Чаму падчас Св. Камуніі не ўдзяляецца Кроў Хрыста?

kamunija“Хвала Хрысту! Чаму ў многіх касцёлах падчас св. Імшы вернікі прымаюць толькі Цела Хрыста, а Святую Кроў – не?” Ян

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP:

 – Хвала навекі! Паважаны Ян! Дзякую за пытанне!

У адпаведнасці з Канстытуцыяй пра Святую Літургію Другога Ватыканскага Сабору ў Лацінскім Касцёле быў вернуты спосаб прыняцця Святой Камуніі праз вернікаў пад дзвюма постацямі з абмежаванасцю ў канкрэтных выпадках (гл. KЛ 55).

Настойліва рэкамендуецца больш дасканалы спосаб удзелу ў св. Імшы, калі пасля камуніі святара вернікі спажываюць Цела Пана з той самай Ахвяры. Захоўваючы вызначаныя Трыдэнцкім Саборам дагматычныя прынцыпы, у выпадках, акрэсленых Апостальскай Сталіцай, біскуп можа дазволіць св. Камунію пад дзвюма постацямі як дыяцэзіяльнаму духавенству і кансэкраваным асобам, так і свецкім, напрыклад, тым, якія ў дадзенай Імшы атрымалі пасвячэнне ці далі манаскія абяцанні, або новаахрышчаным на Імшы, што адбываецца пасля іх хросту.

Такія сітуацыі, калі дазвол біскупа можа даць згоду на прыняцце Св. Камуніі пад дзвюма постацямі, занесены ў Інструкцыі Eucharisticum mysterium ад 25.05.1967 г. у №32-м. Ліст упаўнаважаных прымаць святую Камунію пад дзвюма постацямі быў пашыраны ў адпаведнасці з Інструкцыяй Кангрэгацыі Божага Культу Sacramentali Communione ад 29.06.1970 г.

У адпаведнасці з гэтай інструкцыяй за межамі Апостальскай Сталіцы і біскупскіх канферэнцый і мясцовыя ардынарыі могуць вызначаць, калі і каму можна удзяляць Св. Камунію пад дзвюма постацямі. Таксама трэба паклапаціцца пра дастатковую катэхізацыю. У сувязі з выхадам новага Рымскага Імшала (1970) у Агульных уводзінах былі пададзены дактрынальныя прынцыпы і нормы, якія абавязковыя пры ўдзяленні Святой Камуніі пад дзвюма постацямі (№240-253).

  1. Больш поўны характар

Агульныя ўводзіны ў 1970 і 1975 гадах сцвярджаюць, што прыняцце Святой Камуніі пад дзвюма постацямі становіцца больш поўным праз вымову знаку (ratione signis pleniorem). Гэтая форма паказвае на больш дасканалае святло – “знак Еўхарыстычнай гасціны і ясна выказвае волю завяршэння новага і вечнага запавету ў Крыві Пана; таксама падкрэслівае сувязь паміж эўхарыстычнай гасцінай і канчатковай гасцінай у Валадарстве Нябесным” (№ 240; пар EM 32). Святая Камунія пад дзвюма постацямі з’яўляецца верным выкананнем запаведзі Хрыста падчас апошняй Вячэры, калі Ён устанавіў Эўхарыстыю:”бярыце і ешце”, “піце з яго, усе” (Мц 26, 26-27); указвае Эўхарыстыю як ахвярную гасціну (1 Кар. 10,16-22; 11,20); належыць да падзей, звязаных з гісторыяй збаўлення, ахвяры і гасціны, злучаных з першым запаветам (Зых 24, 11). Віно сімвалізуе ўрачысты характар гасціны (Пс 23, 5; 104, 15; Суддзяў 09, 13). Піццё кубка Пана прадказвае ўдзел у эсхаталагічнай (канчатковай) гасціне (Мц 26, 27-29; Лк 22, 17-18); келіх таксама з’яўляецца знакам вечнага запавету з Богам у Крыві Хрыста (Гбр 9, 15-22).

Імшальныя малітвы пасля Св. Камуніі часта спасылаюцца на прыняцце Цела і Крыві Хрыста як на прадказанне і чаканне нябеснай гасціны. Звяртаючыся да вучэння Трыдэнцкага Сабору, патрэбна нагадваць вернікам, што згодна з навучаннем Касцёла, «прымаем усяго Хрыста ў сапраўдным сакраманце таксама і пад адной постаццю» (№ 241). У 242 нумары ўзгадваюцца ўсе выпадкі, калі падчас Імшы, карыстаючыся сілай паўсюднага закона, можна ўдзяляць Св. Камунію пад дзвюма постацямі. Канферэнцыі Біскупаў і мясцовы ардынарый могуць таксама вызначаць іншыя выпадкі:

1) дарослыя неафіты падчас Імшы, якая наступае пасля хросту; дарослыя канфірмаваныя падчас св. Імшы, звязанай з Канфірмацыяй; ахрышчаныя, якія прымаюцца ў касцельную супольнасць;

2) сужэнцы падчас шлюбу ў спалучэнні са святой Імшой;

3) дыяканы падчас св. Імшы Пасвячэння;

4) ксені (ігуменні) падчас Імшы, калі яны атрымліваюць блаславенне; дзевы падчас Імшы іх кансэкрацыі; асобы, якія складаюць манаскія абяцанні або аднаўляюць іх падчас Св. Імшы, спалучанай з іх першай манаскай прафесіяй, яе аднаўленнем і вечнай прафесіяй, іх бацькі, сваякі і субраты;

5) свецкія місіянерскія памочнікі на Імшы, падчас якой публічна атрымліваюць місію, іншыя людзі падчас св. Імшы, у ходзе якой яны атрымліваюць Касцельную місію;

6) хворы, які прымае Віятык, і ўсе, хто прысутнічаў на імшы ў хатніх умовах;

7) дыякан і міністранты, якія выконваюць свае абавязкі падчас св. Імшы;

8) падчас канцэлебры (саслужэння):

а. усе, хто выконвае фактычныя богаслужбовыя функцыі, а таксама ўсе семінарысты, якія бяруць удзел у саслужэнні;

б. у сваіх цэрквах або капліцах: усе члены манаскіх інстытутаў, якія шлюбавалі жыццё паводле евангельскіх парадаў, і чальцы іншых таварыстваў, у якіх яны прысвячаюць сябе Богу праз манаскія шлюбы, ахвяраванне альбо абяцанне; у дадатак усе тыя, хто пастаянна пражывае ў доме гэтых манаскіх інстытутаў і таварыстваў.

9) Святары, якія ўдзельнічаюць ва ўрачыстасцях, але не могуць ні служыць, ні

саслужыць;

10) Усе, хто прымае актыўны ўдзел у св. Імшы падчас рэкалекцый; усе, хто прымае ўдзел у пасяджэнні душпастырскіх груп, падчас імшы, у якой сумесна ўдзельнічаюць;

11) асобы, названыя пад нумарамі 2 і 4 падчас іх юбілеяў;

12) хросны бацька, хросная маці, бацькі і сужэнец (-ка) а таксама свецкія катэхеты сталага неафіта падчас імшы, звязанай з яго ініцыяцыяй;

13) бацькі, члены сям’і і дабрачынцы, якія ўдзельнічаюць у св. Імшы новапасвячанага святара;

14) члены кангрэгацый і ордэнаў у канвентуальнай св. Імшы і Імшы Кангрэгацыі паводле нумару 76 гэтых уводзінаў.

  1. Новыя нормы для ўдзялення Св. Камуніі пад дзвюма постацямі

Перагледжаныя правілы ўдзялення Св. Камуніі пад дзвюма постацямі ёсць у Institutio Generalis Missalis Romani з 2000 г. пад нумарамі 281–287, спасылаючыся таксама на адпаведныя літургічныя кнігі (№ 283). Былы № 242 мае новае гучанне, у якім пашырана сфера асоб, каторыя, згодна з законам, а не як дагэтуль – дзякуючы згодзе дыяцэзіяльнага біскупа – могуць прымаць Св. Камунію ў дзвюх постацях.

З мэтай правільнай інтэрпрэтацыі нумару 283-га, Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў апублікавала ў сваім афіцыйным часопісе «Notitiae» тлумачэнне на тэму прыняцця Св. Камуніі пад дзвюма постацямі (Congregatio de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, La Comunione sotto le due specie, „Notitiae” 37 (2001) 256–258).

  1. Спосаб удзялення Св. Камуніі пад дзвюма постацямі

Агульныя ўводзіны ў Рымскі Імшал ад 1975 г. прадастаўляюць чатыры спосабы ўдзялення Св. Камуніі: шляхам прамога піцця з келіха, які падае дыякан (№ 244-245); шляхам апускання Гостыі ў Кроў Пана (Per intinction №246-247); шляхам піцця з келіха праз трубку (cum calamo 248-250); з дапамогай лыжачкі (cum cochlear № 251-252). Не дапускаецца, аднак, каб вернікі самі падыходзілі да алтара і самі спажывалі з келіха Кроў Пана. Такі спосаб зарэзерваваны толькі для святароў, каторыя цэлебруюць Эўхарыстыю. KKП ад 1983 года ў 925 каноне вырашае, што, як правіла, свецкія прымаюць Св. Камунію ў постаці хлеба, аднак у некаторых выпадках, акрэсленых уладай Касцёла, таксама могуць прымаць і ў постаці Крыві Пана. І ў выпадку неабходнасці, калі хтосьці не можа прымаць у постаці хлеба, той прымае ў постаці віна (гл. EM 41). Мясцовы ардынарый з дазволу Кангрэгацыі Дактрыны Веры можа дазволіць ўдзяленне Св. Камуніі ў постаці віна толькі пацыентам з целіякіяй.

Як правіла, часцей за ўсё Св. Камунія ўдзяляецца шляхам апускання Гостыі ў Кроў Пана або шляхам непасрэднага піцця з келіха (№ 244-245). Ад чаго гэта залежыць? Гэта залежыць ад колькасці вернікаў, прысутных на Св. Імшы. Падрабязнае апісанне таго, як можна прымаць Св. Камунію, апісана ў №246-247 Агульных уводзінаў у Рымскім Імшале.

Для ўдзялення Св. Камуніі пад дзвюма постацямі патрабуецца прысутнасць другога распарадчыка, звычайнага – святара альбо дыякана – ці надвычайнага (акаліта ці проста надзвычайнага распарадчыка Св. Камуніі). Кожны пробашч адказны перад Богам за духоўнае акармленне паствы сваёй парафіі, таму выконвае прадпісанні Касцёла і адказна, з душпастырскім падыходам дастасоўвае іх да сітуацыі ў парафіі, у якой нясе сваё пастырскае служэнне.

для друку для друку