Чым з’яўляецца дыяцэзіяльны Сінод?

Слова «сінод» паходзіць з грэчаскай мовы і азначае сход і паход супольным шляхам. Сінод – гэта рэлігійная сустрэча, шлях, якім крочаць разам, — маецца на ўвазе згода на шляхах мыслення і дзейнасці.

У разуменні Кананічнага Права дыяцэзіяльны Сінод з’яўляецца кансультатыўным сходам, які ўтвараюць святары, кансэкраваныя і свецкія асобы Касцёла на тэрыторыі дадзенай дыяцэзіі, які скліканы і праводзіцца пад кіраўніцтвам біскупа, для новага апісання і вызначэння аблічча партыкулярнага Касцёла. Сінод – гэта сумесная падзея і выдатная нагода да ўзрастання ў веры і любові ў супольнасці.

Для чаго патрэбны дыяцэзіяльны Сінод?

Мы жывём у часы інтэнсіўных зменаў, якія ўтвараюць крызіс у чалавечых і рэлігійных каштоўнасцях. Таму належыць шукаць спосабы прапаведвання Евангелля Хрыста ў дыяцэзіі. Разам з Сінодам дыяцэзіяльны Касцёл шукае аўтэнтычныя карані хрысціянскай веры, пытаецца аб сваёй вернасці місіі, якую атрымаў ад Хрыста, і акрэслівае сваю ўнутраную тоеснасць і служэнне для свету.

З Сінодам дыяцэзіяльны Касцёл вучыцца “крочыць разам” як Божы народ, які дазваляе кіраваць сабой Божаму Слову, каб збудаваць Касцёл прыгожы і любячы, здольны ўказваць людзям нашых часоў любоў Бога са сведчаннем еднасці і любові і здольны абвяшчаць Евангелле належным і пераканаўчым чынам.

Якія мэты дыяцэзіяльнага Сінода?

Мэтай Сінода з’яўляецца прачытанне знакаў часу, разважанне над грамадска-душпастырскай сітуацыяй супольнасці дыяцэзіяльнага Касцёла і накрэсленне найважнейшых задач на будучыню. Таксама яго мэтай з’яўляецца аднаўленне ў дыяцэзіі навукі тэалогіі, душпастырства і касцёльнага права. Сінод павінен мабілізаваць душпастыраў і вернікаў да вывучэння найважнейшых дакументаў, якія дапамогуць наблізіць бачанне Хрыстовага Касцёла, і ўказаць канкрэтныя задачы, што стаяць перад партыкулярным Касцёлам, якім з’яўляецца дыяцэзія.

Мэтай Сінода з’яўляецца будаванне супольнасці Касцёла, заснаванай на любові і ўзаемным даверы. Сінод сведчыць аб дапамозе біскупу для дабра ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці праз: паглыбленне еднасці біскупа з прэзбітэрыем і ўсёй супольнасцю дыяцэзіі, клопат пра духоўнае дабро вернікаў, прачытанне знакаў часу, вызначэнне галоўных кірункаў душпастырскай працы і ажыўленне душпастырскай актыўнасці, паглыбленне рэлігійнага жыцця Божага народу, клопат пра свядомы ўдзел вернікаў у літургіі Касцёла, абуджэнне адказнасці вернікаў за Касцёл і паглыбленне эклезіяльнай свядомасці, клопат аб як мага больш глыбокім духоўным з’яднанні вернікаў з Хрыстом і паміж сабой, выпраўленне магчымых памылак у сферы дактрыны і звычаяў, калі такія выяўляюцца ў дыяцэзіі.

Важнай мэтай Сінода з’яўляецца дапамога біскупу ў выкананні яго настаўніцкай, літугічнай і пастырскай функцый у дыяцэзіі. Сінод праз сваю дзейнасць павінен мабілізаваць усіх вернікаў, духоўных і свецкіх, да ажыўлення духу святасці, а праз гэта – і адказнасці за Касцёл мясцовы і Паўсюдны.

Дыяцэзіяльны Сінод, кіруючыся пастаральнымі мэтамі, павінен аднавіць душпастырства ў дыяцэзіі праз ажыўленне парафіяльных супольнасцяў. Да ўдзелу ў Сінодзе запрашаюцца ўсе касцёльныя супольнасці і групы, рухі і арганізацыі дыяцэзіі, якія спаўняюць умовы эклезіяльнасці. Душпастырскі клопат ахоплівае ўсіх дыяцэзіян і ўказвае на патрэбу шырокага супрацоўніцтва духоўных асобаў са свецкімі.

Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку