Чацвёртая гадавіна сыходу Бэнэдыкта XVI

Цудоўна мець Папу на пенсіі, які моліцца за Касцёл і за свайго наступніка, — гэта ўспрымаецца як прысутнасць, якая суправаджае, падбадзёрвае і супакойвае, выказаў меркаванне былы кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі з нагоды чацвёртай гадавіны аб’яўлення Бэнэдыктам XVI аб сваім намеры сысці ў адстаўку.

Лад жыцця, якога прытрымліваецца Папа на пенсіі з таго часу, цалкам адпавядае намеру, які выказаў ён сам у момант абвяшчэння свайго беспрэцэдэнтнага рашэння, — “жыць у малітве, у зацішку, у атмасферы духоўнасці і максімальнай сціпласці”, запэўніў кс. Ламбардзі, які з’яўляецца кіраўніком Ватыканскага фонда імя Ёзэфа Ратцынгера — Бэнэдыкта XVI.

Жыццё Папы на пенсіі працягвае прытрымлівацца накірунку, якім вызначаўся яго пантыфікат і пра які ён казаў у кнізе-інтэрв’ю «Бэнэдыкт XVI. Апошнія размовы”, — ставіць у цэнтры Бога і мець на першым месцы веру. Яшчэ больш цудоўным, па словах кс. Ламбардзі, бачыцца ўсведамленне Бэнэдыктам XVI “блізкасці сустрэчы з Богам і пражыванне сталага ўзросту як часу падрыхтоўкі і знаёмства з Панам”.

Кс. Ламбардзі з прыемнасцю адзначыў сяброўскія адносіны, якія ўсталяваліся паміж Бэнэдыктам XVI і яго наступнікам Францішкам. “Сціплая і спакойная духоўная блізкасць” жывіцца малітвай, сустрэчамі, тэлефоннымі размовамі, дадаў святар. “Так, мы з’яўляемся сведкамі беспрэцэндэнтнай рэчаіснасці, аднак, адначасова прыгожай і суцяшальнай”, бо кожнае з’яўленне папы Францішка і яго папярэдніка разам з’яўляецца “вялікай радасцю і цудоўным прыкладам адзінства Каталіцкага Касцёла”, заключыў кс. Ламбардзі.

Бэнэдыкт XVI быў абраны на Пасад св. Пятра 19 красавіка 2005 года. Яго Пантыфікат доўжыўся амаль 8 гадоў. 11 лютага 2013 года ён аб’явіў аб сваім намеры сысці ў адстаўку, і ўжо праз месяц, 13 сакавіка 2013 года, удзельнікі канклаву абралі яго наступнікам аргентынскага кардынала Хорхе Марыа Берголіа.

Ватыканскае радыё

для друку для друку