Чаму католікі і праваслаўныя па-рознаму робяць “знак крыжа”?

Знак Крыжа здзяйсняўся ў раннехрысціянскай Царкве правай рукой (часта адным пальцам) на розных частках цела – напрыклад, на лбе, на грудзях або на вуснах (падобна так званаму малому крыжовым знаку, які католікі лацінскага абраду здзяйсняюць на Імшы перад чытаннем Евангелля).

Знак Крыжа паступова сфармаваўся як знак блаславення, і здзяйсняўся ён па-рознаму: адным ці некалькімі пальцамі або цэлай далонню. На помніках іканаграфіі – як на Усходзе, так і на Захадзе – дабраслаўляючая рука Езуса Хрыста, святых ці святароў намаляваная з выцягнутымі сярэднім і паказальным пальцамі (што сімвалізуе дзве прыроды ў Хрысце – чалавечую і Боскую), у той час як астатнія тры пальцы складзеныя разам. Часам знак крыжа здзяйсняўся трыма пальцамі – што сімвалізуе Найсвяцейшую Тройцу. Такім чынам, формы здзяйснення крыжовага знаку былі рознымі, і ўніфікаваліся яны паступова ў рамках асобных традыцый. Так што правільна было б казаць не столькі пра “каталіцкі” і “праваслаўны” знак крыжа, колькі пра розныя традыцыі: так, католікі ўсходніх абрадаў хрысцяцца сапраўды так, як і праваслаўныя. Ва ўсіх традыцыях спачатку здзяйсняецца вертыкальны рух рукой зверху ўніз, а затым гарызантальны: у некаторых злева направа, у іншых – наадварот.

Першапачаткова на Захадзе знак крыжа здзяйсняўся таксама, як і на Усходзе: справа налева, трыма пальцамі правай рукі. Сведчанне гэтаму можна знайсці ў тэксце Папы Інакенція III De sacro altaris mysterio. З часам гэтая практыка перайначылася, і знак крыжа стаў здзяйсняцца злева направа адкрытай далонню рукі. Пасля Трыдэнцкага сабора (XVI стагоддзе) гэты жэст быў зафіксаваны ў дакументах.

У візантыйскай традыцыі (у праваслаўных і католікаў візантыйскага абраду) знак крыжа здзяйсняецца справа налева трыма пальцамі, злучанымі разам – паказальным, сярэднім і вялікім, а два астатнія пальцы пры гэтым прыціснутыя да далоні. Тры злучаных пальцы, згодна з тлумачэннямі, сімвалізуюць непадзельную Тройцу, а два іншых пальцы – дзве прыроды Хрыста. Раней у візантыйскай традыцыі існавала іншая форма знаку крыжа – двума пальцамі. Яна захавалася па гэты дзень ў старавераў. Пры ім знак крыжа здзяйсняецца злучанымі разам паказальным і сярэднім пальцамі, а да далоні прыціснутыя тры астатнія пальцы. Гэта і было першапачатковай формай крыжовага знаку, якая прыйшла на Русь з Візантыі. Грэкі пасля замянілі хросны знак з двух пальцаў на тры, а ў Маскоўскай дзяржаве двума пальцамі хрысціліся да рэформы Патрыярха Нікана ў XVII стагоддзі. Стараверы, якія не прынялі рэформы Нікана, захавалі хросны знак з двух пальцаў.

Цікава, што ў праваслаўнай літаратуры дадзены розныя тлумачэнні сімволікі крыжавога знака. У некаторых крыніцах сцвярджаецца, што дотык да лба азначае асвячэнне нашага розуму, да жывата – нашых унутраных пачуццяў, а да плячэй – асвячэнне цялесных сіл. Сустракаецца і такое тлумачэнне: лоб азначае нябёсы, чэрава – зямлю, а гарызантальны рух ад пляча да пляча – тое, што Святы Дух ахоплівае ўсё, ад краю да краю.

Што тычыцца каталіцкіх тлумачэнняў сімволікі Крыжа, то перш за ўсё яны датычацца самога сэнсу здзяйснення гэтага знака. Так, святы Тамаш Аквінскі пісаў: “Знак Крыжа – гэта знак Мукі Хрыста, які мы здзяйсняем не проста для асвячэння або блаславення, але для вызнання нашай веры ў сілу Мукі Пана”. Для католіка здзяйсненне хроснага знаку – у любой яго форме, у любым абрадзе – азначае перш за ўсё абвяшчэнне прыналежнасці да Хрыста. Знак крыжа – гэта таксама вызнанне нашай веры ў Найсвяцейшую Тройцу, Айца, Сына і Духа Святога. Яно азначае нашу гатоўнасць прыняць свой крыж і рушыць услед за Панам; кожны раз, здзяйсняючы знак Крыжа, мы абнаўляем абавязкі нашага хросту.

Вольга Сакун
Руская рэдакцыя Vatican News
Пераклад з рускай мовы Змітра Лупача

для друку для друку