Чым займаецца курыя?

kuria“Чым займаецца курыя? Раскажыце, калi ласка, падрабязней пра яе дзейнасць?”
Мiкiта

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Паняцце “курыя” паходзіць з лацінскай мовы. У Старажытным Рыме гэтым словам называлі месца пасяджэнняў Рымскага сената.

У Каталіцкім Касцёле тэрмінам “курыя” азначаецца адміністрацыйны апарат Апостальскай Сталіцы (Рымская Курыя), паасобных дыяцэзій, а таксама манаскіх інстытутаў ці таварыстваў апостальскага жыцця.

У кожнай дыяцэзіі ў Беларусі ёсць свая курыя. “Кодэкс кананічнага права” інстытуту дыяцэзіяльнай курыі прысвячае каноны 469 – 494. Згодна з пастановамі кодэкса, дыяцэзіяльная курыя складаецца з устаноў і асоб, якія дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў кіраванні ўсёй дыяцэзіяй, асабліва ў пастырскай дзейнасці, эканамічнай сферы і выкананні судовай улады (пар. кан. 469). Найпрасцей можна сказаць, што курыя пад кіраўніцтвам біскупа каардынуе дзейнасць Касцёла ў дыяцэзіі. Да яе заданняў належаць таксама зносіны з іншымі касцельнымі ўстановамі, прыватнымі асобамі, а таксама са свецкай супольнасцю.

Найбліжэйшымі супрацоўнікамі біскупа ў курыі з’яўляюцца генеральны вікарый, біскупскія вікарыі, канцлер, эканом і кіраўнікі розных ведамстваў курыі.

Генеральны вікарый падтрымлівае біскупа ў кіраванні дыяцэзіяй, выконвае адміністрацыйныя заданні, разглядае найбольш важныя бягучыя справы, прымае наведвальнікаў і прадстаўляе дыяцэзіяльнага біскупа.

Біскупскія вікарыі прызначаюцца біскупам з мэтаю дапамогі яму ў кіраванні часткай дыяцэзіі, групай асоб або для вырашэння нейкіх спраў. Яны выконваюць свае функцыі ў межах атрыманых ад дыяцэзіяльнага біскупа паўнамоцтваў і задач.

Вельмі важную ролю адыгрывае канцлер курыі, асноўная задача якога – клапаціцца пра падрыхтоўку і рассылку курыяльных актаў, а таксама пра захоўванне іх у архівах курыі ў адпаведнасці з пастановамі кананічнага права. Маючы на ўвазе згаданыя абавязкі, можна сказаць, што канцлер адказны за дзейнасць канцылярыі (сакратарыяту) курыі. У канцылярыі курыі могуць служыць таксама натарыусы і сакратары.

Вялікаю дапамогу дыяцэзіяльнаму біскупу аказвае эканамічная рада і эканом. У святле агульных нормаў кананічнага права да кампетэнцыі эканамічай рады, якую ўзначальвае сам дыяцэзіяльны біскуп, належыць кансультацыя, падрыхтоўка адпаведных планаў і кантроль у сферы эканамічных пытанняў дыяцэзіі.

Такім чынам, курыя і яе супрацоўнікі, дапамагаючы біскупу ў кіраванні даручанай яго пастырскай апецы часткай Божага народа, служаць таксама святарам і вернікам дыяцэзіі, якія могуць у выпадку патрэбы ў яе звяртацца.

 

для друку для друку