Чаму жанчыны не пакрываюць галаву ў каталіцкай святыні?

Чаму жанчыны не пакрываюць галаву ў каталіцкай святыні? Пра гэты абавязак кажа 1-ае Пасланне апостала Паўла да Карынцянаў (11, 5). Марыя Жамойда.

Калі чытаем Святое Пісанне, у прыватнасці лісты св. апостала Паўла, знаходзім шмат тэкстаў, дзе даюцца парады не толькі адносна веры, але і культуры, штодзённага жыцця, звычаяў і г. д. Сапраўды, там жа можам знайсці і згадку аб пакрыцці галавы ў святыні.

“І кожная жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сябе, бо выглядае як аголеная” (1 Кар 11, 5).

Трэба разумець, што св. Павел пісаў гэты ліст да жыхароў Карынта, таму і разважаць дадзены ўрывак неабходна ў кантэксце абставін таго часу.

У Карынце размяшчаўся храм багіні Афрадыты, якая, паводле грэчаскай міфалогіі, лічылася багіняй кахання. Між іншым, святыня славілася тым, што ў яе межах практыкавалася рытуальная прастытуцыя. Жанчына, якая прапанавала свае паслугі, заўсёды была абстрыжаная. Маючы аголеную галаву, яна давала знак, што з’яўляецца “храмавай прастытуткай”. У сувязі з гэтым у тагачаснай хрысціянскай супольнасці ўсталявалася меркаваннне, што жанчына з аголенай ці непакрытай галавой супраціўляецца ўстаноўленаму Божаму парадку. Св. Павел пачаў вучыць верніц насіць доўгія валасы ці прыкрываць галаву, каб Касцёл у Карынце вылучаўся сярод сапсаванай паганскай культуры, што панавала ў горадзе. “Таму выйдзіце ад іх і адлучыцеся, – кажа Пан, – і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас” (2 Кар 6, 17).

З вышэйзгаданага бачым, што карынцяне добра разумелі, у чым справа, калі апостал папярэджваў жанчын аб прыкрыцці галавы ў святыні. Сёння Каталіцкі Касцёл жыве канонамі Кодэкса з 1983 года, у якім не адзначаецца дадзены абавязак.

Гэты старадаўні звычай ужо не з’яўляецца істотным элементам нашага ўдзелу ў літургіі. Куды больш важна зазірнуць унутр чалавека. Паглядзець на яго сумленне, на тое, як ён разумее літургічныя знакі, перажывае Эўхарыстыю і прымае св. Камунію. І толькі пасля мы можам надаваць значэнне знешнім момантам.

Разам з тым, зразумела, Касцёл не забараняе прыкрываць валасы ў святыні. Калі жанчына лічыць адпаведным надзець у храм хустку ці шапку, ёй варта гэта зрабіць.

Кс. Андрэй Лішко, grodnensis.by

для друку для друку