Чарговую прэмію «За духоўнае адраджэнне» атрымалі прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі

9 студзеня ў Палацы Рэспублікі ў Мінску адбылося ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2018 г. Сярод лаўрэатаў — прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі.

Па выніках мінулага года былі прысуджаны чатыры прэміі «За духоўнае адраджэнне». Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Сярод іншых, прэмія была прысуджана калектывам Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што спрыяе ўзбагачэнню духоўнай спадчыны.

Такім чынам, прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі ўжо ў шосты раз атрымалі прэстыжную ўзнагароду ад кіраўніка дзяржавы.

У 2005 г. пробашч парафіі св. Ганны ў в. Мосар кс. Ёзас Булька стаў першым беларускім каталіцкім святаром, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Гэтай прэміяй у розныя гады былі таксама адзначаны і іншыя прадстаўнікі мясцовага Касцёла: біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін (2006 г.), рэжысёр Юрый Гарулёў (2006 г.), дырэктар віцебскага аддзялення Caritas Віталій Кульпекша (2013), пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы кс. Чэслаў Курэчка МІС (2016 г.).

Па выніках 2018 г. прэмія «За духоўнае адраджэнне» была ўручана Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у склад якой ўвайшлі кс. д-р Ян Крэміс, д-р Марына Пашук, кс. ліц. Валерый Быкоўскі, кс. ліц. Аркадзь Куляха OCD, кс. ліц. Ян Кучынскі, кс. ліц. Ігар Лашук, кс. Францішак Кісель, маг. Антон Кузьміч, Марыя Барткова.

Праца калектыву ўключала ў сябе не толькі карпатлівую працу ў галіне перакладу тэкстаў Бібліі, але і актыўны ўдзел членаў групы ў сімпозіумах, канферэнцыях, круглых сталах і выставах.

Адной з апошніх навукова-культурных падзей стала выстава «Беларусь і Біблія», якая прайшла ў верасні–кастрычніку мінулага года ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Каталіцкі Касцёл тады выступіў кампетэнтным партнёрам і актыўным удзельнікам навуковых круглых сталоў, што сабралі прадстаўнікоў розных канфесій, прафесій і узростаў, якія прыехалі з блізкага і далёкага замежжа. Уласная пазіцыя і абгрунтаванасць навуковых высноў у сферы біблейскай герменеўтыкі выклікалі павагу ў сусветнай навуковай супольнасці.

Праца секцыі з’яўляецца прыкладам у сферы праявы ініцыятываў развіцця духоўных каштоўнасцяў. Вынікам гэтай працы стала яе прызнанне кіраўніком дзяржавы.

Падчас цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2018 г., прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове адзначыў: «Лаўрэаты прэміі „За духоўнае адраджэнне“ — людзі, якіх аб’ядноўвае высакароднае імкненне зрабіць свет больш добрым і прыгожым.

Калі ўдумацца глыбей, то само паняцце „духоўнае адраджэнне“ для беларускага народа не проста прыгожая метафара — гэта гімн лёсу беларускага народа.

Шмат выпрабаванняў выпала на долю нашай роднай зямлі. Але яна заўжды адраджалася і пачынала квітнець яшчэ больш. Стагоддзямі выхоўваўся і гартаваўся наш нацыянальны характар. Мы сталі больш мудрымі, талерантнымі, а самае галоўнае — больш моцнымі ў сваёй веры ў дабрыню», — сцвердзіў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што ва ўмовах, калі свет губляе духоўныя арыенціры, мы імкнемся захаваць унутраную чысціню.

«І гэта адбываецца не само па сабе, а дзякуючы асабістаму прыкладу і актыўнай дзейнасці цудоўных людзей з велічнымі ідэямі, высакароднымі імкненнямі. Людзей шчырых і бескарыслівых у сваіх справах.

Іх праца не вымяраецца лічбамі і нейкімі эканамічнымі паказчыкамі. Яна не мае цаны і, безумоўна, заслугоўвае прызнання дзяржавы на самым высокім дзяржаўным узроўні, павагі і ўдзячнасці ўсяго беларускага народа»,— падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

catholic.by

для друку для друку