Чаму мы не любім?

Хрысціянская любоў — гэта перадусім прыманне іншага чалавека. І ў гэтым кантэксце супрацьлегласцю хрысціянскай любові-прымання з’яўляецца непрыманне, варожасць. І гэтага вельмі шмат бывае ў нашых адносінах, у нашых супольнасцях. Часта парафіяльная супольнасць, асабліва маленькая, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго, можа быць вельмі нецярпімаю, асабліва да сем’яў, якія перажываюць унутраныя праблемы.

У касцёльнай супольнасці сям’я, пачынаючы ад самага яе стварэння, знаходзіцца пад асабліваю ўвагаю. Многія сутыкаліся з тым, што за спінаю (а можа, нават і ў твар) ім гавораць: «А што ж ты так доўга не жэнішся?», «А што ж ты ўсё яшчэ не замужам?», «Чаму вы так рана пажаніліся, яшчэ ж зусім маладыя?», «А чаму вы так доўга сустракаецеся? Лепш бы ўжо вяселле сыгралі хутчэй!». Вось так супольнасць «пакутуе» ад цікаўнасці, чакае новай «серыі» жывой «мыльнай оперы».

Калі дзеці растуць пры парафіі з самага маленства, то супольнасць часта сочыць за ўсімі падрабязнасцямі іх жыцця. І гэта не заўсёды падтрымка і не заўсёды любоў. Калі ствараецца новая сям’я, пачынаецца гарачае абмеркаванне таго, ці падыходзяць маладыя адно аднаму: «Залішне ўжо яна прыгожая для яго…», «Надта ён разумны, а выбраў такую, не вельмі»… Самае балючае — калі ў сям’і няма дзяцей: тады сужэнцаў пераследуюць пытанні ледзь не кожнага стрэчнага ў касцёле наконт таго, «калі ж яны збяруцца ўжо нараджаць» або «чаму нарадзілі толькі аднаго, эгаістам жа вырасце…» Асабліва гэта раніць жанчынаў, якія перажылі страту дзяцей. Хто ведае, колькі ў яе было выкідышаў, колькі разоў яна хацела быць маці і не змагла? Не будзеш жа кожнаму гэта тлумачыць… І замест далікатнай падтрымкі жанчыны часта трапляюць пад шквальны агонь пытанняў ад цікаўных парафіянаў. Гэта вялізны боль. Любяць у нас абмеркаваць і шматдзетныя сем’і: маўляў, «пра што яны думаюць, як яны ўсіх пракормяць?».

Наколькі было б прасцей сем’ям, якія толькі фармуюцца, думаюць пра свае сужэнскія адносіны і адносіны да дзяцей, пра сваю ролю на зямлі і місію, якую даверыў ім Бог, калі б у парафіі іх чакала падтрымка, а не асуджэнне, калі б яны адчувалі, што супольнасць моліцца за іх, якія б цяжкасці яны ні перажывалі. Прычым неабавязкова, каб уся супольнасць ведала сітуацыю ў дэталях — многае сапраўды варта давяраць толькі духоўнаму кіраўніку. Калі вы заўважаеце, што нешта не так, перажываеце і хвалюецеся, тады што перашкаджае вам памаліцца? Не варта дапякаць пытаннямі людзей, з якімі вы малазнаёмыя, на правах таго, што вы ходзіце ў адзін касцёл. Калі ж у вас даверлівыя адносіны з гэтай сям’ёю, лепш спытайце, чым можна дапамагчы, — гэта будзе больш па-хрысціянску, чым уносіць дадатковую трывогу ў іх жыццё, якое і так можа быць напоўненае трывогаю ў сувязі з рознымі праблемамі.

У многім такая сітуацыя непрымання і залішняй цікаўнасці ў парафіяльнай супольнасці ўзнікае таму, што нам «добра вядома», як павінна выглядаць хрысціянская сям’я, якія ў яе задачы і ролі. Сям’я — гэта саюз любові мужа і жонкі, пакліканых да стварэння новага жыцця і ўзаемнай дапамогі. Гэта муж, які любіць жонку, і жонка, якая любіць і слухаецца мужа.

У іх ідэальныя адносіны паміж сабою, у іх нараджаюцца ідэальна выхаваныя дзеці. Гэтыя дзеці заўжды добра паводзяць сябе ў касцёле: не бегаюць, не скачуць, не заходзяць у алтарную зону, уважліва слухаюць усю Імшу з самага маленства. Нам уяўляецца ідэалізаваная карцінка — такая сапраўдная Святая Сям’я…

Аднак нельга забываць, што гэты ідэал — святасць — тое, куды трэба ўвесь час імкнуцца хрысціянскай сям’і, але цяпер яна толькі на шляху да святасці, і ўсе мы далёка не ідэальныя. Ісці па шляху ідэалізацыі сям’і — значыць не даць ёй магчымасці росту, адразу паставіць ацэначную «пячатку» — вы не справіліся. Сям’я заўсёды знаходзіцца ў дарозе да святасці, і гэта нармальна, што ў яе ўзнікаюць штодзённыя задачы, праблемы, здараюцца непаразуменні, нават канфлікты. Калі сям’я расце і развіваецца, сужэнцы перажываюць розныя стадыі адносінаў. Дзеці па-рознаму перажываюць пераходныя перыяды ўзросту, і часам, калі дзеці маюць вельмі жывы характар і тэмперамент, у сям’і гэта можа ўспрымацца абвострана.

Пытанне пра тое, як супольнасць успрымае паводзіны дзяцей у касцёле, дарэчы, можа быць дадатковым стрэсам для сям’і. Бацькам часам няма куды падзецца ў патоку абвінавачванняў, што яны «не так» выхоўваюць сваіх дзяцей, што тыя «зусім не ўмеюць сябе паводзіць».

Сям’я, прыходзячы ў касцёл, часта апынаецца ў «кляшчах» гэтай ідэалізаванай карцінкі, сутыкаецца з дадатковым прэсінгам. А калі ў ёй сапраўды існуюць праблемы, тады атрымліваецца, што ціск на сям’ю ідзе і знутры, і звонку, і гэта вельмі цяжка перажыць. Здавалася б, хаця б у касцёле яны маглі б расслабіцца, прыйсці туды, дзе іх прымаюць і любяць, але не… Таму не дзіва, што вельмі шмат людзей, якія з дзяцінства або з маладосці далучаныя да касцёла, у сярэднім узросце, стварыўшы сям’ю, перастаюць хадзіць у касцёл. На іх ставяць штамп: «Не справіліся». Яны не змаглі стаць ідэальнымі, не змаглі знайсці сабе месца. Гэта датычыць нават тых сем’яў, у якіх няма вялікіх праблемаў. А што ж гаварыць, калі ў сям’і здарыўся разлад, разрыў або нават развод, калі хтосьці здрадзіў і пакінуў. Нават невінаваты бок могуць літаральна «закляваць» так, што ён будзе адчуваць сябе дрэнна. А той, хто стаў здраднікам у вачах парафіі, ці знойдзе сабе месца ў супольнасці Касцёла?..

Дзеля стварэння ідэальнай карцінкі касцёльнай супольнасці мы самі часта пачынаем адкідваць тых, хто ёй не адпавядае, бо ўсё не ідэальнае не мае права на існаванне, выкідаецца, асуджаецца. Хрысціяне павінны быць «такія і вось такія», а калі не — значыць яны не хрысціяне і ім няма месца ў касцёльнай супольнасці! Кожнаму варта задумацца падчас рахунку сумлення: наколькі я дазваляю іншым і сабе самому быць не ідэальнымі? Разумеючы ўласную неідэальнасць, можна пачаць з дапамогаю Божай ласкі распазнаваць яе і працаваць з ёю. Не разумеючы, нічога зрабіць немагчыма…

Задамо сабе некалькі пытанняў, нешта накшталт экзамену на хрысціянскую любоў. Як я стаўлюся да адзінокіх маці або разведзеных, або да тых, якія нарадзілі па-за шлюбам, якія прыходзяць з дзецьмі ў касцёл, прыводзяць іх на катэхезу? Ці стаўлюся я да гэтых дзяцей гэтак жа, як да дзяцей з поўных сем’яў? Можа, варта інакш паглядзець на гэтую сітуацыю? Нягледзячы на тое, што ў гэтай жанчыны па нейкай прычыне не склаліся адносіны, яна мела адвагу захаваць жыццё дзіцяці і асмелілася гадаваць і выхоўваць яго адна.

Як я стаўлюся да людзей, якія прыходзяць у касцёл і прыводзяць дзяцей, знаходзячыся ў паўторным сужэнстве або не будучы ў касцёльным шлюбе? Не сакрэт, што ў парафіі гэта часта людзі «другой катэгорыі». На іх паказваюць пальцам, іх абмяркоўваюць, за імі назіраюць. Мы не бачым і не цэнім станоўчага: можа, яны самі не гатовыя ўзяць шлюб, яшчэ знаходзяцца ў пошуку і не гатовыя да канца прыняць Божую ласку, аднак жа прывялі дзяцей у касцёл і прыйшлі самі…

Як я стаўлюся да змяшаных сем’яў: католіка і не католіка? Ці не лічу такія сем’і нявартымі? Ці прымаю я тых, хто, правёўшы некалькі гадоў у кляштары або ў семінарыі, вяртаецца ў свет і стварае сям’ю? Часта супольнасць не прымае іх, і такія людзі бываюць вымушаныя нават пакінуць сваю парафію (калі не Касцёл наогул!), каб знайсці месца, дзе ніхто не ведае абставінаў іх жыцця. А між тым яны часта ствараюць сапраўды вельмі добрыя, узорныя сем’і…

Як шмат людзей сутыкаецца з татальным непрыманнем у нашых парафіяльных супольнасцях! Калі мы такія поўныя любові хрысціяне, чаму ж мы тады не любім? Канцэнтруючыся на ідэальным вобразе, мы паводзім сябе, як фарысеі: «Дзякуй Богу, што я не такі, што мае дзеці ідэальныя, што ў маёй сям’і няма такіх праблемаў»…

Узгадваецца яшчэ біблійны вобраз пабеленых пахавальняў: мы любою цаною будзем рабіць выгляд, што ўсё добра, нават калі перад выхадам у касцёл між сабою пасварыліся ўсе члены сям’і. Што важней — рабіць выгляд ці прызнацца іншым і самім сабе, што мы не ідэальныя, але можам паспрабаваць нешта з гэтым зрабіць?

Добра, што існуюць Імшы спецыяльна для сем’яў з дзецьмі, дзе галоўныя — менавіта дзеці, для якіх вызначаюцца месцы каля алтара, для якіх прамаўляецца казанне, якія могуць паводзіць сябе як дзеці. Калі ж некаму гэта не падабаецца, можна прыйсці на Імшу ў іншы час. Для сужэнцаў ёсць шмат супольнасцяў унутры Касцёла, дзе ім дапамогуць умацаваць узаемаадносіны, напрыклад, Рух сужэнскіх сустрэчаў. Сем’і з дзецьмі знаходзяць падтрымку ў рухах факаляраў, «Святло-Жыццё», «Equipes Notre-Dame». Для адзінокіх людзей ёсць свае шляхі духоўнасці: трэція ордэны прымаюць у свой склад і сямейных, і несямейных людзей, не дзелячы іх на катэгорыі, прапануючы глыбейшае духоўнае развіццё. Пытанне, ці ёсць у нас нейкія рухі для разведзеных або для людзей у паўторным сужэнстве, якім таксама патрэбная душпастырская апека…

Калі вы адчуваеце ў сабе шчырае жаданне даваць іншым людзям прыклад, настаўляць іх, варта вучыцца рабіць гэта правільна і найперш — з любоўю. Калі вы хочаце разумець, што такое хрысціянская сям’я, і лічыце, што вашае пакліканне ў тым, каб вучыць сем’і і апекавацца імі, — варта пайсці на падрыхтоўку ў Катэхетычны каледж або «Школу сямейнага жыцця». У гэтым, а не ў асуджэнні, выявіцца ваша сапраўдная хрысціянская любоў. Кожнаму з нас неабходная падтрымка і малітва, і добра будзе, калі яе ўдасца знайсці ў парафіяльнай супольнасці, калі нашыя парафіі сапраўды стануць асяродкамі, поўнымі любові, дзе знойдзецца месца для кожнага чалавека, у якіх бы абставінах ён ні знаходзіўся на тым ці іншым этапе свайго жыцця.

Ірына Шмак, ave-maria.by

ave-maria.by

для друку для друку