Чаму малітвы часам «не дзейнічаюць»

molitvaЯк малітвы ператвараюцца ў бессэнсоўны занятак.

Малітва — гэта самая праблематычная вобласць у маім жыцці з Богам. Для мяне сапраўдная праблема вылучыць час для малітвы. Мне цяжка знайсці адпаведнае месца для малітвы.

У мяне не атрымліваецца маліцца натхнёна пра сур’ёзныя рэчы з велізарнай верай. Я не магу выказваць сталасць у малітве і малюся недастаткова старанна. Я нават часам не малюся, калі даю абяцанне памаліцца за кагосьці.

Нядаўна я зразумеў, што мая самая вялікая праблема заключаецца ў тым, што я раблю ўсё па звычцы, на «аўтамаце». Мне падабаецца час сумеснай малітвы ў касцёле, таму што там я ўспамінаю, што маліцца трэба з верай і прадчуваннем адказу.

Мы збіраемся кожны тыдзень на гадзіну, і гэта сапраўды выдатны час. Адразу відаць, што ўсе прысутныя знаходзяцца ў чаканні цудаў. Таму што няма ніякай іншай на тое прычыны, каб людзі сотнямі прыходзілі ў адно месца пасярод працоўнага тыдня, каб памаліцца разам. Мы ўсе прыходзім туды для таго, каб убачыць, адчуць, як будзе дзейнічаць Бог.

Магчыма, вы падумаеце, што, калі ўжо чалавек ўкладвае столькі намаганняў дзеля малітвы, то напэўна чакае нейкага выніку. Але запэўніваю, цалкам магчыма і нічога не чакаць. У маім выпадку, справа не ў тым, што я не зусім давяраю сіле Божай; проста я ўвесь час упадаю ў спакусу ператварыць маё хрысціянскае жыццё ў спіс спраў з пустымі квадрацікамі побач, дзе я стаўлю галачкі «зроблена».

Я ператварыў малітвы ў рэлігійны абрад замест натуральнага следства маіх адносін з Богам. Замест таго, каб маліцца з чаканнем адказу ў сэрцы, я часцей за ўсё прамаўляю завучаныя збітыя фразы. Я, як дысцыплінаваны вучань — раблю правільныя рухі, а радасці не адчуваю — проста лічу гэта сваім абавязкам. Малітва без прадчування (чакання адказу) — гэта бяссільная малітва. І вось што я зразумеў, гледзячы на поўны касцёл людзей, якія маліліся — калі я малюся без прадчування, то я малюся без веры.

А малітва без веры — гэта і не малітва зусім, а пустая рэлігія. Малітва ніколі не ўваходзіла ў спіс спраў, і ніколі не была пустамеллем. На самай справе Езус папярэджваў наконт такой бяздушнай пустой малітвы без веры ў Мц 6:7: «молячыся, не кажыце лішняга, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя».

Малітва — гэта проста размова з Богам, у якой прысутнічае вера. Гэта дзеянне з нашага боку, калі мы ў пакоры прыходзім да Бога, які можа ўсё, са сваімі зямнымі просьбамі.

Я не думаю, што малітва павінна складацца з нейкіх адмысловых фраз або гучаць неяк па-асабліваму, каб нас пачуў Бог. Я не думаю, што трэба абавязкова замыкацца дзе-небудзь у зацішным месцы або станавіцца на калені. Я таксама не думаю, што Бога можа ўразіць доўгая малітва ці расчаруе кароткая. Я думаю, што Ён чакае ад нас сумленнасці і малітвы з верай, на якую мы толькі здольныя.

Мы можам заўсёды маліцца з прадчуваннем адказу таму, што Бог заўсёды чуе і адказвае. Ён не заўсёды адказвае «так», але ён заўсёды дае нам лепшае, што нам трэба, не важна, разумеем мы гэта ці не. Цім Кэллер кажа: «Бог або дасць нам тое, пра што мы просім, або тое, пра што б мы папрасілі, ведай мы ўсе падрабязнасцяў, як Ён Сам».

Ніколі не забывайце, што мы молімся Богу-Цудатворцу (Псальм 76:15). Богу, які ўваскрашае з мёртвых і ацаляе зломленыя сэрцы (Псальм 146:3). Богу, які робіць сляпых відушчымі і дае сілу слабым (Ісая 40:29). Богу, які можа зрабіць больш, чым мы можам уявіць або пра што можам прасіць (да Эфесцаў 03:20).

Малітва мае занадта вялікую сілу, каб ператвараць яе ў рэлігійны абрад або руціну.

grodnensis.by са спасылкай на Христиане

для друку для друку