Чаму беларусы чакаюць Папу?

Падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка, адзначыў, што каталіцкая супольнасць нашай краіны заслугоўвае прыезду Пантыфіка.

А чаму беларускія католікі чакаюць Папу?

Alaksandar GlekauАляксандр Глекаў:

– “Беларусь чакае Папу!” – гэтыя словы гучалі падчас тэлемосту з Ватыканам у мінскай катэдры ў 2008 годзе, суправаджалі Дзяржаўнага Сакратара Папы Рымскага Тарчызіа Бэртонэ падчас яго візіту сем гадоў таму назад і вось цяпер з новай сілаю былі звернуты да П’етра Параліна, які змяніў кардынала Бертонэ на пасадзе Дзяржсакратара.

Так, Беларусь чакае Папу! Папа Рымскі – вельмі значная асоба ў міжнароднай супольнасці. Для краіны візіт кіраўніка Каталіцкай царквы шмат значыць у дыпламатычным плане. Для Беларусі, якая знаходзіцца на фактычнай мяжы праваслаўя ды каталіцтва, гэта яшчэ адзін шанец нагадаць, што тут мірна суіснуюць розныя галіны хрысціянства ды іншых рэлігійных рухаў. Беларускія каталікі чакаюць Папу, бо гэта магчымасць прывітаць кіраўніка Касцёла на сваёй зямлі. Такі візіт стане пацвярджэннем таго, што пра іх памятаюць на такім высокім узроўні, памятаюць, нягледзячы на тое, што паводле колькасці ўсіх людзей у свеце, каторыя вызнаюць каталіцкую веру, беларусаў – кропля ў моры. Але ўжо адным сваім існаваннем каталікі Беларусі сцвярджаюць, што вера ў Бога можа ператрываць цяжкасці, прыгнёт, гады атэізму. Дзякуючы нашым дзядулям і бабулям чвэрць стагоддзя таму ў касцельных сценах загучала малітва замест разнарадкі, мяхі з зернем саступілі месца алтарам. І таму Папа Рымскі ў Беларусі – гэта падзяка нам за адноўленую веру ў Бога і ў людзей.

Для мяне магчымы візіт Папы ў Беларусь – гэта сапраўднае свята. Свята сустрэчы з чалавекам, што сваім прыкладам паказвае, як трэба наследаваць Хрыста ў жыцці. Свята вызнання веры. Спадзяюся, Беларусь дачакаецца Папу. І я разам з ёй.

Кацярына Качарго:Kaczargo K

– Я вельмі чакаю сустрэчы з Папам, бо праз яе мы зможам узмацніць сваю веру. Я пераканана, что сустрэча з ім натхніць кожнага верніка, дапаможа яшчэ мацней паверыць у Бога, адкрыць для яго свае сэрцы. Хочацца проста памаліцца разам з Папам. Бо, магчыма, праз яго мы зможам знайсці адказы на нашыя пытанні. Хочацца, каб ён убачыў сваімі ўласнымі вачыма нашу краіну, веру і любоў да Бога і бліжніх. Спадзяюся, што добры і міласэрны Бог пачуе нашыя малітвы, і Папа Францішак прыедзе ў Беларусь!

dzijana lapuszynskajaДзіяна Лапушынская:

– Напэўна, кожны беларускi католiк хацеў бы сустрэцца з Папам. Усе мы вельмi чакаем вiзiту Святога Айца ў нашу краiну. Каб усе разам з Папам маглi памалiцца за сваю краiну на роднай зямлi. Гэта была б вельмi значная падзея для ўсiх вернiкаў Беларусi. Папа, з’яўляючыся наступнiкам святога Пятра i намеснiкам Хрыста, таксама i пастыр усяго Касцёла на зямлi. Сустрэць i ўбачыць Папу – азначае сустрэць нашага пастыра, якому нас даручыў Хрыстус. Папа – гэта той чалавек, якi мае вялiкую сувязь з Богам. Святы Айцец з’яўляецца для ўсiх нас прыкладам любовi i ахвярнага служэння Богу i ўсяму Касцёлу. Ён паказвае нам, як мы павінны любіць Бога і сваiх блiжнiх.

Я таксама вельмi чакаю вiзiту Папы ў Беларусь. Хочацца ўбачыць Папу, пачуць яго словы, убачыць яго цёплы i добры позiрк, дабразычлiвую ўсмешку, паразмаўляць з iм i падзякаваць яму за самаахвярнае служэнне, а таксама за тое, што даносiць да ўсiх слова Божае. Уражвае тое, што Папа, нягледзячы на яго высокi ранг, застаецца вельмi простым чалавекам i адкрытым для ўсiх. Святы Айцец сваiм уласным прыкладам паказвае веру i пакору сапраўднага хрысцiянiна.

Папа мае “вялiкае” i вельмi добрае сэрца, якое напоўнена любоўю да Бога, Касцёла i блiжнiх, здольнае дадаць веры кожнаму з нас. Святы Айцец умее знайсцi кантакт як са старэйшымi, так i з моладдзю. Папа ўдзяляе шмат увагi людзям, асаблiва бедным, пакiнутым i хворым, усiм тым, каму найбольш патрэбна падтрымка i дапамога. Гэта па-сапраўднаму вельмi добры, адкрыты, справядлiвы i мудры чалавек, якi з’яўляецца для мяне прыкладам сапраўднай i адданай любовi да Бога i блiжнiх. Не сумняваюся, што сустрэча з Папам пакiне на ўсё жыццё глыбокi след у душы кожнага чалавека. Будзем з надзеяй малiцца, каб Папа наведаў нашу краiну.

Дзмітрый Кастрыцкі:Kastrycki

– Пасля візіту ў Беларусь прадстаўніка Ватыкана П’етра Параліна я даведаўся пра магчымасць прыезду Папы Францішка ў нашу краіну і быў вельмі ўсцешаны з гэтай навіны. Беларусь, напэўна, адзіная краіна ў Еўропе, якую ніколі не наведваў Папа, нягледзячы на вялікую колькасць каталіцкіх вернікаў. Але цяпер такая магчымасць з’явілася. Асабіста для мяне гэты прыезд мае вялікае значэнне не толькі як для звычайнага грамадзяніна, але як і для верніка. Памятаю з маленства, як разам з сям’ёю мы глядзелі па тэлевізары святочныя набажэнствы з Ватыкана з удзелам Папы Яна Паўла ІІ. Заўсёды была мара ўбачыць усё гэта ўжывую, пачуць яго цудоўныя казанні падчас набажэнства. Цяпер у Ватыкане новы кіраўнік – Папа Францішак, які таксама з’яўляецца прыкладам для ўсіх хрысціян. Чакаю і малюся Богу аб яго хуткім прыездзе ў Беларусь.

Sadouskaja MaryjaМарыя Садоўская:

– Яшчэ ніколі не выпадала на лёс беларускага народа, каб нашу краіну наведаў Папа. Менавіта таму гэта вельмі хвалюючы момант. Я вельмі чакаю Папу Францішка, бо ён з’яўляецца намеснікам Хрыста, нястомна прапаведуе любоў, радасць і супакой, якімі ахвотна дзеліцца з іншымі людзьмі, незалежна ад веравызнання, матэрыяльнага становішча, сацыяльнага статусу. Папа дае нам прыклад сапраўднай, жывой веры, натхняе на змаганне з грахом і як праўдзівы тата любіць нас. Улічваючы складаную палітычную сітуацыю, якая склалася на тэрыторыі суседніх дзяржаваў, я веру, што Папа дапаможа яе вырашыць з мірам. Урэшце, Папа атуліць сваім блаславеннем і малітвай нашу збалелую ад войнаў і пераследаў беларускую зямлю!

Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Падчас афіцыйнага візіту кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Папы, адзначыў, што каталіцкая супольнасць нашай краіны заслугоўвае прыезду Пантыфіка. А чаму беларускія католікі чакаюць Папу?

1. Бо Папа – найвышэйшы кіраўнік Касцёла, сустрэча з ім – права кожнага католіка; 94 галасы

2. Я проста вельмі люблю Папу Францішка! 92 галасы

3. Візіт Папы паспрыяе Касцёлу ў правядзенні больш шырокай рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі; 81 голас

4. Бо ніводзін Папа яшчэ не быў у Беларусі;31 голас

5. Папа мае высокі аўтарытэт у свеце, яго візіт узніме міжнародную значымасць Беларусі; 8 галасоў

6. Гэта дапаможа нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Захадам;7 галасоў

7. Іншы адказ. 5 галасоў

Усяго: 318 галасоў

для друку для друку