Чаго чакае Папа ад Года Міласэрнасці?

RV5590_ArticoloПапа Францішак даў інтэрв’ю афіцыйнаму часопісу Юбілейнага Года Міласэрнасці “Credere” (Верыць), у якім распавёў пра свае чаканні ад гэтай важнай падзеі ў жыцці Касцёла.

У першую чаргу Пантыфік заўважыў, што рашэнне аб абвяшчэнні Юбілею не прымалася раптоўна. Тэма міласэрнасці пачала акцэнтавацца ў жыцці Касцёла яшчэ падчас пантыфікату Паўла VI. Св. Ян Павел ІІ яшчэ больш падкрэсліў яе значэнне праз выданне энцыклікі “Dives in misericordia”, кананізацыю св. Фаўстыны Кавальскай і ўстанаўленне свята Божай Міласэрнасці. “Згодна з гэтай лініяй, я адчуў, што Пан прагне паказаць людзям сваю міласэрнасць. Таму, ідэя не ўзнікла ў маёй галаве. Я падхапіў адносна нядаўнюю, але заўсёды існуючую традыцыю і зразумеў, што неабходна было зрабіць нешта, каб працягнуць яе”, — сказаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што яшчэ ў першыя дні пантыфікату нямецкі кардынал Вальтэр Каспер падарыў яму некалькі кніг, прысвечаных Божай міласэрнасці. Менавіта аб гэтым ён казаў у сваёй першай гаміліі ў ватыканскай парафіі св. Ганны, а таксама ў першым разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Відавочна, што сённяшні свет мае патрэбу ў міласэрнасці, мае патрэбу ў спачуванні, перакананы Папа.

У інтэрв’ю Святы Айцец звярнуў увагу на прызвычаенасць свету да кепскіх навін і вялікіх злачынстваў, якія абражаюць імя Бога.

Папа прызнаўся, што пад уплывам усёй гэтай сітуацыі ў яго галаве з’явіўся вобраз Касцёла, як шпіталя на полі бітвы. Ён патлумаўчы, што існуе шмат цяжка параненых людзей, якіх трэба тэрмінова “лячыць, а не высвятляць, які ў іх узровень халестэрыну”.  Паводле Францішка, надыходзячы Юбілей Міласэрнасці павінен стаць часам прабачэння і паяднання.

Святы Айцец нагадаў, што адчувае сябе грэшнікам, на якога Бог паглядзеў з міласэрнасцю, чалавекам, якому было шмат прабачана, і таму часта разважае над сваімі грахамі і памылкамі і спавядаецца кожныя 15-20 дзён.

Ватыканскае радыё

для друку для друку