Christus vivit! У Браславе прайшлі Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі

Christus vivit! Хрыстус жыве! — пад такiм дэвiзам з 22 па 25 ліпеня 2019 года прыходзілі Дыяцэзіяльныя Днi моладзi ў Браславе, якая аб’яднала сёлета каля 100 чалавек з розных парафiй. Менавiта такiмi словамi названа адгартацыя Папы Францiшка для моладзi, выдадзеная ў красавiку гэтага года. 

Праграма гэтай сустрэчы была насычаная. Распачалося адкрыццё Дзён моладзi святой Iмшой, якую ўзначальваў бiскуп Алег Буткевiч. Таксама ў першы дзень адбылася канферэнцыя кс. Антона Лагунёнка, падчас якой святар заклiкаў моладзь змагацца з сённяшнiм сучасным светам толькi з Божай дапамогай. Напрыканцы дня адбылася Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта і размеркаванне на начлег. Мясцовыя жыхары вельмi цёпла i гасцiнна прынялi ўсiх удзельнiкаў сустрэчы.

На другi дзень адбылася бiблiйная сустрэча, якую праводзiў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі і арганiзатар ДДМ кс. Алег Хмылко. У сваёй размове ён звярнуў увагу на тое, што ў гiсторыi каталiцкага Касцёла было шмат маладых людзей — Давiд, Iосiф, Эсфiр, Гедэон, Марыя, Марыя Магдалена, Езус. Але гэтыя людзi часамi нягледзячы на свой узрост, боязь змаглi прыняць Божую волю. На святой Iмшы ў сваiм слове кс. Антон Лагунёнак пазнаёмiў прысутных з асобай святой Брыгiды — апякункi Еўропы. Таксама ён дадаў, што ў сучасным свеце, дзе можна знайсцi ўсё ў інтэрнэце, не кожны цiкавiцца жыццём святых, iх прыкладам веры.

Вельмi ўразiла ўдзельнiкаў выстава i канферэнцыя Вольгi Чаркасавай «Два шляхi» з дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Вельмi балюча было чуць, што ў сучасным свеце не шануецца чалавечае жыццё: у шматлiкiх краiнах легалiзавана эўтаназiя, ЭКА, аборты…

На трэцi дзень былі арганізаваны катэхезы ў трох тэматычных групах з рознымi лектарамi: блогер Ася Паплаўская распавядала пра праслаўленне Бога ў сацыяльных сетках, Вольга Чаркасава знаёмiла з адносiнамi памiж мужчынамi i жанчынамi да шлюбу i iх псiхалогiяй, Iрына Малочка расказвала пра чысцiню, свабоду, магчымасцi чалавека. Кожны ўдзельнiк мог самастойна выбраць больш карысную для сябе тэму з лектарам.

Адметнасцю трэцяга дня была размова з бiскупам Вiцебскiм Алегам Буткевiчам. Загадзя моладзь падрыхтавала пытаннi для яго. Размова была вельмi цiкавая, бо пытаннi былi незвычайныя, арыгiнальныя. Напрыклад, хтосьцi спытаў: «Якая Ваша самая любiмая малiтва?» На што iерарх адказаў, што лiчыць удзел у святой Iмшы сваёй любiмай малiтвай. Таксама іерарх заклiкаў моладзь практыкаваць удзел у адарацыях: «Нават калi ты не будзеш нiчога казаць, а проста маўчаць — гэта таксама малiтва. Бог ведае ўсё, што ты хочаш у Яго папрасiць i за што падзякаваць».

Скончыўся трэцi дзень канцэртам каталiцкага гурта з Вiцебска «Talitha Kum». Падчас выступлення духоўны кiраўнiк гурта а. Тамаш Мiка падзялiўся з намi сведчаннямi аздараўлення.

Вельмi хутка завяршыліся Днi моладзi. I вось ўжо апошнi дзень. Падчас св. Iмшы бiскуп Алег звярнуў нашу ўвагу на асобу святога Якуба — першага мучанiка з апосталаў. Таксама кожнага ўдзельнiка чакаў падарунак ад ардынарыя — Youcat — Катэхiзiс Каталiцкага Касцёла для моладзi. «Спадзяюся, ён не будзе пылiцца ў вас на палiцы», — дадаў iерарх. Напрыканцы бiскуп Алег падзякаваў усiм арганiзатарам мерапрыемства, і благаславiў удзельнiкаў.

 

Яна Барысевіч, тэкст
Дар’я Іваноўская, фота

для друку для друку