Чаму нельга адкладаць споведзь

«Калісьці да споведзі я хадзіў раз у месяц, перад першай пятніцай месяца. Потым быў перыяд, калі я хадзіў радзей… »

У мяне такое ўражанне: што свядомая і сталая вера — гэта свядомая і споведзь, і тым больш патрэба споведзі.

Споведзь дзіцяці

Мы ўсе прайшлі праз этап Першай Святой Камуніі. Хіба ўсе тады былі ў захапленні ад Бога, анёлкаў, лагоднай Маці Божай або Езуса, схаванага ў Гостыі.

З іншага боку, страх нас пераймаў ад думак аб грозным Богу Айцу, які дзесьці ёсць у небе на воблаку і чакае толькі таго, каб выявіць нейкі грэх і пакараць нас. Гэты вобраз відавочна спрошчаны — але, на жаль, многія яго вынеслі з дзіцячых гадоў.

Калі такі вобраз замацаваўся ў нашай свядомасці, то і сэнс і неабходнасць споведзі пераставалі быць відавочнымі. Гэта хутчэй раздражняльны абавязак. Таму гэты абавязак трэба неяк «на галачку» адпрацаваць, паўтараючы завучаны з дзяцінства набор грахоў, часам узбагачаны чымсьці новенькім; а часам гэты абавязак выконваўся кожны раз радзей.

Я сам перажыў менавіта такі этап. Да споведзі хадзіў заўсёды, але гэта не былі частыя споведзі, і ўжо напэўна яны не былі глыбока свядомыя. Навучылі мяне перад Першай Камуніяй пэўных правілаў з кніжачкі, якія трэба было прачытаць перад споведдзю і пасля яе. Такія сабе сакрэтныя заклінанні… Потым ішоў набор грахоў. Ну і ўсё, да наступнага разу.

Навяртанне і Дзённік

Змена наступіла ў дарослым жыцці. Падчас вучобы. Я пачаў разумець, што споведзь гэта нешта большае, чым толькі прызнацца ў сваіх дапушчаных памылках і злу, якое здзейсніў. Да мяне дайшло, што споведзь — гэта сустрэча з Езусам.

Сур’ёзны падыход да споведзі палегчыла чытанне «Дзённіка» сястры Фаўстыны. Яе сведчанне пра сустрэчу з Езусам мае шмат фрагментаў, якія тычацца споведзі. Езус шмат разоў угаворвае і павучае, каб да гэтага сакраманту прыступалі часта. Каб сур’ёзна ўспрымалі навучанні і ўказанні спаведніка. Споведзь — гэта вялікі дар, пакінуты нам Панам Езусам. Ён называў яе судом міласэрнасці і паказваў на незлічоныя цуды, якія адбываюцца пры дапамозе канфесіянала.

Больш за ўсё мяне ўзрушыў адзін фрагмент з «Дзённіка» сястры Фаўстыны. Езус казаў пра споведзь: «Там — найбольшыя цуды, якія пастаянна паўтараюцца. Каб атрымаць гэты цуд, не трэба адбываць далёкае паломніцтва, ні складаць нейкія знешнія абрады, але дастаткова з вераю прыступіць да падножжа Майго намесніка і сказаць яму пра сваю бяду, і цуд Божай міласэрнасці з’явіцца ва ўсёй паўнаце. Нават калі душа, як труп, загнівае, і ў людскім разуменні ўваскрашэнне ўжо немагчымае, і ўсё ўжо страчана, для Бога гэта не так. Цуд Божай міласэрнасці ўваскрашае такую душу ва ўсёй паўнаце. (…) Калі прыступаеш да святой споведзі, да гэтай крыніцы міласэрнасці Маёй, заўсёды сплывае на тваю душу Мая кроў і вада, што выцекла з сэрца майго, і надае высакароднасць тваёй душы. Кожны раз, калі набліжаешся да святой споведзі, акунаешся цалкам у Маю міласэрнасць з вялікім даверам, каб Я мог выліць на тваю душу шчодрасць сваёй ласкі. Калі падыходзіш да споведзі — ведай пра тое, што Я сам у канфесіянале чакаю цябе, толькі засланяюся святаром, але сам дзейнічаю ў душы. Тут пакуты душы сустракаюцца з Богам міласэрнасці».

Мае прыгатаванні

Такім чынам, маючы веды пра тое, якім вялікім дарам ёсць споведзь, нельга яе абясцэньваць. Падстава споведзі — гэта добры экзамен сумлення. Не можа быць так, што дарослыя людзі карыстаюцца тым, што было падрыхтавана для дзяцей першакамунійных! Я люблю «вячэраць» выдатным рахункам сумлення, які маю ў сваёй кніжачцы, але гэта толькі дапамога. Люблю пасядзець сам-насам і падумаць, што адбылося ў мяне ад апошняй споведзі. Гаворка ідзе не толькі пра грахі і катаванне сябе; гаворка ідзе пра тое, каб заўважыць, чаго я не зрабіў, што закінуў і як я магу гэта выправіць. Гаворка ідзе таксама пра тое, каб убачыць, што мне ўдалося зрабіць, з чым стала лепш, чаго я дасягнуў. Гэтыя плюсы ў выпрабаванні сумлення таксама важныя.

Часам пэўныя грахі і слабасці так моцна прыляпляюцца да чалавека, аж можа здацца, што мая споведзь нічога не дае, таму што яны вяртаюцца як бумеранг, часам нават з падвоенай сілай … Вось колькі разоў я падаю — столькі разоў павінен ісці і не знеахвочвацца паразамі. Гэта сатана хоча нас пераканаць, што мы такія слабыя, такія няўдачнікі, споведзь бессэнсоўная, і так усё гэта балота вяртаецца. Вось гэта яму і трэба. І яго нельга пакідаць задаволеным.

Што занадта, то нядобрае?

Калісьці да споведзі я хадзіў раз у месяц, перад першымі пятніцамі месяца. Пазней быў перыяд, калі я прыходзіў яшчэ радзей. Сёння стараюся хадзіць на споведзь часцей, кожны раз, калі ведаю, што я не ў стане асвячальнай ласкі. Я навучыўся гэтаму, калі пачаў барацьбу з брудам. Тады я заўважыў, што адкладванне споведзі роўнае ўваходжанню ў яшчэ большы беспарадак. Споведзь пасля падзення часта рабіла так, што наступнае падзенне адбывалася пасля доўгага часу, а затым і перастала адбывацца. Таму споведзь мае вялікую сілу. Таму споведзь дае вялікую ласку.

Споведзь — гэта Сакрамант

Я стараюся памятаць пра тое, што споведзь гэта сакрамант. Не люблю падыходзіць яго занадта хутка. Пазбягаю, як толькі магу, перадсвяточных «канвеерных» споведзяў. Стараюся ісці да перадсвяточнай споведзі ў такі момант, каб не мусіць хутка распавесці свае грахі ў чарзе іншых вернікаў. Гэта не заўсёды ўдаецца.

Стараюся таксама не прыступаць да споведзі падчас святой Імшы, хаця б не падчас той, у якой хачу прыняць удзел. Па маім перакананні, два сакраманты адразу — гэта шмат. Хоць, з іншага боку, калі я ведаю, што не будзе магчымасці прыступіць да споведзі ў бліжэйшы час, то вырашаюся і на такую, падчас Імшы.

Ідучы на ​​споведзь, мы ўсе — як марнатраўныя сыны з Езусавай прыпавесці. Юнак баяўся рэакцыі бацькі. Так і мы ўсе гэтага баімся. Але неабходна памятаць, што рэакцыя бацькі была поўная радасці і любові. Ён зрабіў свята ў гонар вяртання свайго сына. Такую ж радасць адчувае Езус, калі мы з нашым брудам прыходзім на споведзь. Чуеце? Ён, можа, нават вырабляе ў небе свята ў наш гонар!

Па матэрыялах CREDO і deon.pl

Пераклад catholicnews.by

для друку для друку