Час падрыхтоўкі

AdwentУ Рыма-каталіцкім касцёле 29 лістапада распачынаецца Адвэнт — перыяд года, які дапамагае падрыхтавацца да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Хоць Адвэнт ужо больш не лічыцца посным часам, ён прасякнуты сумам па тым, што ў нашай душы штосьці можа яшчэ аддаляць нас ад Бога і бліжніх.

Хрыстос быў і будзе заўсёды. Ён стаў чалавекам, каб даць людзям магчымасць вярнуцца ў страчаны стан еднасці з Богам і з усім, што Бог стварыў. Богачалавек нарадзіўся ў Ізраілі ў горадзе Бэтлееме (Віфлееме). У беларускай культуры абставіны нараджэння Хрыста займалі важнае месца. Між іншым, яны паказваліся ў лялечных тэатрах, якія так і называліся — батлейкі.

З даўніх часоў было прынята святкаваць Божае Нараджэнне 25 снежня. Толькі Вялікдзень (Пасха) з’яўляецца больш важным святам.

25 снежня мы ўзгадваем першае прышэсце Сына Божага да людзей. Тады Хрыстос паказаў чалавецтву кірунак нашых жаданняў. Мы запрошаны, нібы вандроўнікі, ісці ў гэтым напрамку ўсё сваё жыццё.

Шмат дарог вядзе да Бога: дабро, праўда і прыгажосць. Больш за тое, сам Хрыстос становіцца дарогай да неба. Ён паказаў нам, што ў жыцці мы не зможам пазбегнуць цярпенняў, але іх можна перанесці годна. Ён дае нам моц падымацца над нашымі слабасцямі.

Праз успамін першага прышэсця Хрыста нашы думкі скіроўваюцца на чаканне Яго другога прышэсця. Гэта яшчэ адзін матыў Адвенту. У канцы часоў зло будзе пераможана. Мы запрошаны рыхтавацца, каб сустрэча з Хрыстом стала для нас момантам радасці і захаплення.

Яшчэ не так даўно на некаторых тэрыторыях Адвэнт перажываўся як Вялікі пост. Гэта практыка была зменена. “Адвэнт з’яўляецца перыядам пабожнага і радаснага чакання”, — так сказана ў афіцыйным дакуменце Рыма-каталіцкага касцёла (1969 г.). Аднак мы не можам быць пасіўнымі ў гэты час. Бог не дзейнічае ў жыцці чалавека аўтаматычна, без нашага актыўнага ўдзелу, а раскайванне важна для нас не толькі падчас Вялікага посту.

Успомнім яшчэ раз пра важныя ўчынкі хрысціяніна: малітву, абмежаванне ў ежы, праяўленне міласэрнасці. Можна паспрабаваць у Адвэнце адмовіцца ад дрэнных звычак і рабіць розныя ўчынкі міласэрнасці: суцяшаць засмучаных, цярпліва зносіць знявагу, ахвотна прабачаць крыўду, маліцца за жывых і памерлых, накарміць галодных, падзяліцца адзеннем з беднымі, прыняць у дом падарожнага, клапаціцца пра хворых, не забывацца пра вязняў…

Ксёндз Кірыл Бардонаў для sb.by

для друку для друку