Чаму варта сябраваць з анёламі?

aniolМногія не вераць у анёлаў. Нічога дзіўнага, у рэшце рэшт, гэта ж нябачныя істоты. Аднак Касцёл вучыць, што свет імі аж перапоўнены. Ну хто яны такія?

Пачатак восені – гэта «час анёлаў» у літургічным календары. 29 верасня мы адзначаем свята Трох Арханёлаў – Міхаіла, Рафала і Габрыэля, а 2 кастрычніка ўспамінаем Анёлаў-ахоўнікаў. Хто такія анёлы? Даследчыкі кажуць, што гэта духоўныя істоты, створаныя Богам, каб служыць чалавеку. Кожны з нас мае асабістага анёла-ахоўніка, які дапамагае ў цяжкіх сітуацыях, падтрымлівае натхненне да добрага, а перш за ўсё вядзе нас да Бога.

Часцей за ўсё анёлаў-ахоўнікаў мы асацыюем з маленькімі дзецьмі – як на абразках, дзе крылатая фігура пераводзіць дваіх дзяцей праз кладачку. Аднак на самай справе анёл ніколі не аддаляецца ад чалавека. Ён з намі з самага пачатку, ад зачацця і да смерці. Таксама і Папы жылі ў блізкасці са сваімі ахоўнікамі. Пій XI раіў заклікаць дапамогу анёла перад пачаткам цяжкай размовы – верыў, што анёлы суразмоўцаў дамовяцца паміж сабой, і з размовы паўстане больш дабра. Ян ХХІІІ прызнаў, што на скліканне II Ватыканскага сабора яго натхніў анёл-ахоўнік. Гэты Пантыфік таксама раіў мець блізкія адносіны з анёламі.

Варта жыць у дружбе з анёламі. Чаму?

Кожны з нас адчувае натхненне да добрых або дрэнных учынкаў. Гэтыя натхненні паходзяць ад духаў – дрэнныя ад дэманаў, добрыя ад анёлаў. Калі мы сябруем са сваім анёлам, нам лягчэй атрымліваецца выбіраць дабро і адкідваць спакусы. Ужо сама блізкасць нашага анёла робіць так, што мы становімся больш дасканалыя. Тэолагі кажуць, што анёл як істота чыстая і бязгрэшная надае нам сваёй духоўнай прыгажосці ўжо праз сваё знаходжанне з намі. Штодзённа нямала спраў мы прыпісваем да выпадкаў, збегу абставінаў. Аднак для верніка няма выпадковасцяў. Гэтыя «выпадкі», якія палягчаюць нам добрае жыццё і дапамагаюць трываць з Богам, – гэта і ёсць, менавіта, дзейнасць анёлаў.

Але навошта нам анёлы, калі Бог той, Хто дае нам усё? Гэтую залежнасць можна паказаць наступным чынам: калі Бог гэта крыніца любові, сілы, ласкі, то анёл – гэта «канал», па якому гэтыя дары нам даюцца. Гэта складана, але проста прыміце на веру, што яно так. Жывіце ў дружбе са сваім анёлам-ахоўнікам, і не будзеце расчараваныя. Памятайце, што дзякуючы анёлу, які нас любіць і пра нас непакоіцца, мы ніколі не будзем самотныя.

Нарэшце ўспомнім, што Пан Бог кажа пра анёлаў:

«Вось Я пашлю анёла свайго, які будзе ісці перад табою і ахоўваць цябе ў шляху, і прывядзе да месца, падрыхтаванага Мною. Зважай на яго і слухай голас ягоны; не пагарджай ім, бо ён не даруе, калі зграшыш, таму што Маё імя на ім. Але, калі ты сапраўды будзеш слухаць голас ягоны і рабіць усё, што Я кажу, я стану ворагам тваіх ворагаў і праціўнікам тваіх праціўнікаў».(Зых 23, 20-22).

Паводле deon.pl

для друку для друку