Чаму Маці Божая ўшаноўваецца ў розных абліччах?

Чаму Маці Божая ўшаноўваецца ў розных абліччах (напрыклад Маці Божая Кангрэгацкая, Маці Божая Вострабрамская)? Кацярына, 22 гады

Адказвае кс. Дзмітрый Леўчык:

— Узгаданыя ў пытанні “абліччы” — гэта ўказанні на пэўныя падзеі ці месцы.

Напрыклад, «Маці Божая Вострабрамская» – гэта абазначэнне санктуарыя, дзе змяшчаецца цудатворны абраз. Варта адзначыць, што Каталіцкі Касцёл у сваім навучанні адносна культу абразоў падкрэслівае розніцу паміж хвалой, якую мы аддаем выключна Богу, і пашанай, выражанай да абраза ( KKK 2132).

У сваю чаргу, напрыклад, «Маці Божая Грамнічная» нагадвае пра падзею прынясення ў святыню Дзіцятка Езуса: Святла свету. Асвечаныя ў гэтае свята свечкі называюць «грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніц, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.

У выніку, спасылаючыся на розны змест, мы заўсёды звяртаемся да Маці Божай у адным абліччы: Марыі, Маці Езуса Хрыста.

grodnensis.by

для друку для друку