Чаму мы робім знакі крыжа на лбе, вуснах і грудзях перад чытаннем Евангелля?

Трэба не толькі разумець, што гэты жэст азначае, але і ведаць, як яго правільна выканаць і ў які менавіта момант.

Жэсты, дзеянні і словы, якімі суправаджаецца Літургія Слова ў касцёле, павінны дапамагаць нам усведамляць прысутнасць Хрыста ў прамоўленым Слове і сакраментальны характар гэтага абвяшчэння. Сакраментальны — гэта значыць, які дае нам вопыт сустрэчы з Езусам, на самай справе жывым і прысутным у літургіі.

Тысячагадовы звычай

Адным з такіх жэстаў з’яўляецца крыжык, які мы робім па чарзе на чале, на вуснах і на грудзях непасрэдна перад слуханнем Евангелля. Якое значэнне мае гэты жэст, які быў вядомы ўжо ў IX стагоддзі?

Адназначна на гэтае пытанне адказаць складана. Гіпотэзы розныя, кожная з іх напэўна змяшчае нейкую важную інтуіцыю, што можа дапамагчы ў перажыванні гэтага знака як дзейснай часткі літургіі. Таму іх варта пазнаць.

Тры як Тройца

Ужо сам лік цалкам красамоўны. Тры — накіроўвае нас, відавочна, да Найсвяцейшай Тройцы. Слова, якое мы праз імгненне пачуем, — гэта слова Бога, Адзінага ў Тройцы. Слова, якое адбылося ад Айца і дзякуючы Святому Духу стала чалавекам, каб мы маглі яго зразумець і прыняць.

Уцелаўлёнае Слова, Езус Хрыстус дае нам у Евангеллі жыццё, якое з’яўляецца дарам Айца. А да прыняцця гэтага дару нас робіць здольнымі Святы Дух.

Знак хросту

Знак крыжа — гэта знак Хрыста. Такі ж «крыжык», як мы малюем пальцам на лбе, зрабіў нам на чале святар, а затым нашы бацькі ў дзень хросту. Гэта знак прыналежнасці да Бога, быццё Яго дзіцем.

Слухаючы Евангелле, мы пацвярджаем і аднаўляем у сабе аўтэнтычнасць вучняў Хрыста. Знак крыжа, які мы робім, павінен нам пра гэта нагадаць.

Ачышчальная купель у Слове

Хрост — гэта ачышчэнне ад граху. У гэтым кантэксце ўспамінаюцца словы, якія Езус сказаў вучням у Вячэрніку: «Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам» (Ян 15, 3).

Што цікава: прачытаўшы Евангелле, святар (або дыякан), цалуючы евангелярый, ціха кажа: “Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя”. Слова, якое мы чуем, ачышчае нас. Гэта не толькі інфармацыя, яно мае творчую моц — здзяйсняе ў нас рэальную перамену.

Бласлаўленне для тых, хто слухае

Знак крыжа з’яўляецца таксама знакам бласлаўлення. Яго знак на чале, вуснах і сэрцы азначае, што Слова, якое я слухаю, асвячае мяне, робіць блаславёным. Гэта таксама заклік да веры ў выслуханае Слова, якое мае моц здзейсніць мяне блаславёным, значыць шчаслівым. Гэта згодны з тым, што ўсклікнула святая Альжбета Марыі: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45).

«Высечанае» слова

Напісанне знака крыжа на сваім целе вялікім пальцам, моцным пальцам далоні, уключае ў сябе вобраз працягласці гэтага знака. Я пазначаю сябе гэтым крыжыкам так, нібы «высякаю» яго на сабе. Слова Божае, якое я слухаю, пакідае ўва мне трывалы след. Пачуўшы яго, я не буду такім жа. Гэта знак, што тое, што я пачуў, не так лёгка забываецца.

Лоб, вусны, грудзі – чаму менавіта яны?

Тут зноў маем некалькі адказаў. Лоб — гэта інтэлектуальнае жыццё. Вусны, якімі прымаем ежу, — гэта жыццё біялагічнае. Сэрца — гэта мой духоўны цэнтр, а таксама эмацыйнае жыццё. Слова Хрыста не адносіцца да часткі мяне, кавалачка з майго жыцця, а ахоплівае мяне цалкам. Той, Каго я прымаю ў Слове, сілкуе і насычае мой розум, цела і дух.

Іншае тлумачэнне кажа пра тое, што гэты патройны знак крыжа з’яўляецца дэкларацыяй імкнення зразумець пасланне Хрыста, рашуча і смела прызнаваць яго і верна захоўваць у сваім сэрцы.

Яшчэ адно разуменне кажа, што Евангелле, якое я слухаю, павінна пранізваць, чысціць і фармаваць з гэтага моманту мае думкі, словы і рашэнні.

Пячатка ўпэўненасці

Ёсць яшчэ адна — даволі цікавая — інтэрпрэтацыя гэтага знака. Яна паходзіць ад сцвярджэння, што крыж гэта знак перамогі Хрыста над д’яблам. Згодна з ёй, знак крыжа, пазначаны на лбе, вуснах і сэрцы, павінен зберагчы пачутае мной Слова ад таго, каб сатана яго не выкраў, аб чым перасцерагае нас Езус у прыпавесці пра сейбіта (гл. Мк 4, 15). Знак крыжа “запячатвае” пачутае і прынятае Слова, каб я яго не выпусціў.

Як гэта рабіць і калі?

Варта рабіць гэты жэст з разуменнем і стараннасцю. Не хутка і сяк-так, але з разуменнем, нават з намашчэннем (так!). Бо Слова, што я чую і разумею дзякуючы Святому Духу, намашчае мяне — вяртае мне годнасць дзiцяцi Божага і падкрэслівае гэта.

Таму — не абавязкова пальцам са сціснутага кулака, але адкрытай далонню, павольна і выразна. Добра таксама спачатку адказаць “Хвала Табе, Пане”, а потым ужо брацца за «напісанне крыжыкаў», таму што сам дыялог перад Евангеллем мае істотнае значэнне. На ім таксама варта засяродзіцца і выразна яго сказаць, што можа быць няпроста, калі менавіта ў гэты момант рабіць «крыжык» на вуснах.

І ўсё гэта — для таго, каб кожны раз глыбей і больш плённа перажываць факт, што Літургія Слова гэта не пабожнае чытанне, а размова з самім Панам.

Кс. Міхал Любавіцкі, pl.aleteia.org
Пераклад catholicnews.by

для друку для друку