Чаму Бог прабачае грахі і дзе знаходзіцца мяжа Божай міласэрнасці?

Чаму Бог прабачае грахі і дзе знаходзіцца мяжа Божай міласэрнасці? Ірэна, 37 гадоў

На пытанне адказвае кс. Віталій Дабраловіч:

– Шукаючы адказы на пы­танні, звяртаешся да тэкстаў Святога Пісання. Ужо ў Старым Запавеце можна заўважыць вялікую міласэрнасць Бога да свайго народа. Колькі разоў людзі адварочвалі свае галовы і сэрцы ад правай дарогі. Колькі разоў яны падалі ў сваіх грахах, але Бог кожны раз ім прабачаў і падымаў іх з балота правіннасцей. “А ў Пана Бога нашага міласэрнасць і прабачэнне, хоць мы бунтаваліся супраць Яго і не слухаліся голасу Пана Бога нашага…” (пар. Дан 9, 9-10).

На працягу ўсёй гісторыі Ізраэльскага народа мы бачым вялікую любоў Бога да чалавека. Але трэба адзначыць, што гэтая любоў не была звычайнай любоўю. Яна была перапоўнена клопатам выхавання ва ўсіх аспектах жыцця. “Не хацеў Бог караць нас потым, калі мы дасягнём канца грахоў. Ён ніколі не забірае ад нас сваёй міласэрнасці, хоць выхоўвае нас праз праследаванні, аднак не пакідае свайго народа” (пар. 2 Мак 6, 15-16). Ужо ў Старым Запавеце Бог нібы дае прыклад таго, што мы павінны рабіць у сваім жыцці. Здавалася б, чалавек павінен гэта разумець і пераймаць словы Бога, але ён і далей упарты.

Бог Айцец ідзе далей у сваёй міласэрнасці – пасылае нам свайго Сына. Што робіць Езус, праходзячы праз гарады і вёскі? Ён праз прыпавесці (пра блуднага сына, пра згубленую авечку і згубленую драхму) падкрэслівае вялікую міласэрнасць Бога да кожнага чалавека. Больш таго, Ён сваім прыкладам вучыць Апосталаў з адкрытым сэрцам выходзіць насустрач іншаму чалавеку. “І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач. Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра” (Мц 9, 35-36).

Найбольшую міласэрнасць Бог праявіў у смерці і ўваскрасенні Езуса Хрыста. Чалавек не мог сабе нават уявіць, што Стварыцель усяго свету складзе такую вялікую ахвяру за чалавека і для чалавека.

На працягу гісторыі Касцёла мы можам сустрэць шмат прыкладаў прысутнасці Божай міласэрнасці ў жыцці розных святых. Аднак, калі мы чытаем “Дзённік” сястры Фаустыны Кавальскай, то не толькі бачым прыклад самой сястры, але і чуем наказ Хрыста: “Жадаю, каб святары абвяшчалі Маю вялікую міласэрнасць у адносінах да душ грэшных. Няхай грэшнікі не баяцца прыблізіцца да Мяне. Паліць Мяне полымя міласэрнасці, хачу яе выліць на людскія душы” (пар. Дз 50).

Мы можам пераглядзець шмат старонак гісторыі ў пошуках прысутнасці Божай міласэрнасці. Можна нават сустрэць самога Бога ў вобразе святых. Аднак, моцным вопытам і прыкладам міласэрнасці застаецца нашае ўласнае жыццё. Колькі разоў мы падаем у сваіх грахах, колькі разоў адчуваем дрыжанне нашага сэрца, калі ідзём да канфесіянала, каб папрасіць прабачэння, і як жа моцна радуецца нашая душа, калі мы чуем словы Хрыста: “Адпускаюцца табе грахі твае. (…) Вера твая ўратавала цябе” (пар. Лк 7, 48-50).

Кожны з нас цешыцца, калі адчувае міласэрнасць у адносінах да сябе. Але праўда ў тым, што Бог жадае ад нас большага: каб тое, што Ён робіць нам, мы навучыліся рабіць нашым бліжнім. Ён чакае, калі мы выйдзем у свет і зробім так, як рабіла Маці Тэрэза з Калькуты. Яна часта казала: “Я звычайны інструмент у руках Бога. Калі я ўчыніла штосьці добрае, гэта не мая заслуга. (…) Я звычайная манахіня, якіх шмат. Бог даверыў мне пэўную місію, і я стараюся рэалізаваць яе, як мага лепш. Але ўсё гэта робіць Ён. Езус любіць жабракоў, яны Яго ўмілаваныя дзеці. Ён сам, прыйшоўшы ў свет, нарадзіўся ў беднай сям’і і самыя прыгожыя словы адрасаваў жабракам. Трэба казаць пра іх, а не пра мяне. Я нічога не значу”.

Мы пытаемся, дзе мяжа Божай міласэрнасці, і, разважаючы, ўсведамляем, што чалавек не ў стане гэтага зразумець. Ён не можа нават наблізіцца да зразумення мяжы Божай міласэрнасці. Аднак, праўда тое, што чалавек можа змясціць пачуццё міласэрнасці ў рамкі свайго ўласнага жыцця. Тое, наколькі мы дазваляем Богу ўвайсці ў нашае жыццё і рабіць дабро праз нас, з’яўляецца адказам на пытанне, дзе знаходзіцца мяжа Божай міласэрнасці ў нашым асабістым жыцці.

Быць міласэрным – значыць умець спачуваць пакутуючым, умець падаць далонь дапамогі патрабуючым, умець падараваць сваё сэрца іншаму…

Вельмі многае ў нашым жыцці выплывае з пачуцця міласэрнасці. Аднак, гэта было б немагчымым, калі б Бог з самага пачатку гісторыі чалавека не адкрыў яму вялікую навуку любові. Любові, якая засеяна маленькімі зярнятамі ў душы кожнага чалавека. Нашае заданне – выхаваць пачуццё Божай міласэрнасці ў сваім жыцці і перадаць сучаснаму свету.

Бог палае полымем міла­сэрнасці і хоча выліць яе на ўсіх нас, а мы толькі павінны стаць пад кроплі гэтага дажджу.

grodnensis.by

для друку для друку