Чытачы “Каталіцкага Весніка” пра сустрэчу з Нікам Вуйчычам

15 красавіка на “Мінск-Арэне” выступіў вядомы аўстраліец, хрысціянскі прапаведнік, народжаны з рэдкім захворваннем, якое прыводзіць да адсутнасці рук і ног.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы са знакамітым прапаведнікам дзеляцца чытачы “Каталіцкага Весніка”.

ПаўлючковаМарыя Паўлючкова:

— Сустрэча з Нікам Вуйчычам была маёй марай даўно. Калі я толькі даведалася пра тое, што ён прыязджае ў Беларусь, я адразу зразумела, што абавязана туды схадзіць. Сустрэча прайшла на адным дыханні. Усе слухалі яго з вялікім задавальненнем (гэта было відаць па іх тварах). Ён прымушае задумацца людзей аб іх жыцці, каштоўнасцях, прыярытэтах. Нік сваім прыкладам даказаў, што ніколі не трэба здавацца. Сустрэча мне вельмі спадабалася і я б з задавальненнем схадзіла яшчэ раз.

Алеся Бiлюк:Білюк

— Гэта была доўгачаканая сустрэча. Як толькі я ўбачыла афішу, ведала што пайду туды за натхненнем і дабрынёй Ніка Вуйчыча. Яго энергетыка сапраўды зараджае! Хочацца рабіць дабро, дапамагаць людзям справай і ўсмешкай, добрым словам, а ў гэты час быць шчаслівым! На пытанне Вуйчыча “Хто Вы такія? І чаго вы хочаце?”, я знайшла адказ адразу! Некалькі тыдняў таму я сустрэла адну дзяўчыну, з якой сядзела ў чарзе каля гадзіны. Я звярнула на яе ўвагу, мне падалося, што ў яе нейкі сум у вачах. І пазней мы разгаварыліся. Пачалася размова з таго, што, як заўсёды, усе спяшаюцца. Яна спяшалася таму, што дома трое дзяцей, я спяшалася таксама да сваіх трох. І здавалася, што мы роўныя. Але крыху пазней я даведалася, што трэцяе дзіця, двухгадовая дачка ў яе інвалід з дыягназам ДЦП і кошт лячэння каля 80 тыс. даляраў. У той момант я зразумела, па якой прычыне быў сум у вачах гэтай прыгожай маладой жанчыны. Калі мы пачалі гаварыць пра гэта, ледзь стрымлівалі слёзы. Так хацелася дапамагчы, падтрымаць. Я пра гэтую сустрэчу не забывала ні дня. І вось учора Нік мне нагадаў, што сапраўды я хачу !!! Аддаць свой час гэтаму дзіцяці, сілы, паспрабаваць дапамагчы ў зборы грашовых сродкаў на лячэнне. Дапамагаць бязвыплатна, дарыць сваю ўсмешку і дабрыню.

МаціеўскіСяргей Маціеўскі:

-На сустрэчы з Нікам Вуйчычам кожны пачуў тое, што прагнуў праз яго сказаць Бог. Мяне чамусьці кранулі словы, якія ён сказаў пра свайго бацьку: «ён хворы на анкалогію, але ў яго вачах спакой, бо ён дакладна ведае, што на зямлі мы пілігрымы.» Яшчэ падчас яго прабывання на сцэне закралася думка: калі гэты абмежаваны фізічна чалавек шчаслівы, то і я павінен спрабаваць зрабіць шчаслівымі сям’ю і сябе.

Таццяна Дзегцярова:Дзегцярова

-Нік Вуйчыч – гэта вельмі моцны, духоўны, светлы чалавек. Яго выступ адбыўся на адным дыханні, таму, што хацелася пачуць і ўвабраць кожнае слова сказанае Нікам. Людзі, слухаючы яго гісторыю, плакалі і смяяліся, бо ён вельмі вясёлы і любіць пажартаваць над сабой. Ён распавядаў сваю жыццёвую гісторыю: пра станаўленне яго як прамоўцы, пра сваю веру, пра сваю сям’ю. Мне здаецца, людзям, якія страцілі ўсялякую надзею і веру, трэба абавязкова паслухаць яго. Я ўпэўнена, што большасць зменіць сваё стаўленне да жыцця !!!

БодзікаўСям’я Максіма і Алены Бодзікавых:

-На выступленні Ніка Вуйчыча было шмат розных людзей: кампаніі, якія займаюцца продажам, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, вернікі розных канфесій. Кожны з іх прыйшоў са сваёй мэтай і кожны пачуў словы, скіраваныя менавіта для яго. Мы (я і Алена) прыйшлі проста, каб паглядзець на гэтага незвычайнага чалавека. Нават, калі б гэтая сустрэча цягнулася 10 хвілін, мы б атрымалі тое, за чым прыйшлі. Нік расказваў пра рознае, гэта не была пропаведзь і ён казаў не толькі пра Бога, але, нам здаецца, што ягоная гісторыя, гэта і ёсць гістрорыя пра Бога. «У Бога ёсць план у дачыненні да Вас, у дачыненні кожнага з Вас». «Калі Бог вырашыў зрабіць чалавека без рук і без ног рукамі і нагамі любові, то і Вы зможаце стаць кім заўгодна, межаў няма». «Калі Вы чакаеце цуда, і цуд не адбываецца ў вашым жыцці, Вы можаце самі стаць цудам для кагосьці». Нік – гэта чалавек, які сам стаў цудам для іншых людзей. І мы вельмі радыя, што змаглі прычыніцца да гэтага цуда.

Падрыхтавала Ірына Грэйць

для друку для друку