Чаму Касцёл не можа растлумачыць прычыны няшчасцяў, а экстрасэнсы могуць?

svechi “Чаму Касцёл не можа растлумачыць прычыны няшчасцяў і бедаў чалавека, а экстрасэнсы, на жаль, з гэтым выдатна спраўляюцца? Нават многія перастаюць хадзіць у касцёл і верыць у Бога”. Вернікі з Германавіч

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC:

– Пытанне існавання зла заўсёды цікавіла чалавека. І не толькі ў сэнсе філасофскім, як агульнай з’явы, прысутнай у свеце людзей, але таксама на ўзроўні штодзённага перажывання цярпення і болю. Мы, хрысціяне, адказ на пытанне, “чаму зло, няшчасці, беды, цярпенне існуюць у свеце”, знаходзім у Слове Божым. У ім адкрываем, што Бог не стварыў ні зла, ні цярпення, а прыйшлі яны ў свет пасля богаадступніцтва Адама і Евы. Цярпенне чалавека, кожнага з нас, – гэта вынік першароднага і нашага асабістага граху.

Касцёл услед за Словам Божым паўтарае і навучае, што нашае зямное жыццё не магчымае без выпрабавання і цярпення. Бог нам дае свайго ўкрыжаванага Сына як прыклад даверу ў болі, прыніжэнні і цярпенні. Толькі ў Ім і разам з Ім мы можам вытрымаць усе выпрабаванні.

У моманце цярпення паступаем вельмі па-рознаму: шукаем прычыны, наракаем на сябе або на іншых, наракаем на лёс і Бога, апускаем рукі, перажываем дэпрэсію, безнадзейнасць або, як біблейскі Іоў, праклінаем дзень нашага нараджэння… Сярод гэтых перажыванняў па старой беларускай, але абсалютна язычніцкай традыцыі хапаемся за саломінку – ідзём па параду да экстрасэнсаў, да бабак, варажбітак і г. д. Чаму? Бо паслуга гэтых людзей не патрабуе ад кліента ніякага высілку: плоціш – і атрымліваеш “эфект”, найчасцей кароткачасовы і сумнеўны адказ на тое, што з табой адбываецца. Такі візіт не будзе цябе змушаць маліцца, шукаць Бога і Яго плану для твайго жыцця, не будзе заклікаць да роздуму і пакаяння, а таксама да жыццёвых зменаў!

Рэцэпт Касцёла больш рэсурсна затратны: маліся, шукай, стукайся – і Бог адкажа. Але нават да святара мы прыходзім, як да шамана: ты памаліся за мяне! Не, гэта ты сам пачні маліцца, каяцца, шукаць, увайдзі ў адносіны з жывым Богам! За гады святарскага служэння я не бачыў людзей, пакінутых Богам, але бачыў Бога, пакінутага людзьмі…

Калі б экстрасэнсы мелі адказ на пытанні чалавека, то храмы стаялі б пустымі. Іх паслуга – гэта звычайнае шарлатанства або выразны ўдзел у справах злога духу. Менавіта пасля такіх сеансаў павялічваецца колькасць людзей, якія патрабуюць заступніцкай малітвы святара або нават малітвы экзарцыста. Пасля такой “выдатнай” паслугі і верым мы не ў Бога жывога, а ў забабоны, у замовы, сурокі і г. д.

Няхай перасцярогай для вас будзе строгасць Старога Запавету, які наказваў каменаваць кожнага, хто займаўся магіяй, чараўніцтвам, выкліканнем духаў. Можам дадаць яшчэ лячэнне энергіяй, экстрасэнсорыкай, варажбой, прадказваннем будучыні, шаптаннем… Дзеі святых апосталаў нагадваюць, што знакам навяртання ў веру, у Езуса Хрыста ў некаторых мясцовасцях было публічнае спаленне магічных кніг.

для друку для друку