Чаму каталікі святкуюць Божае Нараджэнне 25 снежня?

Думка пра святкаванне нараджэння Езуса Хрыста несумненна з’явілася пад уплывам грэка-рымскай культуры. На гэтым культурным абшары існаваў звычай святкавання нараджэння ўладароў і славутых людзей. Не павінна была быць фактычная дата іх нараджэння, часта яна была сімвалічнай.

Калі ж гаворка ідзе пра Езуса Хрыста, то ўсе чатыры Евангеллі не падаюць такіх дадзеных, на падставе якіх можна было б устанавіць канкрэтную дату Яго нараджэння. Адсюль і звернута ўвага на сімвалічную дату 25 снежня – дзень зімовага сонцастаяння. Такім чынам гэты дзень стаў урачыстасцю нараджэння Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, як Сонца справядлівасці (Мл 4,2) і Святла свету (Ян 8,12). Яшчэ ў 274 г. Цэзар Аўрэлій (†275 г.), дзень 25 снежня, прызначыў на святкаванне Natale Solis Invicti (з лацінскай мовы: Нараджэння непераможнага сонца). У гэты дзень злучыліся два святы: хрысціянскае: Нараджэнне Езуса Хрыста і язычніцкае: нараджэнне сонца. Язычнікам не перашкаджала тое, што хрысціяне святкавалі ў гэты дзень Божае Нараджэнне, асабліва калі гэтае паганскае свята было адным з апошніх бастыёнаў паганства на тым геаграфічным абшары.

Новая ўрачыстасць Божага Нараджэння з’явілася ў адпаведны момант, таму што ў тым часе распаўсюджваліся хрысталагічныя памылкі. Асабліва Арый, які не прызнаваў Боства Хрыста. Нікейскі сабор (325 г.) абвясціў, што Езус Хрыстус, Сын Божы, Народжаны з Айца, прыняў цела і стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення. Абвяшчэнне на саборы гэтай праўды нашай веры было ўзмоцнена святкаваннем Божага Нараджэння. Праз гэтае свята народ Божы атрымаў апору для сваёй веры. Першыя сляды існавання ўрачыстасці Божага Нараджэння, знаходзяцца ў рымскім календары летапісца Фурыя Дыянізія Філокала (Filocalus) з 354 г.

З перыядам Божага Нараджэння таксама звязаны розныя звычаі: батлейка, вядомая з V ст., калядкі, якія спяваюцца на нашай зямлі з XVI ст., вігілійныя аплаткі (хлеб) – вядомыя нам з XVIII ст. як знак  любові і адзінства, асабліва ў сям’і; ялінка з падарункамі, вядомая ўжо з пачатку XIX ст., якая з’яўляецца сімвалам нязменнасці, вечнасці і вобразна паказвае Хрыста, прыходзячага з дарамі сваіх ласкаў.

Розніца ў святкаванні Божага Нараджэння паміж католікамі і праваслаўнымі толькі ў календары. Католікі святкуюць паводле грыгарыянскага календара (новы стыль), нашыя Браты і Сёстры – праваслаўныя, паводле юліянскага календара (стары стыль). Розніца паміж грыгарыянскім і юліянскім календарамі складае 13 дзён. Недакладнасць юліянскага календара прывяла да таго, што ў 1582 г. розніца з астранамічным календаром склала 10 дзён. Па прапанове вучоных Луіджы і Антоніа Лілія Папа Рымскі Грыгорый ХІІІ увёў новы каляндар — грыгарыянскі. 24 лютага 1582 г. Грыгорый ХІІІ выдаў булу “Inter gravissimas” (“Сярод найважнейшых”), у якой напісана наступнае: “Было клопатам нашым узнавіць раўнадзенства. Ад спрадвеку ўсталяванага ім месца Нікейскім Саборам, яно адышло на дзесяць дзён. І чатырнаццатаму месяцу вярнуць ягонае месца, ад якога ён на пяць дзён адыходзіць, а таксама ўстанавіць правілы, каб і ў будучым раўнадзенства і чатырнаццаты месяц з месца не зрушваўся… Таму вярнуць вясновае раўнадзенства, якое айцы Нікейскага Сабору ўстанавілі на 12-ы дзень перад красавіцкімі календамі (то бок 21 сакавіка), мы прадпісваем і загадваем з гэтага 1582 году”. Цяпер мы ўсе жывем паводле грыгарыянскага календара.

Сапраўды, бальшавікі ўжо ад 1918 года ціснулі на патрыярха Ціхана ў справе пераводу РПЦ МП на грыгарыянскі каляндар. У 1918 г. савецкая Расія перайшла на грыгарыянскі каляндар, а Руская Праваслаўная Царква захавала юліянскі каляндар да сённяшняга дня. Спроба ўвядзення новага стылю ўжо была здзейснена ў РПЦ МП патрыярхам Ціханам 15 кастрычніка 1923 года, але была адкінута вернікамі ды скасаваная ўжо 8 лістапада таго ж года, праіснаваўшы толькі 24 дні. Існуе свядомасць таго, што традыцыйны ў Рускай Праваслаўнай Царкве юліянскі каляндар больш святы, што ён з’яўляецца апорай духоўнасці — гэтыя перакананні маюць свае падставы. Да таго ж трыманне “старога стылю” было для праваслаўных архірэяў, святароў і вернікаў своеасабліваю формаю пратэсту супраць савецкай улады, якая ад лістапада 1917 года вяла сапраўдную вайну супраць Праваслаўнай Царквы. Юліянскі каляндар, уведзены ўжо амаль два тысячагоддзі таму, функцыянуе — у царкоўным сэнсе — дасканала. Ён, зразумела, недасканалы ў астранамічным сэнсе, але гэта ўжо іншае пытанне. Выкарыстанне ў Царкве юліянскага календара для святкавання Божага Нараджэння, як і іншых нерухомых святаў, аніяк не звязана з багаслоўскімі або дагматычнымі падставамі.

Вось таму і адзначаем гэтае агульнае свята для хрысціянаў у розныя дні.

На самой справе важна тое, што Мы – Хрысціяне (католікі, грэка-католікі, праваслаўныя і пратэстанты) памятаем і ўшаноўваем гэтую вялікую таямніцу нашай веры – Уцелаўлення Божага Сына. Божае Нараджэнне дало пачатак эры хрысціянства – эры любові і прабачэння!

а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды

для друку для друку