Чаму Апошні Суд называюць страшным?

“І ў яго святле будуць хадзіць народы” (Ап 21, 24). Між іншым, гэтымі словамі апісаны дзень Апошняга Суда. Мне здаецца, такое выказванне выклікае радасць і супакой. Чаму ў такім выпадку дзень Суда называюць страшным?

Аляксандр, 21 год

На пытанне адказвае кс. Чэслаў Паўлюкевіч:

Бог – гэта святло, якое азорыць сусвет у дзень Апошняга Суда. У  гэтым святле страшна будзе стаць таму, хто “брудны”, таму што ўсе яго “плямы” адразу стануць бачныя. Улічваючы, што ніхто з нас не без граху, Апошні Суд сапраўды можа прыняць жахлівае аблічча. Можа, але не павінен.

Па-першае, трэба памятаць, што шанс на збаўленне мае кожны. Толькі ад  чалавека залежыць, як з ім паступіць Бог: літасціва ці справядліва. Калі чалавек шукае Бога міласэрнага, то павінен аказваць міласэрнасць свайму бліжняму. А калі ён гэтага не робіць – яго чакае справядлівы суд, інакш кажучы, страшны, бо чалавек павінен будзе адказаць за свае правіны.

Па-другое, Усявышні да апошняй секунды жыцця асобы дае ёй шанс раскаяцца ў грахах і заняць сваё месца ў Божым Валадарстве. І гэта не тэорыя, а практыка. Доказам з’яўляецца гісторыя пра двух злодзеяў, якіх укрыжавалі побач з Езусам: адзін з іх выкарыстаў свой шанс, другі – не.

grodnensis.by

для друку для друку