Чаму Папа Рымскі змяніў тэкст малітвы “Ойча наш”?

Гаворка ідзе пра адзін спрэчны радок: “…і не ўводзь нас у спакусу”.

Свецкая сусветная прэса 6 чэрвеня паведаміла пра тое, што Папа Рымскі Францішак дазволіў змяніць англамоўны тэкст галоўнай хрысціянскай малітвы “Ойча наш”. Насамрэч гаворка ідзе пра новую рэдакцыю Імшала (богаслужбовай кнігі) на італьянскай мове, якую зацвердзіў Пантыфік, і ў якой ёсць змены некаторых малітваў. Нагадаем, раней французскі епіскапат зацвердзіў новы пераклад гэтай малітвы, а кіраўнік Каталіцкай царквы пагадзіўся з тым, што малітва першапачаткова была няправільна перакладзеная. Гаворка ідзе пра адзін спрэчны радок: “…і не ўводзь нас у спакусу”. Зараз у новым Імшале яна будзе гучаць “…не дай нам паддацца спакусе”.

– Гэта не Бог уводзіць мяне ў спакусу, каб потым убачыць, як я ўпаў. Нябесны Айцец не робіць гэтага. Нябесны Айцец дапамагае неадкладна ўстаць. Гэта д’ябал уводзіць нас у спакусу, гэта ягоныя дзеянні, – сказаў Папа Францішак.

Паводле яго, адказнасць за спакусу верніка ускладаецца на сатану, а не на Бога. Гасподзь, наадварот, дапамагае ад яе пазбавіцца. Бог дазваляе нам адчуваць спакусу, але мы павінны самі зрабіць выбар.

Паведамляецца, што новай рэдакцыі Імшала папярэднічалі 16 гадоў даследаванняў біблейскіх тэкстаў. Багасловы прыйшлі да высновы, што першапачатковы тэкст малітвы, прамоўлены Езусам Хрыстом на арамейскай мове, мог быць скажоны пасля перакладу на грэчаскую і наступнага перакладу на іншыя еўрапескія мовы.

Як паведамлялася раней, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што ў Беларусі і Расіі змяніць малітву “Ойча наш” будзе складана. Вось як яна цяпер гучыць па-беларуску:

Ойча наш, каторы ёсць у небе,

свяціся iмя Тваё,

прыйдзi Валадарства Тваё,

будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi.

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,

і адпусцi нам правіны нашы,

як i мы адпускаем вiнаватым нашым,

і не ўводзь нас у спакусу,

але збаў нас ад злога.

Katolik.life

для друку для друку