Час рэкалекцый – час паглыблення ўнутраннага кантакту з Богам

lagunionak_2 Рэкалекцыі – гэта духоўныя практыкаванні на працягу некалькіх дзён, асабліва прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі прабываюць у малітве, разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і блізкімі, іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця. Дапамогаю ў такіх разважаннях з’яўляецца навучанне, якое выкладаецца ў форме лекцый.

На пытанні пра рэкалекцыі адказвае пробашч парафіі св. Язафата Кунцэвіча, в. Канстанцінава, Віцебскай дыяцэзіі, кс. Антон Лагунёнак.

— Пасля працяглага часу атэізму паняцце ”рэкалекцыі” было новым для маладога пакалення. Паважаны кс. Антон, успомніце, калі ласка, рэкалекцыі, у якіх вы прымалі ўдзел як вернік, і падзяліцеся ўражаннямі.

— Свае першыя рэкалекцыі я меў падчас школьных гадоў, калі, шчыра кажучы, яшчэ не меў жадання маліцца, хадзіць у касцёл, калі вера была яшчэ неглыбокай. А ўжо ў 10-11 класах, калі вера стала больш глыбейшай, можна сказаць сталай, ужо імкнуўся пазнаваць Бога, мець блізкія адносіны з Ім праз малітву, праз разважанні.

І вось менавіта рэкалекцыі вельмі добра паспрыялі таму, каб, па-першае, мая вера ўсталявалася, а па- другое, каб праз духоўныя практыкаванні, якія адбываліся ў нашай парафіі, я распазнаў пакліканне. Першае, што мяне ўразіла ў тых рэкалекцыях, што яны былі прызначаны не, напрыклад, да часу Адвэнту або Вялікага посту, а менавіта для канкрэтнай групы вернікаў нашай парафіі, гэта была група моладзі. Выглядалі яны наступным чынам: мы выязджалі на вёску, недалёка ад касцёла, дзесьці за 5 км. Там на працягу тыдня мелі розныя духоўныя практыкаванні, нейкія гульні, і такім чынам пазнавалі не толькі Бога, а таксама адносіны паміж людзьмі, паміж моладдзю. Гэта мне вельмі запомнілася. Такія рэкалекцыі былі кожнае лета, але і пад час Адвэнту наш пробашч праводзіў такія рэкалекцыі ў групах для старэйшай моладзі і дзяцей малодшага пакалення. Яны праходзілі 1-2 дні ў так званым араторыуме, доме для спаткання моладзі.

— Кс. Антон, у перыяд Вялікага посту Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў прыняць удзел у рэкалекцыях. Скажыце, калі ласка, ці існуюць нормы для іх правядзення і хто павінен іх праводзіць?

— Рэкалекцыі праводзіць святар, а не свецкая асоба, бо ён мае паслугу святой споведзі, паслугу адведвання хворых, калі ёсць такая практыка ў парафіі. Нейкіх спецыяльных нормаў правядзення, дзе было б сказана колькі дзён або канкрэтна ў які дзень павінна быць праведзена святая Імша або адарацыя – няма. Усё залежыць ад пробашча парафіі. Ён вырашае, гледзячы на структуру сваёй парафіі, колькі вернікаў, якія вернікі, якія яны маюць патрэбы і г. д.. Калі кажам пра рэкалекцыі адвэнтовыя і вялікапостныя, то я лічу, што гэта абавязковыя практыкі, бо часамі некаторыя святары не лічаць важным праводзіць іх у часе Адвэнту, а толькі ў Вялікі пост.

Я лічу, што і ў адзін і ў другі перыяд яны з’яўляюцца важнымі, бо прыносяць багаты, вялікі плён для вернікаў канкрэтнай парафіі. Калі казаць пра структуру рэкалекцый, або пра тое, як яны выглядаюць, то асабіста я праводжу іх тры дні. Кожны дзень адбываецца святая споведзь, а таксама розныя набажэнствы, якія спрыяюць духоўнаму ўзрастанню вернікаў: пакутнае набажэнства, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, у часе Вялікага посту Крыжовая дарога, Песні жальбы і г. д.. Кожны дзень цэлебруецца святая Імша, падчас якой прамаўляецца гамілія.

— Мэтаю рэкалекцый з’яўляецца паглыбленне ўнутранага кантакту з Панам Богам, аднаўленне духоўнага жыцця верніка. Скажыце, калі ласка, кс. Антон, а калі Вы праводзіце рэкалекцыі, то якім прынцыпам карыстаецеся пры выбары тэмы лекцый, тэмы гаміліі?

— Па-першае, гляджу які гэта перыяд. У Адвэнце больш увагі канцэнтрую на тэму ўцелаўлення Божага Сына і падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Калі вялікапосныя — то тэматыка смерці і ўваскрасення Хрыста. Але не заўсёды. Часам, калі едзеш у іншую парафію на рэкалекцыі, то, зазвычай, пытаешся у таго пробашча, што ён жадае, якая тэма павінна быць ўзнята у гэтай парафіі, бо вернікі маюць у гэтым патрэбу. Па-другое, калі прапануюць вольную тэматыку, то я раблю акцэнт на святых сакрамантах. Часамі мае тэмы датычацца сакраманту пакуты і паяднання, т. зв. святой споведзі. Закранаю тэму граху, навяртання, унутранай перамены жыцця чалавека.

Таксама шматлікія тэматыкы, якія датычаць Эўхарыстыіі: перажывання святой Імшы, пастава падчас святой Імшы, што святая Імша дае верніку, якія вялікія даброты можна атрымаць падчас Эўхарыстыі. Тэмы могуць быць розныя. Напрыклад, тэалагічныя цноты – вера, надзея, любоў. Пра веру можна разважаць і разважаць, таму тэму знайсці не складана.

— Зараз Касцёл перажывае год Божай Міласэрнасці. Скажыце, калі ласка, ці накладае гэта падзея на святароў, якія праводзяць рэкалекцыі, нейкія асаблівыя патрабаванні?

— Калі ўспамінаем словы Папы Францішка, які звяртаўся да святароў, каб у год Божай Міласэрнасці паказаць людзям міласэрнасць Айца Нябеснага, то мы мусім ставіць акцэнт на міласэрнасці Бога. Перадусім, падчас паслугі ў канфесіянале старацца даносіць вернікам, што Бог ёсць міласэрны, што Бог ёсць Любоў, што Ён нясе нам прабачэнне, дзякуючы гэтай міласэрнасці. Падчас рэкалекцый, у гаміліі я асабіста стаўлю такі акцэнт. Кожны літургічны год чамусці прысвечаны. Не так даўно, напрыклад, быў год веры. Там мы разважалі на тэму веры: якая вера, што яна дае, як яе паглыбляць. Гэта значыць, што ў год Міласэрнасці больш увагі будзем надаваць гэтай тэме: кім ёсць Айцец Нябесны, якая Яго міласэрнасць у адносінах да нас, што яна нам дае.

— Час рэкалекцый – час рахунку сумлення, час асаблівай працы над сабой. Растлумачце, кс. Антон, калі ласка, які даюць плён, апроч шчырай споведзі, гэтыя дні для верніка?

— Па-першае, рэкалекцыі для веруючага чалавека, для практыкуючага парафіяніна – час задумы над сваім жыццём. Гэты час вельмі спрыяльны, бо, вядома, што святая споведзь у гэтым вельмі дапамагае. Але ж святую споведзь мы маем хоць кожны дзень, пры жаданні можна пайсці да святара і папрасіць яго аб споведзі, а рэкалекцыі кожны дзень мы не маем. І тут галоўнае не дапусціць памылку, зрабіўшы акцэнт на тым, што рэкалекцыі – гэта толькі святая споведзь. Маўляў, я паспавядаўся перад святамі, і дастаткова. Не, у такім выпадку губляецца сэнс рэкалекцый, бо яны – роздум над сваім духоўным жыццём. Па-другое, залежыць ад самаго чалавека, што ён хоча атрымаць. Калі ён паставіцца адказна да гэтай справы, то сапраўды атрымае шматлікія багатыя плёны: не толькі пакаянне падчас споведзі, але і зробіць нейкія высновы са свайго жыцця, зробіць новыя пастановы, магчыма зробіць змены ў сваім духоўным жыцці, палепшацца яго адносіны з Богам, узнікне больш глыбокая малітва, праявіць міласэрнасць і любоў да іншага чалавека і г. д.. Таму рэкалекцыі – гэта час духоўнага ўзбагачэння самаго чалавека.

— Сярод вернікаў, асабліва ў невялікіх парафіях, існуе непрапісаная традыцыя, калі некаторыя з іх прыступаюць да сакраманту споведзі толькі падчас рэкалекцый у час Адвэнту або Вялікага посту, матэвіруючы гэта тым, “каб не спавядацца ў свайго святара”. Ці правільна гэта? І што Вы можаце параіць такім вернікам.

— Гэта пытанне датычыць непасрэдна святой споведзі. Калі шчыра разважаць, то гэта справа адносіцца не толькі да рэкалекцый. Часта можна назіраць, што калі ў парафію прыязджае новы святар, то ўсе адразу бягуць да яго спавядацца, нібыта баяцца свайго пробашча. Тут трэба закрануць менавіта сам фундамент споведзі, на чым яна палягае і што азначае для верніка.

Кожны хрысціянін павінен ведаць, што святая споведзь гэта не сустрэча са святаром, а сустрэча з Богам. Але псіхалагічны момант заўсёды прысутнічае. Нельга сказаць, што, калі пойдуць на споведзь да іншага святара, то споведзь будзе несапраўднай. Не, яна будзе сапраўднай, Бог прабачыць грахі гэтаму чалавеку, але тут ужо мы бачым падыход самаго чалавека да святой споведзі: ці ён усведамляе, што ідзе на сустрэчу з Панам Богам, ці не ўсведамляе. Калі ўсведамляе, то гэта не можа стаць бар’ерам, і ён пойдзе да таго святара, у якога часта спавядаўся, які з’яўляецца яго пробашчам і г. д..

А наконт таго, што не пайду да свайго пробашча, каб ён мяне не ругаў за тое, што не хаджу часта ў касцёл і не спавядаюся, таму пайду да другога святара, гэта азначае, што ўзнікае псіхалагічная боязь. Таму, усё залежыць ад самаго верніка – як ён ставіцца да святой споведзі.

Калі казаць пра тых, што спавядаюцца толькі ў час Адвэнту і Вялікага посту, то тут ужо адразу можам знайсці адказ: чым ёсць споведзь для гэтых людзей. Хутчэй за ўсё гэта як дапаўненне да святаў – трэба зрабіць, так патрэбна, так рабілі заўсёды. Трэба змяніць сваё разуменне святой споведзі, зразумець, што гэта сустрэча з Богам, а святар толькі распарадчык, які праз Духа Святога адпускае грахі гэтаму чалавеку.

— Кс. Антон, а чым для Вас, цяпер ужо як для святара, з’яўляюцца дні рэкалекцый?

— Як святар, як пробашч, я павінен распланаваць рэкалекцыі ў сваёй парафіі, таму часам губляецца пачуццё гэтых рэкалекцый, бо ты мусіш усё даглядзець: каб усе людзі былі паспавяданыя, каб хворыя былі адведзеныя. І таму здараецца так, што вернікі больш глыбей перажываюць гэты час. Але не заўсёды. Ёсць штогадовыя рэкалекцыі для святароў, якія сам выбіраеш і там асабіста застаноўліваешся, бо хочаш гэтай цішыні, роздуму над жыццём, каб ніхто не перашкаджаў, каб не перашкаджалі штодзённыя святарскія справы. Таму такі час вельмі чакаеш праз цэлы год, бо, безумоўна, ёсць патрэба. Пры жаданні, можна і часцей, але, маючы шмат абавязкаў, часта паехаць не атрымоўваецца. Таму, з вернікамі перажываеш рэкалекцыі, але не настолькі глыбока, як асабіста.

— Вялікі дзякуй, кс. Антон, за змястоўныя адказы.

Гутарыла Алена Татун.

для друку для друку