Чаму не ўсе хрысціяне ўшаноўваюць Маці Божую?

Аднойчы мой сябар пратэстант, наведаўшы касцёл, дзяліўся са мною сваімі ўражаннямі. «Усё ў вас так добра, хораша, па-Божаму, — казаў ён. — Адно толькі мяне насцярожвае: чаму вы — католікі — пакланяецеся Марыі?»

На маё пярэчанне, што католікі пакланяюцца толькі аднаму Богу і больш нікому, ён пачаў гаварыць, што бачыў у касцёле вернікаў, якія кленчылі перад абразом Маці Божай і маліліся. Калі я пачаў тлумачыць, што гэтыя людзі маліліся не Марыі, а Богу, а ў Марыі яны прасілі малітоўнай падтрымкі, то мой сябар быў вельмі здзіўлены. Пазней ён прызнаўся, што пасля той нашай размовы ўпершыню задумаўся над тым, што існуе розніца паміж рэлігійным пакланеннем, ушанаваннем і мальбой аб падтрымцы. Для яго стала сапраўдным адкрыццём, што просьба аб дапамозе і пашана да кагосьці — гэта не пакланенне.

Пытанне аб значнасці ролі Марыі — Маці Божага Сына — стала для майго сябра пратэстанта пачаткам адкрыцця сапраўднага аблічча веры Касцёла, якога ён раней не ведаў. Гэта таксама дапамагло яму зусім па-іншаму паглядзець на веру супольнасці, да якой ён дагэтуль належаў.

На чым жа грунтуецца такая папулярнасць Марыі ў малітоўным жыцці католікаў і праваслаўных? І чаму гэтую веру не падзяляюць нашы браты пратэстанты?

Першае, што варта адзначыць, — гэта распаўсюджанасць ушанавання Марыі ад самага пачатку існавання хрысціянства. Пра гэта сведчаць, між іншым, разнастайныя выявы Маці Божай з німбам над галавой на сценах старажытных катакомбаў, у якіх пакрыёма збіраліся на малітвы першыя хрысціяне, хаваючыся ад крывавых пераследаў. Пра ўшанаванне Марыі сведчаць шматлікія рукапісы аўтарытэтных старажытных хрысціянскіх аўтараў (св. Юстын, св. Ірэнэй, св. Яфрэм і інш.), а таксама апокрыфы (псеўдабіблійныя творы).

Паўтары тысячы гадоў (да XVI ст.) у хрысціянстве ніхто ўсур’ёз не сумняваўся ў слушнасці ўшанавання Марыі як Божай Маці і Заступніцы. Толькі ў V ст. прадстаўнікі руху нестарыянцаў паставілі пад сумнеў тытулы «Багародзіца» і «Маці Божая». Паводле меркавання нестарыянцаў, Марыя нарадзіла Езуса не як Сына Божага, а толькі як чалавека. Разважанне над гэтым пытаннем у кантэксце даследаванняў прыроды Хрыста (наколькі Ён — Бог, а наколькі — чалавек?) прывяло ў выніку да афіцыйнага тлумачэння Паўсюднага Эфескага Сабору (431 г.), які пацвердзіў слушнасць веры хрысціянаў у тое, што Езус ва ўсёй паўнаце Бог і Чалавек адначасова, непадзельна, і такім Ён нарадзіўся ад Марыі. У сувязі з гэтым Сабор прызнаў слушнасць традыцыйнага (ужо тады — у IV–V стст.!) тытулу Марыі — «Багародзіца» (пар. Дакументы Эфескага Сабору, № 250–251).

Калі ў XV–XVI стст. узнік пратэстанцкі рух, яго тагачасныя лідары выступілі з ідэяй «новага» хрысціянства. Не жадаючы разумець розніцу паміж ушанаваннем і пакланеннем, яны прыраўнялі культ святых (разам з імі і Марыі) да язычніцкага ідалапаклонства. Але асноўнай прычынай непрымання культу святых і Марыі было поўнасцю перавернутае (фактычна адкінутае) разуменне святасці, замененае на вучэнне аб прабачэнні (апраўданні).

Паводле традыцыйнай хрысціянскай веры (каталіцкай і праваслаўнай), святасць — гэта дасканаласць, дасягнутая ў працэсе ўзрастання ў адносінах з Богам, у выніку чаго адбываецца якасная перамена чалавека на глыбінным узроўні, які закранае асновы яго быцця. Пры ўзнікненні пратэстанцкага руху ў аснову яго веры быў закладзены своеасаблівы «юрыдычны падыход» у адносінах з Богам. Была адкінутая неабходнасць узрастання ў святасці. Замест яе была абвешчана неабходнасць апраўдання ў вачах Бога праз акт індывідуальнага прыняцця Божага прабачэння. У такой дактрыне не патрэбныя святыя, няма патрэбы ў памочніках ці пасрэдніках, бо ўсё зводзіцца толькі да акту прыняцця прабачэння на ўзроўні «я — Бог» (вінаваты — Суддзя). Той, хто прабачаны, больш нічога не патрабуе, бо мэта — апраўданне. Той, хто апраўданы, «святы», дасягнуў нейкага аптымальна неабходнага ўзроўню. Ён не мае неабходнасці ў працы над адносінамі з Богам, у нейкіх намаганнях дзеля глыбіннай перамены свайго «я», пошуку дадатковай успамогі ад найдасканалейшых душаў (святых) з па-за зямнога жыцця.

Менавіта разуменне вучэння аб святасці (дасканаласці) і прабачэнні (апраўданні) закранае сутнасць праблемы: чаму пратэстанцкія супольнасці адкідваюць неабходнасць у заступніцтве святых, у тым ліку Марыі? Усе іншыя аргументы, асабліва біблійныя, накшталт: «Святое Пісанне прамым тэкстам не гаворыць пра Марыю як Багародзіцу, Заступніцу, Беззаганна Зачатую або Унебаўзятую» — гэта псеўдааргументы для недасведчаных, бо Біблія шмат пра што не гаворыць прамым тэкстам, але гэта не значыць, што яно не існуе. Дактрынальнае вучэнне пра Марыю — гэта лагічныя высновы з Пісання, як і вучэнне аб Найсвяцейшай Тройцы. Цікава, што першае вучэнне заснавальнікі пратэстанцтва адкінулі, а другое — пакінулі. Чаму? Бо праблема не ў разуменні Бібліі, а ва ўспрыняцці дактрыны.

Хочацца таксама заўважыць, што глыбокая каталіцка-праваслаўная пашана да Марыі — гэта вынік не столькі нейкага інтэлектуальнага роздуму над Бібліяй, але перадусім канкрэтнага жыццёвага досведу Яе Матчынага заступніцтва і апекі. А неразуменне гэтага з боку братоў пратэстантаў па сутнасці вынікае з прынятай імі дактрыны аб дастатковасці апраўдання, а не ўзрастання ў святасці.

Кс. Андрэй Рылка, ave-maria

для друку для друку