Апытанне: чаму Касцёлу патрэбныя манахі?

У першую нядзелю Адвэнту, 30 лістапада, у Паўсюдным Касцёле распачаўся Год кансэкраванага жыцця. У свеце налічваецца каля 950 тысяч манахаў і манахінь, а таксама тых, хто належыць да свецкіх інстытутаў і індывідуальных форм кансэкраванага жыцця. Чаму Касцёлу патрэбныя манаскія супольнасці, вырашыў даведацца “Каталіцкі Веснік”.

брат францішак капуцынБрат Францішак, капуцын:

– Манаскія супольнасці патрэбныя, бо гэта адказ на пакліканне з любові. Мэта кансэкраванага жыцця – несці Добрую Навіну, Уваскрослага Укрыжаванага. Пакліканыя асобы імкнуцца зрабіць сваім уласным спосаб існавання і дзейнасць Езуса, прыняць Яго стыль жыцця, пранікнуцца Яго духам. Імкнуцца прыняць Яго здзіўляльную логіку і сістэму каштоўнасцяў. Духоўная асоба разумее, што была знойдзена і пераменена Праўдаю і не можа гэту Праўду не абвяшчаць.
Манаскія супольнасці рэалізуюць пакліканне ў духу харызмату свайго заснавальніка. Безумоўна, сёння як ніколі людзі маюць патрэбу ў слове, але больш за ўсё – у сведчанні веры і надзеі.
Калі паглядзець і прыслухацца да людзей, то сістэма каштоўнасцяў абапіраецца на грошы і здароўе. Нават пажаданні, якія складаем, – «моцнае здароўе і многа грошай». Аднак рэдка пачуем: «жадаю Божага бласлаўлення». Таму вельмі важна, каб былі тыя, хто нясе Божую радасць.

Анастасія Субач: 

– Адразу магу сказаць, што ў Касцёле павінны быць манахі, манахіні і манаскія супольнасці!Анастасія Субач Дзякуючы ім Касцёл развіваецца, а значыць, жыве. Іх праца і простая прысутнасць сярод вернікаў дапамагае жыць з Богам, дазнавацца пра Яго ўсё больш і больш. Хто ж, калі не яны, будзе знаёміць людзей з Богам, дапамагаць знайсці правільны шлях? Яны даюць вялікі прыклад іншым, як можна пражыць сваё жыццё, як яго рэалізаваць. Кожны з іх, адказаўшы шчыра на заклік “так”, нясе Хрыста, дзеліцца Ім асаблівым чынам, так, як не зробіць ніхто з нас. Яны паказваюць сапраўдны прыклад шчырай малітвы. Дапамагаюць сваім прыкладам зразумець, што малітва – гэта сапраўдная зброя супраць выпрабаванняў. Сустрэўшы сапраўднага манаха або манахіню, пабываўшы ў манаскай супольнасці, адразу адчуваеш цяпло, шчырасць і радасць іх паклікання, забываешся пра свае цяжкасці, бо адчуваеш, як моцна цябе любіць Бог праз гэтых людзей, як Ён моцна абдымае.

Валерый БаброўскіВалерый Баброўскі:

– Касцёлу ў Беларусі патрэбныя манахі. З некаторымі я знаёмы: кармеліты, францішкане, салезіяне, марыяне. Я бачу, якую добрую духоўную фармацыю робяць для моладзі ў парафіях манаскія супольнасці. Маладыя людзі так добра духоўна напаўняюцца, і гэта вельмі прыемна. І малітва за Касцёл, за вернікаў вельмі патрэбная. Але таксама зараз у нас цяжкі стан у плане духоўнасці сярод моладзі, нават сярод тых, хто лічыць сябе католікам. Упэўнены, што манахі дапамогуць маладым людзям вырашыць шмат праблем і пытанняў. Дзякуючы духоўным асобам Касцёл будзе моцны.

Андрэй Далжонак:

– Манаскія супольнасці адназначна патрэбныя. Гэта людзі малітвы, якія ахвяравалі сваёАндрэй Далжонак жыццё Богу, а таксама і нам з вамі. У свеце ёсць шмат манаскіх супольнасцей. Некаторыя вядуць амаль закрыты лад жыцця, але закрытыя для свету, але не для Бога. Гэта людзі, якія кожную хвіліну моляцца за нас. І тут мала сказаць “дзякуй”, патрэбна малітва за іх, за пакліканні. Некаторыя супольнасці навучаюць дзяцей, забіраюць іх з лапаў цяперашняга злога свету. Бо калі не Касцёл, то, хутчэй за ўсё, вуліца з яе “каштоўнасцямі”. І не мае рацыі той, хто гаворыць, што хрысціянскае жыццё сумнае. Адназначна – не! Яно вельмі насычанае, разнастайнае. І за гэтым усім ёсць найперш Госпад, а Яго пакліканыя на гэтай зямлі ствараюць для нас гэтае хрысціянскае асяроддзе, напоўненае перш за ўсё любоўю.

сястра таццянаСястра Таццяна Гмыза, SJE:

– “Не вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся” (Ян.15,16). Манаскае пакліканне нараджаецца з таго, што Пан кліча чалавека. І гэта з’яўляецца вялікай таямніцай паміж Богам і асобай. Калі брат ці сястра складае манаскія шлюбы, то робіць гэта згодна са сваім пакліканнем, адказваючы на голас Хрыста. Манахі прысвячаюць сваё жыццё выключна Богу і таму з’яўляюцца для людзей знакам дзеяння Бога ў гісторыі чалавецтва. Жывучы ў вялікай сувязі з Хрыстом, законнікі ўзносяць радасці, праблемы, клопаты гэтага свету да Трону Бога, выпрошваючы патрэбныя ласкі. І таму кожная праца, якую можа выконваць свецкі чалавек (ці ў парафіі, ці дома, ці ў парафіяльнай супольнасці), мае іншы характар, таму што чыны манаха не належаць яму, а выключна Богу, таму што ён склаў сваё жыццё ў ахвяру Яму.

Ірына Грэйць

для друку для друку