- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Чаму касцёл забараняе кантрацэпцыю?

[1] “Чаму касцёл забараняе кантрацэпцыю? Лізавета.”

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

 – Паважаная Лізавета! Кантрацэпцыя належыць да складаных і яшчэ мала распрацаваных пытанняў у беларускамоўным тэалагічна-маральным навучанні. Дзякуй Богу за дар сямейных кансультантаў у шматлікіх парафіях, якія валодаюць адпаведнымі ведамі і могуць адказаць на шматлікія пытанні, звязаныя з тэалогіяй чалавечага цела, маральнасцю ды этыкай жанчын і мужчын, якія ўжо ў шлюбе або сур’ёзна думаюць пра яго. Жыццё вучыць, што не ўсе звяртаюцца да адпаведна падрыхтаваных спецыялістаў, ды не ў кожнай парафіі вернікі могуць атрымаць адказы на свае пытанні.

Клопат Касцёла пра чалавека

Касцёл у сваім вучэнні ніколі не выступае супраць чалавека, але імкнецца дапамагчы яму ісці па жыцці дарогаю святасці, таксама і ў галіне сексуальнасці, якую лічыць незвычайным дарам самога Бога. Любоў і каханне, пра якое часта кажа каталіцкае навучанне, мае цялесна-духоўны характар, а ў сужэнстве адным з найглыбейшых фактараў цялеснага праяўлення кахання з’яўляецца менавіта сексуальны акт. Касцёл успрымае пазітыўна не толькі чалавечую сексуальнасць, але таксама дадзеную Богам здольнасць самастойна кіраваць гэтай сферай свайго жыцця. Менавіта здольнасць самакіравання пры супрацоўніцтве з Божай ласкай робіць чалавечую асобу сапраўды свабоднай. Узгаданая здольнасць датычыць кожнага выбару. У гэтым адказе гаворка пойдзе пра кантрацэпцыю ў сужэнскіх адносінах, паколькі Касцёл лічыць, што на палавы акт маюць права толькі сужэнцы. Тым не менш спадзяюся, што пададзеная інфармацыя будзе карысная шырокаму колу чытачоў.

Сутнасць кантрацэпцыі

Тэрмін “кантрацэпцыя” паходзіць з лацінскай мовы і ў вольным перакладзе азначае “дзеянні супраць зачацця”. Прэпараты ці механічныя сродкі ставяць мэтаю перашкодзіць зачацце новага жыцця. Існуюць розныя віды кантрацэпцыі, сярод якіх можна вылучыць гарманальныя, хімічныя прэпараты, механічныя сродкі, а таксама стэрылізацыю. Усе яны ў разуменні Касцёла парушаюць канстытутыўнае вымярэнне чалавечай асобы, пазбаўляюць чалавека ўласцівай яму магчымасці панавання над сваімі чынамі і робяць яго прадметам маніпуляцыі.

Тут трэба адзначыць, што некаторыя віды кантрацэпцыі, як, напрыклад, унутрыматачная спіраль і гарманальныя прэпараты, асабліва так званая “экстранная кантрацэпцыя” насамрэч маюць абартыўны механізм дзеяння, бо перашкаджаюць прымацаванню аплодненай яйцаклеткі да паласціны маткі, у выніку чаго яна гіне. Такім чынам, зачацце адбываецца, аднак пад уздзеяннем гарманальных прэпаратаў або спіралі цяжарнасць не можа развівацца і эмбрыён памірае.

Вынікам і мэтаю выкарыстання сродкаў кантрацэпцыі ёсць выклікаць штучным чынам немагчымасць зачацця новага жыцця. Прычынай такога дзеяння з’яўляецца страх перад перспектывай мець дзіця пры адначасовым імкненні да атрымання цялеснага задавальнення. Дадзеная Богам здольнасць зачаць лічыцца многімі пагрозай і перашкодай шчасліваму жыццю. Кантрацэпцыя насамрэч дае перш за ўсё жанчыне, але таксама і мужчыну магчымасць ці часова, ці пастаянна стаць бясплоднымі. З іншага боку, вядома, што сама бясплоднасць – гэта хвароба, якая вельмі балюча закранае шматлікія пары.

Быў час, калі цяжарнасць лічылася і называлася блаславёным станам. Можа, варта да гэтага паступова вяртацца!

Навучанне Касцёла

Асноўным дакументам, які ясна тлумачыць навучанне Касцёла ў сферы сексуальнасці і адказнага бацькоўства, з’яўляецца энцыкліка бласлаўлёнага Папы Паўла VI Humanae vitae, якая была абвешчана напрыканцы шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя менавіта ў часе маштабнага распаўсюджвання кантрацэпцыі. Значны ўклад у хрысціянскую антрапалогію і маральнасць зрабіў святы Папа Ян Павел ІІ, асабліва сваімі разважаннямі на тэму тэалогіі цела. Варта заўсёды звяртацца да яго адгартацыі Familiaris consortio.

У сваім вучэнні Касцёл адрознівае дзве асноўныя функцыі цялеснага з’яднання мужчыны і жанчыны: першая – пракрэацыйная, якая служыць пераказванню жыцця, і другая – аб’яднальная, якая будуе адзінства ў шлюбе. Бласлаўлёны Павел VI у энцыкліцы Humanae vitae піша, што сужэнскі акт па сваёй найглыбейшай сутнасці цесна звязвае мужа і жонку, робячы іх здольнымі да нараджэння новага жыцця, згодна з правам, запісаным у самой натуры мужчыны і жанчыны. Папа не сказаў нічога новага, але прыпомніў традыцыйнае навучанне Касцёла, якое абапіраецца на прынцыпы Божага Аб’яўлення, натуральнага права ды здаровага чалавечага вопыту. Касцёл не ўстанавіў натуральнага і евангельскага права, але ахоўвае яго, тлумачыць і перадае чальцам Містычнага Цела Хрыста.

Касцёл усведамляе, што абарона недатыкальнасці маральнага права ў дачыненні да чалавечага кахання спрыяе ўмацаванню сярод людзей сапраўднай культуры жыцця, а таксама заахвочвае не адмаўляцца ад сваіх абавязкаў, не абапіраючыся на тэхнічныя меры там, дзе няма маральна абгрунтаванай неабходнасці. Узгаданыя вышэй два элементы палавога акта (аб’яднальны і пракрэацыйны) нельга ніколі раздзяляць. Такое сцвярджэнне не азначае, што Касцёл патрабуе, каб кожны сужэнскі акт заканчваўся зачаццем, бо гэта нават фізічна немагчыма. Дзякуючы біялогіі ведаем, што паколькі мужчына застаецца заўсёды плодны, то жанчына толькі ў акрэслены перыяд. У 16 пункце ўзгаданай энцыклікі Humanae vitae Папа вучыць, што, калі існуюць сур’ёзныя матывы ўстрымацца ад нараджэння дзіцяці, якія абумоўленыя альбо фізічным або псіхалагічным станам мужа і жонкі ці знешнімі абставінамі, дазваляецца сужэнцам улічваць натуральныя рытмы, уласцівыя рэпрадуктыўным функцыям арганізма, і ўступаць у шлюбныя адносіны толькі ў няплодныя перыяды. Такім чынам яны кіруюць колькасцю зачаццяў, не парушаючы маральныя прынцыпы, г. зн. не закрываюцца на зачацце. Кантрацэпцыя па сваёй натуры заўсёды супрацьстаіць зачаццю і новаму жыццю, выключае пракрэацыйны элемент сексуальнасці і нязгодная з Божым планам адносна чалавека.

Чалавек быў так створаны Богам, каб, выкарыстоўваючы натуральныя здольнасці арганізма, здолеў без дапамогі штучных сродкаў кіраваць сваім інтымным жыццём. Бог даў чалавеку натуру, якая сама па сабе можа інфармаваць пра свой стан. Чалавечая натура не толькі цялесная, але таксама духоўная і разумная. У выпадку здаровых людзей няма патрэбы ў аніякай штучнасці ў сексуальнай сферы. Тут месца сустрэчы медыцыны і тэалогіі. Першая кажа пра цела, а другая – пра Стваральніка. Кантрацэпцыя ставіць мэтаю змяненне Божага плану, імкнучыся раздзяліць дзеянне ад яго выніку. Насамрэч яна выцясняе Бога са сферы чалавечай сексуальнасці. Святы Ян Павел ІІ казаў пра Боскую генеалогію чалавека (genealogia divina), якая вырашае ўсе праблемы сужэнства і сям’і. Згодна з ёю жыццё стварае сам Бог, а чалавек умовы, у якіх яно можа зачацца. Вялікі Папа прыпамінаў неаднойчы, што цела кожнага чалавека святое, а цела жанчыны называў святыняй жыцця, яе ж – ахоўніцай жыцця. У сужэнскім акце прысутны Бог Жыватворца, Які дае жыццё.

Касцёл паказвае, што кантрацэпцыя адкрывае шырокую і лёгкую дарогу да сужэнскай нявернасці, непашаны да жанчыны, зводзячы яе да ролі прылады, якая задавальняе эгаістычную прагавітасць, памяншае або знішчае праўдзівую любоў.

Часта меркаванні, якія фарміруе кантрацэпцыя, вядуць таксама да дзеянняў, скіраваных наўпрост супраць жыцця, а менавіта да аборту. Пра гэта выразна гаворыць 17 пункт энцыклікі Humanae vitae. Навука Касцёла падкрэслівае таксама неабходнасць камуніі асоб (communio personarum), якой няма пры ўжыванні кантрацэпцыі. Святы Ян Павел ІІ напісаў, што мова цела патрабуе ўзаемнасці ў інтэгральнай праўдзе пра тое, што азначае. Калі штосьці гэтаму перашкаджае, то нельга казаць а ні аб праўдзе аддання сябе, а ні аб прыняцці з боку другой асобы.

Пазатэалагічныя аспекты кантрацэпцыі

Хоць характар адказу на пытанне перадусім тэалагічна-маральны, нельга абмінуць іншыя аспекты карыстання кантрацэпцыяй, на жаль, мала прадстаўленыя ў беларускамоўных публікацыях.

Шматлікія даследчыкі сцвярджаюць, што кантрацэпцыя, асабліва гарманальная, вельмі негатыўна ўплывае на здароўе маці і будучых дзяцей, таму што змяняе дзеянне арганізма, дакладней кажучы, адключаючы ўвесь натуральны цыкл у арганізме, а ў некаторых выпадках вядзе да сур’ёзных захворванняў. Медыцынская літаратура, якая паказвае наступствы кантрацэпцыі, апісвае шматлікія выпадкі сужэнстваў, якія праз кантрацэпцыю траплялі ў цяжкія псіхапаталагічныя станы і неўрозы, што ў сваю чаргу часам выклікала распад сужэнства. Існуе таксама меркаванне, што нават невялікія і схаваныя сямейныя канфлікты пад уплывам кантрацэпцыі становяцца вельмі вострымі і паглыбляюцца. Псіхолагі заўважаюць таксама, што пабочным вынікам кантрацэпцыі з’яўляюцца сімптомы трывогі, сексуальнай дысфункцыі і неўратычных разладаў адаптацыі. Псіхічнае здароўе дазваляе чалавечай асобе імкнуцца да найвышэйшых мэтаў і ажыццяўлення свайго паклікання ў адпаведнасці з прынятай сістэмай каштоўнасцяў. Усё, што спыняе чалавека ў яго развіцці, адначасова шкодзіць яго псіхічнаму здароўю і неаднойчы вядзе ў напрамку паталогіі.

Не без значэння ёсць таксама адмоўны ўплыў кантрацэпцыі на характар чалавека як асобы і яго адносіны да свету. Кантрацэпцыя перашкаджае развіццю ўнутранай свабоды, аўтарэфлексіі і адказнасці, якія вызначаюць асабістую сталасць. Адсутнасць адказнасці за кіраванне чалавечай плоднасцю вядзе да яе перанясення на тэхнічныя меры, што ў сваю чаргу прыніжае чалавека і яго годнасць. Пачуццё знявагі і несправядлівасці, з якімі сутыкаецца жанчына, выяўляецца ў расчараванні, адсутнасці даверу ці агідзе да мужа і ў далейшым можа прывесці нават да распаду сям’і.

Кантрацэпцыя і будучыня

Людзі, якія выкарыстоўвуюць розныя сродкі кантрацэпцыі, мяркуюць, што робяць сябе шчаслівымі ў дадзены момант. На жаль, такое меркаванне памылковае. Усё, што чалавек чыніць “сёння”, фарміруе будучыню. Вельмі важным пытаннем з’яўляецца ўплыў кантрацэпцыі на свядомасць моладзі. Калі адсутнічае сур’ёзная падстава і дапамога бацькоў (тут важныя таксама адпаведныя веды), тады малады чалавек лягчэй паддаецца адмоўнаму уплыву рознага кшталту рэкламы і часта фальсіфікаванай інфармацыі пра кантрацэпцыю. Сучасныя “пазасямейныя выхаваўцы” (інтэрнэт, тэлебачанне і іншыя) прапагандуюць сексуальнасць у адарванасці ад пракрэацыйнага элементу ды годнасці чалавека, а сам палавы акт падаюць як чыстае задавальненне. У такой перспектыве плоднасць не лічыцца дарам, але пагрозай, а нават ворагам.

Святы Ян Павел ІІ казаў, што ніколі нельга выкарыстоўваць іншага чалавека, нельга ставіцца да яго, як да прадмета або цацкі, нельга ўжываць чалавека. Гэта адносіцца да кожнага. Дапамогай у сферы сексуальнасці, як і ва ўсім жыцці, ёсць споведзь, якую трэба разумець як асабістую сустрэчу з Міласэрным Богам. Толькі Ён дае сілы да ўсё лепшага і больш годнага жыцця, Ён вядзе да святасці.