчы Вам і іншым зацікаўленым чытачам разабрацца ў агучанай праблеме.

Дэпрэсія – хвароба нашых часоў

Дэпрэсія – гэта хвароба, на якую пакутуюць мільёны людзей па ўсім свеце, незалежна ад паходжання, узросту, рэлігіі і г.д. Паколькі дэпрэсія мае розныя ступені інтэнсіўнасці і пэўныя стадыі развіцця, то неабходны дыягназ з боку спецыяліста, а часам і дапамога псіхатэрапеўта або псіхіятра. Без сумневу, людзі, якія знаходзяцца ў дэпрэсіі, павінны адказна паставіцца да свайго стану і шукаць дапамогі.

Няправільным было б меркаваць, што дэпрэсія – гэта штосьці несур’ёзнае, што само пройдзе. І цалкам несправядліва вінаваціць кагосьці за дэпрэсію або казаць, што яна вынікае з граху ці ёсць звычайнай лянотай. Дэпрэсія ніколі не з’яўляецца свабодным выбарам чалавека. Тут трэба таксама ведаць, што не кожнае праяўленне суму, дрэннага настрою, стомленасці ці прыгнечанасці ёсць сімптомам дэпрэсіі. Людзі ўнутры сябе перажываюць, часам вельмі глыбока і інтэнсіўна, жыццёвыя праблемы, выпрабаванні, няшчасці, няўдачы, знешнія або ўнутраныя канфлікты, як свае так і блізкіх. Часта з падобных сітуацый чалавек выходзіць пераможцам і яшчэ мацнейшым, але здараецца і так, што празмерныя перажыванні або праблемы вядуць да дэпрэсіі. Калі хтосьці заўважыць, што адсутнасць радасці ад жыцця, энергіі, нежаданне што-небудзь рабіць, прыгнечанасць ды стомленасць трываюць працяглы час і суправаджаюцца фізічнымі сімптомамі розных хваробаў (напрыклад, боль у раёне грудной клеткі, расстройства страўніка і інш.), то гэта выразная прыкмета дэпрэсіі.

У яе лёгкіх станах можа дапамагчы простая змена ладу жыцця, нават звычайны шпацыр, адпаведная дыета, кантакт з сябрамі або нейкая праца. Аднак вельмі часта не абыходзіцца без дапамогі спецыяліста і фармакалагічнага лячэння. Часам людзі з дэпрэсіяй шукаюць вырашэння праблемы ў алкаголі. Трэба ведаць, што гэта вельмі небяспечны “стымулятар настрою”, які, найхутчэй, пагоршыць стан і прывядзе да алкагольнай залежнасці. Само сабой разумеецца, што нельга таксама шукаць дапамогі ў наркотыках і іншых падобных рэчывах. Дэпрэсія – гэта сур’ёзная хвароба, якую дыягнаставаць і лячыць павінен спецыяліст.

Духоўны крызіс – частка жыцця хрысціяніна

Духоўнае жыццё чалавека з’яўляецца дарам самога Бога. Яно развіваецца ў залежнасці ад стану чалавека, яго ўзросту, рэлігійных ведаў і асабістага імкнення да яднання з Богам. Паколькі духоўнае жыццё – гэта месца камуніі чалавека з Асобай Богам, то кіруецца яно правіламі, аналагічнымі да адносін паміж людзьмі, канешне, з захаваннем праўды пра дасканаласць і вернасць Бога – Любові. Вопыт многіх святых паказвае, што развіццё духоўнага жыцця вельмі часта спалучана з пераходам праз крызіс, які можа мець розны характар. Той, хто адказна ставіцца да Бога, імкнецца як мага больш маліцца, шукае новыя формы духоўнасці, стараецца таксама сур’ёзна ставіцца да рэлігійных практык, перажывання Святой Імшы ды іншых сакрамантаў. Аднак, мабыць, няма такога чалавека, які б не сустрэў ў сваім жыцці розныя ўнутраныя праблемы духоўнага характару. Колькі разоў звычайная рассеянасць перашкаджае добра памаліцца, часам паяўляецца сухасць, нежаданне, а нават немагчымасць трываць перад Богам, чытаць духоўную літаратуру ці ўдзельнічаць у жыцці Касцёла. Падобныя станы не сведчаць яшчэ пра духоўны крызіс, аднак, калі нічога з імі не рабіць, то могуць да яго прывезці, таму ігнараваць іх нельга.

Хто хоча духоўна ўзрастаць, павінен таксама дапускаць у сваім жыцці крызісы, дзякуючы якім можа развівацца і ўдасканальвацца камунія з Богам. Паводле меркавання тэолагаў, духоўны крызіс можа быць дарам ад Бога або вынікам нейкіх занядбанняў з боку чалавека. Варта мець на ўвазе, што да крызісу можа прывезці між іншым перакананне пра асабістую дасканаласць, якое раптоўна ламаецца, упэўненасць у сабе, стаўленне да малітвы і сакрамантаў як да пэўнага кшталту магіі, успрыманне таго, што натуральнае, як надпрыроднай рэчаіснасці або нявырашаныя псіхалагічныя праблемы.

Незалежна ад сваёй прыроды, духоўны крызіс – гэта вельмі складаны стан і перыяд у жыцці чалавека, які, напрыклад, святы Ян ад Крыжа параўноўваў з цёмнай ноччу. Хоць хрысціянін ведае, што ў гэтай духоўнай цемры прысутнічае Бог, усё роўна ён вельмі пакутуе і прагне як найхутчэй выйсці на асветленыя ласкай духоўныя прасторы. Сведчанне святых і меркаванне тэолагаў паказваюць, што Бог пастаянна падтрымлівае чалавека ў такім стане.

Як дэпрэсія, так і духоўны крызіс могуць стаць часткай жыццёвай дарогі кожнага чалавека, таму варта і гэтую сферу нашай зямной рэчаіснасці аддаваць Богу ў малітве ды імкнуцца трываць у лучнасці са сваімі бліжнімі. Мы дакладна ведаем, якое значэнне маюць прафілактыка і развіццё здаровага ладу жыцця. Безумоўна, для верніка вялікім дарам ёсць духоўнае кіраўніцтва, якое дапамагае не толькі выбіраць бяспечную духоўную дарогу, але і трываць у штодзённай вернасці Богу ды ўзрастаць для святасці.

Жадаю Вераніцы і ўсім чытачам “Каталіцкага Весніка” поўнага здароўя душы і цела, калі такая Божая воля, а тым, хто перажывае дэпрэсію ці духоўны крызіс, – адпаведнай дапамогі і палёгкі дзеля лепшай будучыні! Бог – вялікі і моцны!

для друку для друку