“Па якой прычыне святар адмовіўся пахрысціць дзіця?” Ірына
На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC:
– Адказваючы на Вашае пытанне, можна прывесці толькі прыкладны спіс прычын:
— Вы звярнуліся не да свайго пробашча, і Вас накіравалі ў Вашую парафію;
— святару выразна бачна, што Вы просіце пра хрост не па рэлігійных прычынах;
— хросныя не адпавядаюць нормам Кодэкса Кананічнага Права Касцёла;
— Вы просіце, каб хрост адбыўся ў літургічна непрымальным для гэтага часе;
— час да планаванай Вамі даты хросту не дазваляе правесці адпаведныя катэхезы.
Па вялікім рахунку, для хросту патрэбная згода прынамсі аднаго з бацькоў і надзея, што дзіця будзе выхаванае ў каталіцкай веры. Святарскі досвед падказвае, што праблемы ўзнікаюць менавіта з надзеяй. Нам падаецца, калі мы ўжо прыйшлі і выказалі сваю згоду на хрост дзіцяці, знайшлі хросных, то не павінна быць пытанняў. А святар назойліва задае пытанні, нібыта парушаючы таямніцы нашага сямейнага жыцця. А ці бралі Вы шлюб? Ці практыкуеце Вы веру? Чаму я Вас не бачу ў храме ў нядзелю? Адмоўныя адказы з Вашага боку могуць даць нагоду сумнявацца ў надзеі на каталіцкае выхаванне дзіцяці.
Святар мае і абавязак, і права пра ўсё гэта з Вамі паразмаўляць і вызначыць адпаведную падрыхтоўку да хросту. Вельмі часта мы незадаволеныя такімі паводзінамі святара, але ён распарадчык (ахоўнік) сакрамантаў, а не прадавец тавару, які не цікавіцца паходжаннем грошай за тавар.
