Чаму святары не жэняцца?

 celibat“Чаму святары не жэняцца?” Марта

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP:

– У Рыма-каталіцкім Касцёле святары не жэняцца, жывучы ў цэлібаце, а святары-законнікі складаюць шлюб чыстасці. Вучэнне пра цэлібат у Касцёле не з’яўляецца дагматам веры, а дысцыплінарным правілам. Гэта правіла сягае сваімі каранямі да вытокаў хрысціянства.

Сярод апосталаў, якіх выбраў Езус, некаторыя былі жанатыя, а некаторыя – не, як, напрыклад, св. Ян. У Евангеллі таксама ўспамінаецца пра цэлібат. Напрыклад, у евангельскіх тэкстах паводле св. Марка (10, 29), св. Мацвея (19, 12) “ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага”. У Евангеллі паводле св. Лукі (18, 28-30) Езус гаворыць: “Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку – жыццё вечнае”.

Паводле каталіцкага вучэння, тыя, хто ідзе за святарскім ці манаскім пакліканнем, атрымліваюць ласку “непадзеленага сэрца”, што дазваляе больш свабодна служыць Богу і людзям. Цэлібат грунтуецца на веры і любові ў Бога і да Бога. Сам Езус Хрыстус, які з’яўляецца ўцелаўлёнай Любоўю, жыў у цэлібаце. Святар праз выключную любоў яднаецца з Касцёлам і праз цэлібат цалкам прысвячае сябе бескарыснай службе Хрысту і Яго Касцёлу. Святары не жэняцца, і гэта з’яўляецца прароцкім знакам у свеце аб новым стварэнні, аб жыцці, якое будзе пасля ўваскрашэння. Езус казаў: “Бо пры ўваскрашэнні не жэняцца, не выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах”.

Цэлібат, хутчэй, дапамагае святарам у душпастырскай дзейнасці. Як і ў кожнай справе, ёсць свае “за” і “супраць”. Калі святар сапраўды стараецца несці Евангелле людзям, то бясшлюбнасць – гэта добры “інструмент” службы Богу і Касцёлу.

для друку для друку