Чаму праваслаўе паўтарае, што католікі – ерэтыкі, а праўдзівая толькі праваслаўная вера?

“Вітаю! У мяне незвычайнае пытанне… Чаму праваслаўе паўтарае, што католікі – ерэтыкі, а праўдзівая толькі праваслаўная вера? Вельмі шмат ёсць публікацый А.І. Осіпава, дзе ён заўзята сцвярджае, што католікі – ерэтыкі, пра папізм, што няма чыстца. Шмат ёсць відэа, дзе бацюшкі нядобра адгукаюцца пра каталіцызм. Ледзь не да язычнікаў адносяць нашу веру. Шмат праваслаўных святых, падзвіжнікаў, празорцаў у свой час казалі, што католікі – ерась і няма ім збаўлення. Мая добрая знаёмая была каталічкай, перайшла ў праваслаўе. І бацюшка сказаў, што яна правільна зрабіла і выйшла з ерасі. Я збянтэжаная. Адкажыце, калі ласка. Марына”

На пытанне адказвае ксёндз Ян Раманоўскі:

– У гісторыі хрысціянства на працягу дваццаці стагоддзяў адбываліся розныя здарэнні. З’яўляліся таксама розныя тэорыі, якія не заўсёды былі згодныя з традыцыйным навучаннем і вельмі часта звязваліся з інтэрпрэтацыяй Святога Пісання на свой лад. Гэта, у сваю чаргу, станавілася падставай розных новых памылковых веравучэнняў, такіх, як маніхеізм, арыянізм, нестэрыянізм і інш. З’яўляліся новыя секты і супольнасці, нязгодныя з навучаннем апосталаў і Касцёла, заснаванага Езусам Хрыстом.

1054 год, напэўна, можна назваць момантам, калі хрысціянству была нанесена рана, якая “крывавіць” да сённяшняга дня. Адбыўся раскол, вялікая схізма паміж Рымам і Канстанцінопалем, калі папскія легаты адлучылі ад царквы Канстанцінопальскага патрыярха, а патрыярх – легатаў. Аднак лічыцца, што канчатковы падзел наступіў у 1204 г. пасля варварскага захопу Канстанцінопаля крыжакамі. Я не хачу ўваходзіць у гісторыю гэтых падзей і шукаць вінаватых, але прыгадаю кантэкст гэтага падзелу, які вельмі моцна паўплываў на адносіны паміж Рымска-Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што таксама адчуваецца і сёння.

У наш час вельмі часта гаворыцца пра розныя ініцыятывы, скіраваныя на экуменічны дыялог, на пошукі таго, што нас не розніць, але, наадварот, аб’ядноўвае. У гэтым адказе я не маю намеру выказвацца супраць Праваслаўнай Царквы, супраць вернікаў альбо духавенства, маючы да іх павагу і з’яўляючыся прыхільнікам дыялогу у духу любові, якой нас навучае Хрыстос. Тое, што мяне цікавіць, гэта паспрабаваць адказаць менавіта на пытанне, чаму для Праваслаўнай Царквы католікі з’яўляюцца ерэтыкамі, і як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі.

На жаль, не ўсё выглядае ў дыялогу паміж католікамі і праваслаўнымі так, як нам хочацца. Вельмі часта я таксама сустракаўся з такімі сітуацыямі, калі вернікі гавораць, што іх назвалі ерэтыкамі ў царкве, або калегі на працы праваслаўнага веравызнання гавораць, што святар так казаў пра католікаў. І падобных сітуацый вельмі шмат. На розных форумах, у кнігах можна прачытаць, што згодна з навучаннем Святых Айцоў Праваслаўнай Царквы, многіх патрыярхаў і звыклых святароў, католікі і Каталіцкі Касцёл – ерэтыкі, а экуменізм, дыялог паміж веравызнаннямі з’яўляецца справай шатана.

Я не эксперт у праваслаўным веравучэнні, але ведаю, што адной з прычын гэтага з’яўляецца непрызнанне вяршэнства Папы Рымскага, розніца ў некаторых дагматах і непрыняцце «філіёкве», праўды пра тое, што Дух Святы паходзіць не толькі ад Бога Айца, але таксама і ад Сына. Гэтая праўда веры была дададзена да Нікейска-Канстанцінопальскага сімвала веры Каталіцкім Касцёлам у ХІ стагоддзі.

Такім чынам, гэтыя і іншыя фактары з’яўляюцца прычынай таго, што Праваслаўнай Царквой католікі лічацца ерэтыкамі, якія адышлі ад праўдзівага веравучэння. Аднак цікава, што большая частка хрысціян ва ўсім свеце менавіта католікі. Дзейнасць Каталіцкага Касцёла не абмяжоўваецца толькі адным кантынентам, бо ідэнтычнасць Касцёла, напрыклад, для мяне, праяўляецца таксама ў яго прысутнасці на кожным кантыненце і таксама ў жаданні выканаць місійны загад Езуса: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19). І мне здаецца не вельмі лагічным у дадзеным выпадку гаварыць, што столькі хрысціян-католікаў трывае ў хлусні, жыве не так, як навучае Езус. Важным таксама з’яўляецца ў гэтым кантэксце той факт, што “Кодэкс Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла” ў каноне 751 гаворыць: ерэтыком ёсць той, хто не прымае канкрэтнай праўды веры, у якую трэба верыць верай боскай і каталіцкай, а таксама, што схізматыкамі ёсць тыя, хто не прымае вяршэнства Папы Рымскага альбо не знаходзіцца ў супольнасці з чальцамі Касцёла, які прызнае гэтае вяршэнства.

Аднак Каталіцкі Касцёл са свайго боку робіць усё магчымае, каб развіваць гэты экуменічны дыялог з іншымі веравызнаннямі, а ў першую чаргу, з Праваслаўнай Царквой, якая для нас вельмі блізкая. Але, на жаль, розныя публічныя выказванні на тэму Каталіцкага Касцёла з боку некаторых прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы не спрыяюць падобнаму братэрскаму дыялогу, але, наадварот, з’яўляюцца толькі нейкай фармальнасцю. І гэта, на маю думку, не вельмі добра сведчыць пра нас, хрысціян. Бо нашыя адносіны павінны будавацца на ўзаемнай павазе і падмурку, якім з’яўляецца любоў, каторай нас навучае Езус. Бо менавіта любоў паміж хрысціянамі ў першых вяках была прыкладам для іншых. І гэта таксама вельмі важна ў сучасным свеце, дзе ўсё больш пагарджаюць хрысціянскімі каштоўнасцямі, а хрысціяне, што даюць сведчанне сваёй веры, усё часцей лічацца людзьмі другой катэгорыі. Сёння ў першую чаргу гэты дыялог і сведчанне ўзаемнай любові з’яўляюцца нашым заданнем.

Са свайго боку я магу сказаць, што сустракаў праваслаўных святароў і вернікаў, якія вельмі добра ставяцца да католікаў і ў пэўным сэнсе ўдзельнічаюць у дыялогу паміж католікамі і праваслаўнымі. Таксама такім чынам яны даюць сведчанне запаведзі любові паміж вызнаўцамі Хрыста. Важнымі з’яўляюцца таксама ў гэтым дыялогу, напрыклад, супольныя малітвы і сустрэчы.

Што да тых, хто пакідае сваю каталіцкую веру і пераходзіць, напрыклад, у праваслаўе, то шкада, што так здараецца. Для католіка – гэта цяжкі грэх, адмаўленне сваёй веры. Але для мяне гэта з’яўляецца таксама сведчаннем таго, што чалавек не ведае на самай справе сваёй веры, сваёй традыцыі, не цэніць гэтага і, на жаль, часта не ведае, у што верыць. Я магу памыляцца, але лічу, што той, хто так лёгка пакідае каталіцкую веру, не быў добрым католікам, бо не пазнаў усё багацце рэлігійнага і духоўнага жыцця або нічога не рабіў, каб пазнаць і зразумець тое, што можа атрымаць у Каталіцкім Касцёле.

Вам, спадарыня Марына, я жадаю трывання і ўзрастання ў каталіцкай веры. Няхай Добры Бог бласлаўляе!

для друку для друку