“Чым ёсць чалавек?”: даследаванне Папскай біблійнай камісіі

Ілюстрацыйнае фота

Папская біблійная камісія падрыхтавала сістэматызаваны аналіз антрапалагічнага аспекту Святога Пісання. Кніга “Чым ёсць чалавек?” – вынік даследавання прыроды чалавека на аснове тэкстаў Бібліі.

Выданне, ініцыяванае Папам Францішкам, структурна падзелена на чатыры раздзелы, кожны з якіх паслядоўна ўзнаўляе і аналізуе гісторыю стварэння і паклікання чалавека да жыцця і веры.

Першая частка прысвечана разуменню чалавека як Божага стварэння – слабога і смяротнага і адначасова надзеленага задаткам несмяротнасці. Другая асвятляе значэнне, ролю і характар харчавання, працы, аховы навакольнага асяроддзя ў жыцці чалавека.

Трэці раздзел прысвечаны антрапалогіі чалавечых стасункаў, у прыватнасці, любові паміж сужонкамі, паміж бацькамі і дзецьмі і братэрскай любові. Асвятляюцца найбольш сутнасныя і адначасова найбольш складаныя пытанні: шлюбу, сексуальнасці, канфлікту пакаленняў, жорсткасці і войнаў. Нарэшце, чацвёрты раздзел разглядае чалавека як стварэнне, падпарадкаванае Божаму закону, аналізуючы прычыны і наступствы чалавечай непаслухмянасці наказам свайго Стварыцеля.

Мэта выдання – прапанаваць экспертам, катэхетам і выхаваўцам аўтарытэтны інструмент як дапаможнік у развіцці філасофскіх і тэалагічных дысцыплін, а таксама тэкст, з якога можна чэрпаць асновы для разважанняў на цэнтральныя тэмы сацыяльных і грамадзянскіх дыскусій – такія, як развод, нявернасць, гомасексуальнасць, цэлібат і гд. , гаворыцца ў анатацыі на кнігу.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку